Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БОЛЬШ ЗА ПАЛОВУ БЕЛАРУСКІХ ВЫБАРШЧЫКАЎ ЖАДАЮЦЬ КАРДЫНАЛЬНАЙ ЗЬМЕНЫ ЦЯПЕРАШНЯЙ ПАЛІТЫКІ ЛУКАШЭНКІ


Віталь Цыганкоў, Прага

Пасьля невялікага перапынку Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) зноў пачаў знаёміць грамадзкасьць з вынікамі сваіх дасьледаваньняў. Апошняе апытаньне было праведзенае Інстытутам ў лютым-сакавіку сумесна з Цэнтрам сацыяльных і экалягічных дасьледаваньняў.

Упершыню сацыёлягі задалі рэспандэнтам пытаньне – “ці маюць яны намер узяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах”. 76 адсоткаў апытаных адказалі станоўча, 11 адсоткаў заявілі, што прымуць рашэньне ў залежнасьці ад палітычнай абстаноўцы і толькі 6, 5 адсоткаў ўжо цяпер вырашылі ня браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Такая патэнцыйная масавасьць павінна ўсьцешыць прадстаўнікоў апазыцыі, паколькі, як лічаць незалежныя аналітыкі, чым болей людзей прыйдзе на выбары, тым болей шанцаў перамагчы ў апазыцыйнага кандыдата. Аднак іншыя лічбы апытаньня не даюць пакуль ніякіх падставаў для аптымізму апанэнтам існуючай улады. Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, які стабільна падаў на працягу мінулага году, у апошнія месяцы істотна ўзьняўся. Паводле апытаньня, за яго зараз гатовыя прагаласаваць 41 адсотак рэспандэнтаў, у той час як летась у лістападзе рэйтынг Лукашэнкі складаў 38 адсоткаў, а ў чэрвені – 33 адсоткі. Патлумачыць гэта можна актывізацыяй перадвыбарчай кампаніі кіраўніка дзяржавы, падвышэньнем заробку бюджэтнікам і абяцаньнем давесьці сярэдні заробак да 100 даляраў.

У электаральнай папулярнасьці іншых палітыкаў па-ранейшаму аніякіх істотных зьменаў – ніхто зь іх не набірае пакуль сур’ёзнай лічбы рэйтынгу.

Разам з тым, імкненьне беларусаў да пераменаў выказанае вельмі выразна. Сацыёлягі задалі пытаньне: “Якія палажэньні праграмаў кандыдатаў у прэзыдэнты будуць для вас самымі важнымі для галасаваньня?” “Кардынальная зьмена цяперашняй палітыкі Лукашэнкі” – гэтак адказалі 54 адсоткі. Толькі 39 адсоткаў падтрымалі працяг цяперашняй палітыкі. 60 адсоткаў выказаліся за правядзеньне рынкавых эканамічных рэформаў і ў два разы менш – за працяг сёньняшняга эканамічнага курсу.

Беларусы гатовыя да пераменаў, але пакуль ня бачаць асобу, якая магла б гэтыя перамены ажыцьцявіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG