Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРКАДЗЬ ВОЛЬСКІ: БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ ІМКНУЦЦА АБМЕЖАВАЦЬ У СЯБЕ РУХ ТАВАРАЎ ПАРТНЭРА


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле дамовы, прамыслоўцы Беларусі й Расеі зьбіраюцца скарэктаваць эканамічнае партнэрства. Як заявіў сёньня прэзыдэнт Расейскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аркадзь Вольскі, гэта патрэбна дзеля разьняволеньня эканамічнага патэнцыялу саюзных дзяржаваў:

(Вольскі: ) "Недахопаў поўна. Мы не сынхранізавалі як належыць заканадаўства. Як і беларускія прамыслоўцы, мы лічым, што шмат праблемаў у мытных справах. Краіны імкнуцца абмежаваць распаўсюд тавараў на тэрыторыі партнэра па Саюзе. Таму мы сёньня стварылі сумесную рабочую групу, каб працаваць разам з урадамі ды прэзыдэнтамі".

Паводле словаў спадара Вольскага, у Расеі прамыслоўцы маюць цяпер вялікі ўплыў на кіраўніцтва краіны. Наступнымі днямі спадар Вольскі зьбіраецца сустрэцца з Уладзімерам Пуціным.

Расейскія алігархі, як вынікае са словаў Вольскага, вельмі цікавяцца беларускімі прадпрыемствамі. Аднак іхныя інвэстыцыйныя пляны стрымліваюцца палітычнай рызыкай. Таму лідэр расейскіх прамыслоўцаў падчас спатканьня з Пуціным мае намер абмеркаваць праблемы эканамічных дачыненьняў зь Беларусьсю, якую ён лічыць сваёй радзімай.

Ураджэнец Добруша спадар Вольскі кажа, што ўважліва сочыць за падзеямі ў Беларусі. Што тычыцца прэзыдэнцкіх выбараў, то Вольскі, паводле ягоных словаў, сваю кандыдатуру выстаўляць не зьбіраецца. Пры гэтым ані кіраўнік расейскіх прамыслоўцаў, ані іхныя беларускія калегі не сказалі ніводнага слова дзеля падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG