Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТРАЙКУЮЦЬ ПРЫВАТНЫЯ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ МЕНСКУ


Міхал Стэльмак, Менск

Цэнтрам падзеяў быў 4-тысячны гандлёвы рынак "Дынама". А 10-й раніцы тут сабраўся натоўп прадпрымальнікаў. Было вырашана не працаваць, а абмеркаваць надзвычайную сытуацыю.

Гандляроў "Дынама" абурылі пляны ўладаў. На сэсію Менгарсавету, якая распачалася сёньня, паставілі пытаньне пра падвышэньне прадпрымальніцкіх падаткаў. Такое падвышэньне, казалі на стыхійным сходзе, робіць дробны бізнэс нерэнтабэльным. Вось, напрыклад, што сказала на гэты конт прадпрымальніца Раіса Харытановіч:

(Харытановіч: ) "Людзі не атрымліваюць заробкаў, таму й не купляюць нашых тавараў. Вельмі ж шмат адзінокіх мацярок. Людзей загналі ў тупік".

Неўзабаве колькасьць гандляроў зь некалькіх соцень вырасла да 1000. Да "дынамаўцаў" далучыліся прадстаўнікі іншых сталічных рынкаў. Прагучалі прапановы сёньня ж паведаміць сталічным уладам пра незадаволенасьць прадпрымальнікаў.

Пасьля гэтага прадпрымальнікі рушылі да будынка Менгарвыканкаму. У сквэры, паміж вуліцамі Сьвярдлова й Ленінградзкай, гандляры спыніліся. Да іх пад'ехала некалькі нарадаў міліцыянтаў, пачалі здымаць на відэастужку. Каб не справакаваць канфлікт з ахоўнікамі парадку, далей удзельнікі стыхійнага шэсьця вырашылі дзейнічаць праз прадстаўнікоў.

Яны вылучылі на перамовы з уладамі лідэраў прадпрымальніцкага прафсаюзу "Садружнасьць" Кацярыну Навумовіч і Маю Сінайскую. Тыя накіраваліся на сэсію Менгарсавету, дзе старшыні Ўладзімеру Папкоўскаму ўручылі прадпрымальніцкі зварот пра недапушчальнасьць новага падатковага цяжару.

Вось што паведаміла пра вынікі гэтага візыту Кацярына Навумовіч:

(Навумовіч: ) "Сёньня вынікаў яшчэ няма. Бо мы толькі сёньня перадалі ліст і некалькі тысяч подпісаў дэпутатам гарсавету. Будзем чакаць, як яны прагаласуюць на сэсіі. Але ўжо пазаўтра прадпрымальнікі Менску даведаюцца, як вырашылася гэтае пытаньне".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG