Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САКРАТ ЯНОВІЧ: БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯ НЕ ІСНУЕ, ЯЕ РАССТРАЛЯЛІ Ў 30-Я ГАДЫ


Кастусь Бандарук, Прага

Зь Менску я вярнуўся ў першай палове сьнежня; удзельнічаў ў Трэцім Міжнародным кангрэсе беларусістаў, піша Сакрат Яновіч. Зьехалася з Эўропы і сьвету крыху энтузыястаў беларускай культуры, дык не выпадала іх выганяць, тым болей, што ўнутранага значэньня Кангрэс ня меў. На ўсялякі выпадак мясцовыя СМІ прамаўчалі падзею.

У часе форуму мне не далі скончыць выступ пра беларускую літаратуру ў Польшчу як процілегласьць савецка-беларускай. Перапалоханы прэзыдыюм тут жа даў голас нейкаму апантанаму энкавэдысту, які з фанатызмам у вачох поўную гадзіну плёў пра ворагаў ўнутраных і зьнешніх, а таксама пра абарону міру ў сьвеце, зразумела на чале з Расеяй. Прамоўца злосна касавурыўся на мяне, ажно я ня вытрываў і, бразныўшы дзьвярыма, выйшаў, успамінае Сакрат Яновіч ў “Газэце Выборчай”.

Зь Менску я вывез адкрывальнае для сябе перакананьне, што Рэспубліка Беларусь ня ёсьць нацыянальнай беларускай дзяржавай. Са шматлікіх прыватных размоваў я зразумеў, што Беларусь – унікальны запаведнік, да якога зьляцеліся кадры з былога СССР. Гэта постсавецкі адстойнік, сьметнік, лічыць Сакрат Яновіч. Гэты зброд выгнаных адусюль саветчыкаў нават і ня думае кіравацца інтарэсамі захопленых дзяржавы і народу. Іх цікавіць толькі адно: як утрымацца пры ўладзе, захаваць пасады. У Беларусі, лічыць Яновіч, усё горш і горш, але паводле лёгікі прышэльцаў – усё лепш. Эўропа ня можа зразумець, што адбываецца зь Беларусьсю? Чаму яна імкнецца да самаізаляцыі? Аднак прычына відавочная. Навошта ўладам гаспадарчая і палітычная актыўнасьць? Ці які-небудзь акупант рупіўся пра разьвіцьцё захопленай краіны?

Расеі такая дзяржава адпавядае, бо яе можна скарыстаць ва ўнутранай палітыцы, піша беларускі пісьменьнік з Польшчы. Расейцы не прызнаюць самое існаваньне беларусаў і ніколі не прызнавалі! Для іх Лукашэнка – ніякі не беларус, але гаманлівы дыназаўр зь мінулай эпохі. Пакуль што патрэбны і ён, і Беларусь. Нічога, што гэта тэхналягічны скансэн. Беларусь – каталізатар тугі па СССР. Тым ня менш, на думку Яновіча, на поўную інтэграцыю зь Менскам Пуцін ня пойдзе. Для Масквы Беларусь – небясьпечны рассаднік бальшавізму, заразьлівая стрэфа. Навошта Пуціну дзяліцца ўладай зь няўдачнікамі з былых савецкіх рэспублікаў. Хай Лукашэнка сам няньчыцца зь імі, пакуль яны яго скінуць з крэсла – а што скінуць, гэта не падлягае сумневу. З другога боку, бяз гэтых палітычных прайдзісьветаў Лукашэнка не ўтрамаўся б на пасадзе. Ён патрабуе мець верную армію, якая добра ведае, з чыёй рукі есьць хлеб!

