Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯ МАГІЛЫ КАРПЕНКІ ГРАМАДЗКАСЬЦЬ АДЗНАЧЫЛА ДВА ГАДЫ ЗЬ ДНЯ ЯГОНАЙ СЬМЕРЦІ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня Міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне імя Генадзя Карпенкі, якое ўзначальвае ўдава Людміла Карпенка, правяло прэзэнтацыю двух бюлетэняў, зьвязаных зь ягоным імем. У першы ўвайшлі дакумэнты з архіву сям'і Карпенкі, ягоныя артыкулы, успаміны пра яго. Другі бюлетэнь складзены з матэрыялаў Генадзя Карпенкі на эканамічныя й сацыяльныя тэмы.

А з раніцы каля магілы, дзе пахаваны Генадзь Карпенка, пачалі зьбірацца ягоныя сябры й аднадумцы. Луналі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі з сымбалем Аб’яднанай грамадзянскай партыі, намесьнікам старшыні якой Генадзь Карпенка пасьпеў пабыць усяго два месяцы.

Сюды прыйшлі паплечнікі нябожчыка па Вярхоўным Савеце Беларусі 12 і 13 скліканьняў, прадстаўнікі шэрагу апазыцыйных палітычных партыяў, навукоўцы, артысты.

Тут бачылі Ніла Гілевіча, Станіслава Багданкевіча, Сяргея Антончыка, Анатоля Лябедзьку ды іншых вядомых у Беларусі людзей.

Паплечнік Карпенкі па фракцыі "Грамадзянскае дзеяньне" Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка сказаў:

(Герасіменка: ) "Я не магу сказаць, што быў блізкім сябрам Генадзя Карпенкі, але тым ня менш мы былі аднадумцамі, калегамі, аднапартыйцамі. Я ўпэўнены, што Генадзя Карпенку забілі. А яшчэ ўпэўнены, што пройдзе час, і ў Беларусі, найперш у Менску, яго імем будуць названыя вуліцы, праспэкты. Пройдзе час, і Акадэмію Навук Беларусі назавуць імем Генадзя Карпенкі. Ён гэтага заслужыў. Ён сваё жыцьцё аддаў за гэта, каб Беларусь была разумнай, таленавітай, дэмакратычнай, прававой".

Былы памочнік Карпенкі на пасадзе старшыні Маладэчанскага гарвыканкаму і намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Валеры Костка адзначыў, што Беларусі ў год правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў як ніколі не хапае Генадзя Карпенкі. Менавіта Карпенка мог бы цяпер быць тым цэнтрысцкім кандыдатам, які здолеў бы аб'яднаць вакол сябе ўсіх, хто не задаволены палітыкай Лукашэнкі.

Сьмерць Генадзя Карпенкі дагэтуль застаецца загадкавай. І многія лічаць, што гэта невыпадкова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG