Акцыя маладафронтаўцаў мела назву “Адлівай — расейскае, выпівай — беларускае!” Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец так патлумачыў ейную мэту:
(Севярынец: ) "Сёньня ўсясьветны Дзень піва, і Малады Фронт праводзіць акцыю менавіта да гэтага дня. Вядома, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі рэжым Лукашэнкі распрадае маёмасьць, каб спадабацца Расеі ды каб яна дапамагла яму на прэзыдэнцкіх выбарах — таму праводзім акцыю ў адказ.
Вядома, што Лукашэнка здае аднаму з расейскіх манапалістаў, “Балтыцы”, увесь наш піўны рынак, і зразумела, што з гэтай нагоды мы хочам абараніць беларускага вытворцу.
Мы хочам адказаць на гэта адэкватна — як адказвалі ірляндцы ангельскім таварам, альбо індыйцы некалі. І таксама хачу нагадаць, што з Бостанскага піцьця гарбаты пачалася барацьба за незалежнасьць у Амэрыцы. Так, што гэта вельмі сымбалічны акт".
Тымчасам маладафронтаўцы сталі насупраць будынку амбасады Расеі ды вылілі на зямлю 20 бутэлек расейскага піва “Балтыка”.
(Маладафронтавец: ) "Якое бруднае піва! Мы вось выліваем піва, яно вельмі нясмачнае. Ды й дарагое да таго ж. Яно нам не спадабалася".
(Маладафронтавец: ) "Гэтак мы пратэстуем супраць паглынаньня расейскім капіталам беларускіх прадпрыемстваў, у прыватнасьці, бровару "Крыніца".
Акцыя пратэсту працягвалася ўсяго некалькі хвілінаў і была поўнай нечаканасьцю для міліцыянтаў, што ахоўваюць будынак амбасады. Празь нейкі час, ачуняўшы ад разгубленасьці, два міліцыянты спрабавалі затрымаць некалькіх удзельнікаў акцыі.
(Міліцыянт: ) "Так, таварышы. парушэньне грамадзкага парадку, бутэлькі, мусар. Чаму ня ўбралі?"
(Карэспандэнт: ) "А за што затрымліваюць гэтых людзей?"
(Міліцыянт: ) "А за то што санітарнае парушэньне ёсьць. За сабой убіраць трэба, насьмяцілі".
Нікога з маладафронтаўцаў ахоўнікі парадку так і не затрымалі. Праўда, невядомы ў цывільным і зь відэакамэрай суправаджаў удзельнікаў акцыі ажно да бровара “Аліварыя”, куды яны пайшлі піць беларускае піва.