Лукашэнка з самага пачатку ведаў тое, да чаго многія не дадумаліся: што можа прайграць Мілошэвіч, бо той кіруе народам, сэрбамі, але ня ён! Справа ў тым, што Лукашэнка кіруе дзесяцімільённым Нікім, стрававальнымі каналамі. Ягоная ўлада – афрыканскага кшталту, дзе галоўная каса і верны гарнізон. Апазыцыя – гэта прыблізна дзьве тысячы пераважна менскіх інтэлігэнтаў. Улада талеруе апазыцыю як бясшкодных крыкуноў, якія, дарэчы, добра адпавядаюць эўрапейскім стандартам. Для Лукашэнкі – гэта палітычны фальклёр. Апазыцыянэры бясплатна выконваюць карысную для рэжыму працу, бо зьяўляюцца жывым доказам дэмакратызму Лукашэнкі. Ён жа мог бы іх сьцішка выбіць да аднаго недзе за Менскам, і ніхто не кіўнуў бы пальцам. Апазыцыя лютуе, былыя міністры і губэрнатары ўмела арганізуюць шматтысчныя шэсьці па праспэктах Менску, але нічога з гэтага не вынікае. Народ ведае сваё: парася адпіхнутае ад карыта вішчыць і лямантуе. І гэты лямант выкінутых за каўнер – для чэрні дасканалая забава, піша Сакрат Яновіч ў “Газэце Выборчай”.

Дык што можа пагражаць тым прайдзісьветам на кіруючых у Беларусі пасадах? Літаральна ўсё, нават, гаспадарчыя кантакты, а найбольш беларуская нацыянальнай культура, якая – як, дарэчы, кожная нацыянальная культура – дае сьвядомасьць ўласнага лёсу і ўласнай каштоўнасьці. У выпадку Беларусі, на думку беларускага пісьменьніка з Польшчы, выкараненьне нацыянальнай культуры неверагодна простае – дастаткова яе не падтрымоўваць. Справа ў тым, што ў эўрапейскім разуменьні беларуская нацыя не існуе. Яе растралялі ў 30-я гады, калі за адну ноч на зьнішчэньне йшлі дзясяткі вучоных і пісьменьнікаў. Нацыянальна сьведамыя беларусы – гэта рэдкія выключэньні. Што гэта значыць быць сёньня беларусам? Вельмі мала: гэта значыць мець пашпарт з Пагоняй, і нічога болей! Ніякага паняцьця пра гісторыю, мову, культуру. Поўны нуль – такі чалавечык, від расейца, які нават і не здагадваецца, што існуе беларская нацыя. Гэта тыповы савет, пазбаўлены ведаў пра сьвет, піша Яновіч.

Беларушчына даўно зьведзеная да нечага накшталт абраднай мовы. Яе кінулі ў Гадэс, у бездань мёртвых моваў, неабавязковых ў штодзённым жыцьці, як царкоўна-славянская мова ў праваслаўных. Паводле Сакрата Яновіча, карыстаюцца ёю толькі адзінкі як літаратурнай мовай, дзеля хлеба. Беларускае школьніцтва на самой справе не існуе. Сям-там некалькі школак называюцца беларускімі, але ніхто ў іх па беларуску і не заікнецца. У Менску ненавідзяць беларускую мову, бялеюць са злосьці, і сытуацыю не зьмяняе тая тысяча патрыётаў. Дарэчы, яны патрыётамі толькі паміж сабою, у сваёй кампаніі, бо з жонкамі або каханкамі ўжо не пасьмеюць забаўляцца па-беларуску. Іх прагналі б са спальні. Вон, хаме! Калі я зайшоў у адну з крамаў, каб купіць жонцы падарунак, прадаўшчыца азлобілася на мяне, ня могучы сьцярпець беларускую мову. Яна прыслала нейкую прыдуркаватую сяброўку, бо вось стаіць там нейкі дзівак. Добра, прынамсі, што не патэлефанавала ў КГБ, канстатуе Сакрат Яновіч.

Узьнікае пытаньне – колькі яшчэ можа пратрываць ў Эўропе гэтая дзірка пад назвай “Беларусь?” – заканчвае свае дарожныя нататкі Сакрат Яновіч ў “Газэце Выборчай”. Досьвед падказвае, што вельмі доўга. Беларусь як геаграфічна-адміністрацыйнае паняцьце праіснуе ў гэткім стане датуль, пакуль будуць жыць тыя постсавецкія качэўнікі. Чаму якраз гэтак ім добра ў Беларусі? Таму, што там іх ніхто не чапае. Аўтахтоны прызвычаеныя да накінутай ім чужацкай ўлады, ставяцца да іх абыякава. Збунтаваліся б, калі б былі сапраўднымі беларусамі, але яны ня ёсьць імі, піша беларускі пісьменьнік з Польшчы Сакрат Яновіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG