Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА ЗАБАРАНЯЦЬ СЭМІНАРЫ ДЛЯ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ НА СВАЁЙ ТЭРЫТОРЫІ


Юры Сьвірко, Менск

На брыфінгу намесьнік міністра замежных справаў Літвы Эвалдас Ігнатавічус распавёў, што цягам двух дзён у Менску абмяркоўвалі, сярод іншага, рэгіянальныя праекты ды праблемы шматбаковага супрацоўніцтва.

Спадар Ігнатавічус асабліва вылучыў праекты транспартныя ды энэргетычныя, актуальныя пасьля сустрэчы прэзыдэнтаў Літвы ды Расеі. Вільня спадзяецца прыцягнуць грузы з Азіі ў свой порт Клайпэду, і супрацоўнітцтва зь Беларусьсю тут ёсьць важным зьвяном.

Яшчэ Эвалдас Ігнатавічус паведаміў:

(Ігнатавічус: ) "Гаварылі мы таксама пра некаторыя аспэкты падрыхтоўкі да прзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, таму што Літва сёлета будзе старшыняваць у Радзе Эўропы, і, натуральна, як краіна-сусед, цікавіцца ўсім, што робіцца ў Беларусі, цікавіцца стасункамі Беларусі з АБСЭ, зь іншымі структурамі".

Спадар Ігнатавічус адказаў і на пытаньне пра віленскія сэмінары для беларускіх апазыцыянэраў:

(Ігнатавічус: ) "Натуральна, мы мусім займаць пазыцыі ў АБСЭ, у іншых міжнародных арганізацыях. Вы ведаеце пэўныя ўмовы, якія ставіць АБСЭ для правядзеньня гэтых выбараў. Учора я пачуў ацэнку сытуацыі беларускім МЗС. Яшчэ ёсьць час да выбараў, і я не магу зараз сказаць, як гэтыя падзеі будуць разгортвацца.

Што да сэмінараў і дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў і прадстаўнікоў беларускае апазыцыі на тэрыторыі Літвы, дык мы на гэта глядзім як на прыватную ініцыятыву няўрадавых арганізацыяў. Карыстаючыся падтрымкай фондаў, яны арганізуюць свае праекты падтрымкі сродкаў масавае інфармацыі ды іншыя. І я думаю, калі іхная дзейнасьць не парушае літоўскіх законаў, МЗС тут мае гэткую пазыцыю: такая дзейнасьць можа мець месца", — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Літвы.

Я спытаўся ў спадара Ігнатавічуса, ці абмяркоўваў ён зь беларускімі калегамі вядомы Лукашэнкаў дэкрэт №8 пра забарону выкарыстаньня замежнае дапамогі ў палітычных мэтах.

(Ігнатавічус: ) "Дэкрэт прэзыдэнта Беларусі №8 быў прадметам нашае размовы, і ў двух аспэктах. Гэтае пытаньне паўстае зараз на АБСЭ ў дачыненьні да дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў ды іхных праектаў на тэрыторыі Беларусі. Літоўскія няўрадавыя арганізацыі таксама арганізуюць свае праекты з партнэрамі ў Беларусі, і тут хацелася б мець яснасьць наконт магчымасьцяў дзейнасьці.

Але ёсьць яшчэ іншы, вельмі важны для нас аспэкт — як гэты дэкрэт будзе дзейнічаць у дачыненьні да літоўскае нацыянальнае меншасьці, літоўскіх арганізацыяў тут. У гэтым пытаньні наша амбасада тут накіравала ноту — менавіта з такой фармулёўкай пытаньня, і мы чакаем афіцыйнага адказу беларускага МЗС", — заявіў Эвалдас Ігнатавічус, намесьнік міністра замежных справаў Літвы.

Паводле яго, пытаньне пра знаходжаньне ў Вільні старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Сямёна Шарэцкага на кансультацыях у Менску не закраналася, бо, цытую, "пазыцыі абодвух бакоў у гэтым пытаньні ясныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG