Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БУДЗЕ ЧАЛАВЕК ПРАЗ 20-30 ГОД ЖЫЦЬ ПА 100-120 ГАДОЎ?


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міфу Тыфоніўс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у Багоў несьмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё ператварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці? Як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць? Пра гэта ў перадачы Міколы Іванова “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

Сёньня Ўсясьветны дзень здароў’я, які праводзіць ААН. Сёлета ён праводзіцца пад лёзунгам “Здароў’е для ўсіх у ХХІ стагодзьдзі”.

Гэты дзень – нагода для Ўсясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я зьвярнуць увагу ўрадаў дзяржаваў сьвету і грамадстваў паасобных краінаў на тое, што дасягненьне высокага ўзроўня здароў’я кожным жыхаром плянэты зьяўляецца адным з галоўных правоў чалавека, зафіксаваным у Статуце ААН. Усясьветная арганізацыя аховы здароў’я праводзіць па ўсім сьвеце шматлікія мерапрыемствы (навуковыя канфэрэнцыі, дні адчыненых дзьвярэй у шпіталях, мэдычных інстытутах і ўнівэрсытэтах, кампаніі вакцынаваньня дзяцей у краінах трэцяга сьвету. Галоўная мэта Дня здароў’я – распаўсюджваньне ідэяў аб тым, што менавіта паляпшэньне стану здароў’я людзей зьяўляецца адной з галоўных канчатковых мэтаў сацыяльнага і эканамічнага разьвіцьця.

Жыць доўга і ў добрым здароў’і – натуральная патрэба чалавека. І, здавалася б, мэдыцына робіць усё магчымае, каб гэтая патрэба ажыцьцяўлялася. У ХХ стагодзьдзі былі практычна цалкам выкаранёныя шматлікія небясьпечныя хваробы. Але адначасна некантраляваны эканамічны рост, спажывецкая псыхалёгія, якая пануе сёньня ў грамадзтвах амаль усіх краінаў сьвету, і патрэба высокіх прыбыткаў ствараюць глебу да зьяўленьня новых хваробаў, якія называюць часам цывілізацыйнымі. Чалавек хоча быць здаровым, але адначасна шмат робіць дзеля таго, каб псаваць сваё здароў’е. Ці ёсьць выхад з гэтага цывізізацыйнага парадоксу? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да прэсавага сакратара Эўрапейскага цэнтру Ўсясьсьветнай арганізацыі аховы здароў’я Франкліна Апфэльда. Вось што ён мне адказаў:

(Апфэльд: ) “Галоўнае заданьне Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я – зрабіць праблему здароў’я чалавека прыярытэтнай. Ня можа быць ніякага прагрэсу чалавецтва без здароў’я. Мерай посьпеху нашага грамадзтва можа быць толькі колькасьць здароў’я, створанага для жыхароў плянэты і для самой плянэты. Што ж датычыць парадоксу, пра які вы гаворыце, сапраўды маторам прагрэсу сёньня зьяўляецца эканамічнае разьвіцьцё. Але створаныя на плянэце багацьці не заўсёды справядліва распаўсюджваюцца. У нас столькі людзей, якія галадаюць. Мільёны людзей пакутуюць, маюць праблемы з доступам да асноўных сродкаў жыцьця”.

Створаная ў 1948 годзе Ўсясьветная Арганізацыя аховы здароў’я сёньня аб’ядноўвае ў сваім складзе 190 дзяржаваў. Галоўная мэта яе дзейнасьці, як заявіў у размове з намі прэсавы сакратар яе Эўрапейскага цэнтру Франклін Апфэльд, – дапамагаць умацаваньню здароў’я тых, хто гэтага найбольш патрабуе: хворым, людзям, якія не атрымліваюць дастатковага мэдычнага абслугоўваньня і тым, хто пакутуе ад беднасьці.

Сёлетні Ўсясьветны дзень аховы здароў’я пройдзе ў духу пошуку рашэньняў праблемаў менавіта гэтых найбольш безабаронных перад хваробамі групаў людзей нашай плянэты. Франклін Апфэльд расказвае:

(Апфэльд: ) “Перш за ўсё мушу падкрэсьліць, што 7 красавіка – дзень нараджэньня Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароў’я. Для нас гэты дзень нагода зьвярнуць увагу на тое, што найбольш пагражае здароў’ю чалавека. Сёлета мы хочам зьвярнуць увагу людзей на праблемы псыхічных хваробаў. Гэтыя хваробы выклікаюць сёньня ў сьвеце вельмі шмат пакутаў ды інвалідства. Паводле нашых дадзеных, кожны чацьвёрты чалавек плянэты пакутваў хоць раз у жыцьці ад псыхічнай хваробы. І нягледзячы на гэта да псыхічна хворых дрэнна ставяцца, іх дыскрымінуюць. Да ітакіх хваробаў ня ставяцца так сур’ёзна, як да целесных хваробаў. І таму мы сёлета падчас Усясьветнага дня здароў’я імкнемся стымуляваць разуменьне праблемы сярод людзей, але перш за ўсё сярод палітыкаў і ўрадаў. Псыхічна хворы чалавек – гэта не невылечна хворы. Ён можа паправіцца і зноў пачаць уносіць важкі ўклад у грамадзтва. Вядома, што найбольш выдатныя прадстаўнікі чалавецтва мелі псыхічныя хваробы. Але найбольш тут небясьпечнае тое, што кожнага другога псыхічна хворага чалавека ніколі не лячылі”.

ХХ стагодзьдзе стала часам нараджэньня адной з самых страшных хваробаў у гісторыі чалавецтва. Гэта – СНІД, хвароба, ратунку ад якой да сёньняшняга дня практычная няма. Некаторыя навукоўцы лічаць, што і гэты страшэнны нядуг мае цывізізацыйныя карані. А ці існуе магчымасьць, што і ХХІ стагодзьдзе прынясе нам нейкую новую падобную хваробу, якая таксама будзе невылечнай? Прэсавы сакратар Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я Франклін Апфэльд выказаў на гэтую тэму наступную думку:

(Апфэльд: ) “Цяжка сказаць, ці гэта можа быць нейкая новая эпідэмія СПІДу, можа нейкай іншай хваробы. Мне цяжка прадказваць. Мяне непакоіць іншае – што міжнацыянальныя карпарацыі, апантаныя прагай чыстага прыбытку, яны ставяць здароў’е чалавека ў другасную пазыцыю. Такая палітыка можа лёгка спрыяць пашырэньню эпідэміяў сёньняшніх хваробаў, а таксама стварэньню новых”.

Нашая перадача “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” даволі падрабязна падавала інфармацыю пра адкрыцьцё чалавечага геному, якое шмат хто сёньня называе “геннай рэвалюцыяй”. Ёсьць прагнозы, што сярэдняя працягласьць жыцьця праз 20-30 гадоў падоўжыцца да 100-120 гадоў. Факт гэты толькі зь першага погляду выглядае адназначна пазытыўным...


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG