Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Жэнэве на канфэрэнцыі пад эгідай Камісіі па правах чалавека выступіў былы палітычны вязень Уладзімер Кудзінаў. У Менску затрымалі чатырох сяброў моладзевай арганізацыі "Зубар", якія пісалі на плоце лёзунгі пратэсту на зьнікненьне вядомых палітыкаў. Маці Анатоля Красоўскага Ксенія мяркуе, што ўлады трымаюць ейнага сына ў сакрэтнай турме. Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір кажа, што беларускія ўлады наўмысна не далі замежным дактарам зрабіць апэрацыю Генадзю Карпенку.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Ўладзімер Кудзінаў выступіў на канфэрэнцыі па правох чалавека, што прайшла ў Жэнэве пад эгідай ААН.

На канфэрэнцыі абмяркоўвалі сытуацыю з правамі чалавека ў Судане, на Кубе і ў Беларусі. Уладзімер Кудзінаў, паводле зьвестак, падрабязна распавёў пра зьнікненьне палітычных апанэнтаў беларускага рэжыму — Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.


***
Безумоўнай навіной тыдня стала затрыманьне ў ноч на 5 красавіка чатырох сяброў моладзевай арганізацыі "Зубар" — Аляксея Шыдлоўскага, Цімафея Дранчука, Зьмітра Драпачкі і Алеся Апраніча. Міліцыя сьцьвярджае, што гэтыя хлопцы расьпісвалі гарадзкія платы надпісамі пра зьніклых апазыцыянэраў.

Па гэтым факце распачалі крымінальную справу, і пакуль не паведамляецца пра тое, каб юнакам прад'явілі нейкае абвінавачаньне.

Тымчасам арганізацыя "Зубар" распаўсюдзіла зварот да супрацоўнікаў праваахоўчых органаў. "Мы нагадваем, што да сёньня невядомы лёс вашага калегі — генэрала міліцыі Юр'я Захаранкі. Мы заклікаем вас спыніць перасьлед людзей, якія ня згодныя з палітыкай хворага дыктатара. Мы ня супраць вас, мы супраць дыктатуры", — зьвяртаюцца "зубры" да міліцыянтаў.


***
Учора я патэлефанаваў Ірыне Красоўскай — жонцы зьніклага разам з Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Яна кажа, што даўно нічога ня чула ад сьледчых, якія нібыта шукаюць ейнага мужа.

"Сьледчыя пра мяне проста забыліся", — падсумоўвае Ірына Красоўская. Яна згадала выказваньне сваёй свекрыві Ксеніі Сідараўны Красоўскай, маці зьніклага Анатоля Красоўскага. Аднойчы гэтая 80-гадовая жанчына заўважыла: "Улады столькі разоў казалі, што Ганчар з маім сынам недзе хаваюцца, але чамусьці ніхто зь міліцыянтаў не прыехаў да мяне ў вёску Ляды ў Крупскім раёне, каб праверыць — можа, яны тут хаваюцца. Відаць, нешта яны ведаюць дакладна".

І ўсё ж жанчына спадзяецца, што ейны сын жывы. "Магчыма, іх трымаюць у адной з сакрэтных турмаў", — перадае словы Ксеніі Красоўскай Ірына Красоўская.


***
Наш агляд ня можа абмінуць такой сумнай падзеі як два гады сьмерці Генадзя Карпенкі. І таму, што пайшоў з жыцьця такі сьветлы чалавек, і таму, што няма пэўнасьці — застаюцца падазрэньні, што тая сьмерць не была натуральнай.

Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір таксама ня можа пазбавіцца такіх падазрэньняў, а нядаўна ён даведаўся, што да хворага Карпенкі не дапусьцілі замежных дактароў.

(Міхаіл Чыгір: ) "Калі здарылася гэтае няшчасьце з Генадзем Карпенкам, я быў у турме. Як гэткае магло быць з такім моцным чалавекам — не магу зразумець дагэтуль. А сёньня мне сказалі дасьведчаныя людзі, што нямецкія і расейскія дактары гатовыя былі выехаць і зрабіць яму апэрацыю, але наш Мінздраў ня даў ім дазволу. Таму ўсё гэта наводзіць на разважаньні — што ж сапраўды адбылося з Генадзем Карпенкам".

Міхаіл Чыгір таксама нагадвае, што пры тых падазроных абставінах ўлады не правялі сапраўднага расьсьледаваньня сьмерці Генадзя Карпенкі.

"Потым, калі пачалі зьнікаць людзі, мае падазрэньні сталі яшчэ мацнейшыя", — заўважае Міхаіл Чыгір.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG