Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЕАНІДА МАЛЬЦАВА ДРУГІ РАЗ ПРЫЗНАЧЫЛІ МІНІСТРАМ АБАРОНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Прызначэньне міністрам абароны былога намесьніка дзяржаўнага сакратара Леаніда Мальцава Аляксандар Лукашэнка патлумачыў "зьменамі ў міжнароднай вайскова-стратэгічнай сытуацыі". Пра гэта ён заявіў на нарадзе з найвышэйшымі вайсковымі кіраўнікамі сёньня ў Міністэрстве абароны.

Былому міністру Аляксандру Чумакову кіраўнік дзяржавы выказаў падзяку за тое, што нібыта ўдалося захаваць боездольнасьць беларускага войска. Новаму міністру Леаніду Мальцаву Лукашэнка паставіў задачу завершыць вайсковую рэформу.

Пры гэтым на нарадзе не гаварылі пра скарачэньне войска, але шчодра раздавалі абяцаньні вырашыць праблемы вайскоўцаў. У прыватнасьці, ім паабяцалі падвышэньне заробкаў і кампэнсацыю на 30% на будаўніцтва жыльля.

Леанід Мальцаў ужо ўзначальваў абароннае ведамства. Праўда, пратрымаўся на гэтай пасадзе толькі год — з кастрычніка 1995 па лістапад 1996 году. Яго зьнялі са скандалам, з фармулёўкай "за ўчынак, які дыскрэдытуе званьне афіцэра — зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане".

Між тым, многія лічаць, што насамрэч Аляксандар Лукашэнка напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году папросту пазбаўляўся паплечнікаў, якіх падазраваў у неляяльнасьці. Нібыта Мальцаў такую падставу даў. Згадвае былы міністар абароны Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "На дзень народзінаў Мальцава прыйшоў Карпенка, і Мальцаў зь ім выпіў 100 грамаў — і пра гэта даклалі прэзыдэнту. Кар'ера Мальцава была вырашаная за дзень ці два. І з гэтым чалавекам ён зноў прыйшоў ва ўладу… Я б такой паразы не дараваў. Калі б Мальцаў вярнуўся ў войска пасьля зьмены ўлады, вось тады ён бы мог выглядаць героем, якому некалі падлілі клафэліну, як ён стаяў на трыбуне, — ён сам мне пра гэта казаў".

Павал Казлоўскі тлумачыць замену Чумакова на Мальцава надыходзячымі выбарамі на прэзыдэнта. Маўляў, гэтак Лукашэнка спрабуе ўмацаваць свой аўтарытэт сярод вайскоўцаў, якім не падабалася, што 5 гадоў войскам кіраваў ня вельмі аўтарытэтны генэрал Аляксандар Чумакоў.

Нагадаю, што яшчэ ў 1999 годзе Чумакоў быў прызнаны вайсковымі дактарамі няздатным да службы з-за цяжкага псыхічнага захворваньня, але на пасадзе ўтрымаўся і нават распачаў службовы перасьлед тых, хто паставіў яму гэны дыягназ. Сёньня ж прэтэнзіяў ад Лукашэнкі Чумакоў не пачуў. Загадам Лукашэнкі ён пераведзены ў кадравую рэзэрву, што не выключае ягонага зьяўленьня на высокай пасадзе ў сілавых структурах.

Новаму міністру абароны Леаніду Мальцаву 51 год, ён нарадзіўся ў Слонімскім раёне Гарадзенскай вобласьці. Да службы ў беларускім войску служыў у розных вайсковых частках групы савецкіх войскаў ва Ўсходняй Нямеччыне і на Далёкім Усходзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG