Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ НЯ ЗГОДНАЕ З ЗАЯВАЙ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ПРА ДЭКРЭТ №8


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшнім брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў я папрасіў прэсавага сакратара МЗС Паўла Латушку пракамэнтаваць рэзкую заяву кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу пра вядомы Лукашэнкаў дэкрэт №8, а таксама выказваньні кіраўніка КНГ АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка на тую ж тэму.

(Латушка: ) "Мы знаёмыя з заявай Эўразьвязу, аднак пункту гледжаньня гэтай заявы мы не падзяляем. Найперш дэкрэт №8 прадугледжвае наяўнасьць транспарэнтнасьці — тое, пра што гавораць прадстаўнікі эўрапейскіх структур, — гэта празрыстасьць фінансавых патокаў.

Дэкрэт не ўсталёўвае перашкодаў што да гуманітарнай дапамогі, дэкрэт больш дакладна ўсталёўвае парадак атрыманьня гэтых грантаў.

Што да выказваньняў спадара Віка ды сытуацыі з КНГ АБСЭ ў Беларусі, то дэкрэт аніяк не накіраваны на стварэньне праблемаў з КНГ АБСЭ ці на звужэньне межаў дзейнасьці КНГ АБСЭ ў Беларусі. Гэта пацьвярджае і канфэрэнцыя, што адбудзецца 2 красавіка".

Павал Латушка паведаміў на брыфінгу, што 2 красавіка ў Менску адбудзецца канфэрэнцыя "Эўрапейская хартыя пра мясцовае самакіраваньне ды роля нацыянальных асацыяцыяў мясцовых уладаў". Гэтая імпрэза ладзіцца Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Эўропы супольна зь Беларускім рэспубліканскім фондам падтрымкі дэмакратычных рэформаў імя Лява Сапегі, а таксама з Кансультацыйна-назіральнай групай АБСЭ.

Фармальна гэтая канфэрэнцыя можа патрапіць пад той самы дэкрэт №8, бо гэта і ёсьць выкарыстаньне замежнае дапамогі ў палітычных мэтах. Аднак дэкрэт яшчэ не набыў сілу, а прэсавы сакратар МЗС заявіў: "Мы разглядаем правядзеньне канфэрэнцыі як адзін з найважнейшых крокаў у межах узаемадзеяньня Беларусі ды Рады Эўропы".

Што да самога дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, дык Павал Латушка быў катэгарычны:

(Латушка: ) "Мы трымаемся той пазыцыі, што дэкрэт №8 будзе выкананы".

Сёньня ж на маю просьбу спадар Латушка пракамэнтаваў і заявы прадстаўнікоў КГБ пра гатовасьць надаць замежным інвэстарам у Беларусі нейкія свае гарантыі. Што гэта могуць быць за гарантыі?

(Латушка: ) "Гарантыі замежным інвэстарам устанаўліваюцца адпаведна зь дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, законам аб замежных інвэстыцыях у Беларусі, адпаведнымі пастановамі ўраду ды іншымі нарматыўнымі дакумэнтамі. Я думаю, калі мы вядзем размову пра гэта, дык КГБ таксама будзе ўносіць нейкія прапановы пра зьмены ў гэтыя заканадаўчыя акты", — зазначыў Павал Латушка, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG