Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ СУДЗЯЦЬ ЗА ЎДЗЕЛ У ДНІ ВОЛІ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня раніцай у Цэнтральны суд прывезьлі з прыёмніка-разьмеркавальніка затрыманых удзельнікаў учорашняй акцыі. Гэта Максім Кузьміцкі, Віктар Бекеш, Ніна Ярмалінская, Людміла Гразнова, Эліна Новік, Максім Кукса, Міхась Валочка, Зьміцер Чабарэнка, Алесь Бяляцкі, Язэп Бурко і Вінцук Вячорка.

Людмілу Гразнову ды Эліну Новік з турэмнага грузавіка канвой вывеў у падвал. Там у маленькай камэры за мэталічнымі дзьвярыма ў чаканьні суду звычайна трымаюць асабліва небясьпечных крымінальнікаў. Больш як дзьве гадзіны Гразнова й Новік правялі ў гэтай камэры.

У судзе Эліна Новік, лекарка-стаматоляг са Слуцкага раёну, заявіла хадайніцтва пра адваката, і судзьдзя перанесла разгляд справы на заўтра.

Людміла Гразнова адмовілася ад паслугаў адваката. Судзьдзя Вайцяховіч улічыла, што Гразнова раней да адміністрацыйнай адказнасьці не прыцягвалася ды дала ёй штраф на 20 мінімальных заробкаў. Адразу пасьля вынясеньня прысуду Людміла Гразнова дала камэнтар Радыё Свабода:

(Гразнова: ) "Я ўдзячная ўсім за падтрымку. Мы гэта вельмі добра адчувалі. А тое, што адбылося ўчора на пляцоўцы каля манумэнту ды тыя людзі, што былі там пад бел-чырвона-белымі сьцягамі — усё гэта сьведчыць пра тое, што будзе Беларусь незалежная і будзе Беларусь свабодная".

Хлопцу зь Ліды Зьмітру Чабарэнку далі 10 сутак арышту, пакараньне ён будзе адбываць у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Астатнім затрыманым пасьля хадайніцтваў наконт адвакатаў перанесьлі разгляд справаў на розныя дні. Вінцук Вячорка павінен зьявіцца ў судзе 28 сакавіка.

(Вячорка: ) "Усе працэсы, якія адбываюцца сёньня, — палітычныя. Гэта, на маю думку, разумеюць і судзьдзі, і міліцыянты, якія складаюць рапарты, зарыентаваныя на адпаведныя артыкулы.

Наш лёс вырашаецца не паводле юрыдычных канонаў, а паводле меркаваньняў палітычнай улады. Калі разгонам акцыі кіруюць людзі на ўзроўні кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і міністар унутраных справаў, то ясна, што гэтыя справы ёсьць палітычныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG