Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ НА ЧЫНОЎНІКАЎ ГРОШАЙ ТРАЦІЦЦА АМАЛЬ У ДВА РАЗЫ БОЛЬШ, ЧЫМ НА САЦЫЯЛЬНЫЯ ПАТРЭБЫ


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

На прадпрыемствах – страйкі з-за нявыплаты заробкаў. Газэта “Рабочы” расказвае пра страйкі на Бабруйскім шынным камбінаце, на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній, Магілёўскім машынабудаўнічым заводзе. Рабочыя не чакаюць зарплаты моўчкі – яны праводзяць акцыі пратэсту.

На сваёй першай старонцы газэта зьмясьціла цікавыя дыяграмы. Яны тычацца выдаткаў рэспубліканскага бюджэту на розныя патрэбы. Дык вось на кіраўніцтва краінай сёньня выдаткоўваецца больш за 737 мільёнаў даляраў у год. А на патрэбы сацыяльнай сфэры – крыху больш за 405 мільёнаў даляраў – амаль удвая менш. Чыноўнікі свае немаленькія заробкі атрымліваюць рэгулярна, але “сьпяць у шапку” і многія сацыяльныя праблемы вырашыць ня могуць. І тады за справу бяруцца грамадзкія арганізацыі: яны дапамагаюць шматдзетным сем’ям, працуюць зь цяжкімі падлеткамі, ствараюць рэабілітацыйныя цэнтры для дзяцей-інвалідаў. Пра адзін з такіх цэнтраў, які мае назву “ПЕРАЎТВАРЭНЬНЕ”, газэта распавядае на чацвёртай старонцы. Гэты цэнтар стварылі маці дзяцей зь цяжкімі псыхафізычнымі захворваньнямі. Ад такіх дзяцей дзяржава адвярнулася, палічыўшы іх ні на што ня здатнымі. Самаахвярныя маці хворых дзяцей даказваюць, што гэта хлусьня. З дапамогай дабрачынных арганізацый і проста добрых людзей яны ў літаральным сэнсе слова ставяць сваіх дзяцей на ногі. Усім вядомая такая лічба: 29 680. Столькі ў Беларусі дзяцей з недахопамі разумовага і фізычнага разьвіцьця. Гэта 10% ад агульнай колькасьці дзяцей. Кожны дзясяты хворы.

Чаму? Адна з прычын – радыенукліды. Хутка мы будзем адзначаць чорную дату – 15-годзьдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гэтым годзе старшынём Нацыянальнага камітэту па правядзеньні чарнобыльскіх мерапрыемстваў выбраны вядомы вучоны Іван Нікітчанка. У інтрэвію газэце Іван Нікітчанка, а таксама старшыня фонду “Дзецям Чарнобыля” Генадзь Грушавы распавядаюць ня толькі пра “Чарнобыльскі шлях”, але і пра іншыя мерапрыемствы, у прыватнасці, пра міжнародны кангрэс “Сьвет пасьля Чарнобыля”, які мае хутка адбыцца.

Але ці атрымае ён адпаведнае асьвятленьне ў друку? На нашых вачах дзяржава (чытай: Лукашэнка і яго атачэньне) душаць незалежныя газэты. Як гэта адбываецца, расказвае галоўны рэдактар аршанскай газэты “Куцейна” Віктар Андрэеў. Хітрасьць нумар адзін: не рэгістраваць газэту, бо ў яе няма юрыдычнага адрасу, дакладней, памяшканьня, а памяшканьне дзяржаўныя ўстановы прадастаўляць баяцца. Нагадаем: першы нумар першай незалежнай аршанскай газэты “Куцейна” зьявіўся яшчэ ў 1989 годзе. Сёньня яго можна ўбачыць у пастаяннай экспазыцыі Музея гісторыі і культуры Аршаншчыны. У 1998 годзе “Куцейну” узначаліў лідэр дэмакратычнага прафсаюзнага руху Віктар Андрэеў. Газэта мела падпісчыкаў, добра распаўсюджвалася праз гандлёвую сетку. Зь 1 студзеня 2000 года выхад газеты “Куцейна” спынены.

Да плянаваных прэзыдэнцкіх выбараў, калі верыць газэце “Рабочы”, засталося амаль 170 дзён. Прэзыдэнт мае намер не паказваць хібы свайго праўленьня. Таму без усялякіх сумненьняў наступ на непадкантрольны друк працягнецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG