Рабочыя не працавалі некалькі гадзінаў ды сабраліся на мітынг на прахадной. Спачатку ўдзельнікі стыхійнага мітынгу думалі перакрыць рух па вуліцы Крупскай, якая непадалёк ад прадпрыемства.
Прамоўцы згадвалі прыклад рабочых Магілёўскага аўтазаводу, якія напярэдадні 2001 году перакрылі транспартны рух ды праз тую акцыю змаглі атрымаць заробленыя грошы. Аднак да гэтага справа не дайшла.
Як стала вядома, прадпрыемства наведаў адзін з кіраўнікоў адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва, але сустракаўся не з рабочымі, а з кіраўнікамі прадпрыемства. Пасьля да рабочых заводу выйшаў дырэктар заводу ды спасылаючыся на выказваньні чыноўніка, заявіў, што неўзабаве выплацяць грошы.
Рабочыя вырашылі не ісьці на вуліцы, а абмежаваліся аналізам эканамічнага стану прадпрыемства, які й сапраўды вельмі складаны.
Уласных сродкаў няма, а крэдытаў банкі больш не даюць, расьце запазычанасьць перад крэдыторамі ды аб'яднаньнем "Магілёўэнэрга". Адметна, што рабочыя, каб сагрэцца, вымушаныя паліць вогнішчы непасрэдна ў заводзкіх памяшканьнях, бо ў пачатку лютага на прадпрыемстве адключылі ацяпленьне. Амаль уся ўласнасьць апісаная падатковымі інспэкцыямі ды судамі. Каб вывезьці сьмецьце, няма ні аўтамабіля, ні бэнзіна.
Рабочыя паведамілі, што яны зараз працуюць нелегальна. Паводле іхных словаў, зачыненая цэнтральная прахадная, каб ніхто не здагадаўся, што яны працягваюць працаваць на маёмасьці, што апісала падатковая інспэкцыя ды спажываюць энэргію, за якую ніхто ня плаціць.
Як стала вядома, улады не выключаюць, што завод аб'явяць банкрутам. Удзельнікі папераджальнага страйку заявілі, што калі яны не атрымаюць грошай наступнымі днямі, тады яны спыняць працу прадпрыемства на больш працяглы час.