Нігматжан Ісінгарын правёў перамовы зь беларускім прэм’ерам Уладзімерам Ярмошыным. Перамовы тычыліся Эўраазійскай эканамічнай супольнасьці. Гэтую арганізацыю заснавалі летась лідэры пяці дзяржаваў, што ўваходзяць у Мытны саюз.
Сёньня старшыня Інтэграцыйнага камітэту паведаміў, што зараз шпарка ідзе юрыдычнае афармленьне новай структуры:
(Ісінгарын: ) "Першае паседжаньне плянуем у Менску. Аднак тэрмін правядзеньня паседжаньня “пяцёркі” залежыць ад расейскага парлямэнту. Пакуль што невядома, калі Масква ратыфікуе Дамову аб заснаваньні Эўраазійскай эканамічнай супольнасьці. Ня выключана, што гэта будзе ўжо ў сярэдзіне году. Паводле маіх зьвестак, у красавіку гэта зробіць Кіргізія. Магчыма, ратыфікуе ў красавіку і Беларусь".
Паводле ягоных словаў, найбольш актыўна працуюць дзеля эўраазійскай эканамічнай інтэграцыі Казахстан і Таджыкістан.
На паседжаньні казаскага парлямэнту прагучала крытыка ў бок Беларусі. Спадар Ісінгарын патлумачыў нашаму радыё прычыны незадаволенасьці пазыцыяй афіцыйнага Менску:
(Ісінгарын: ) "Калі ратыфікацыя адбывалася ў парлямэнце Казахстану, я быў у сталіцы Астане. Але ў нас да Беларусі ёсьць адно пытаньне — магчыма, яно й атрымала тады водгук. Да Беларусі мы маем пытаньне наконт фінансаў", — паведаміў старшыня Інтэграцыйнага камітэту.
Падчас падпісаньня Дамовы аб Эўраазійскай эканамічнай супольнасьці, апроч прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, гарачым прыхільнікам ейнага заснаваньня быў Аляксандар Лукашэнка. Новую структуру ён параўнаў з Эўрапейскім Зьвязам.
Тады ж прынялі рашэньне пра фінансаваньне створанай арганізацыі. Расеі вызначылі ўнёсак 40%, а Беларусі ды Казахстану па 20%. І вось, нягледзячы на абяцаньні Лукашэнкі ў Астане, афіцыйны Менск плаціць сваю долю не сьпяшаецца. Спроба Нігматжана Ісінгарына зрушыць гэтую праблему падчас цяперашняга візыту не ўдалася.