Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫСТАВА КАРЫКАТУРАЎ НА АЗЬВЯРОНКА, КАЗІ-ЯД-КУ ДЫ ІНШУЮ ФАЎНУ БТ


Юрась Барысевіч, Менск

Традыцыйная выстава суполкі "Пагоня", прысьвечаная Дню Волі, сёлета праходзіць не ў Палацы мастацтваў, а ў сядзібе Народнага Фронту. Гэта звузіла аўдыторыю, але дазволіла паказаць больш радыкальныя, чымся летась, творы. Алесь Марачкін выставіў сэрыю карыкатураў на Азьвяронка, КазіЯДку ды іншую фаўну Беларускага тэлебачаньня. Лявон Бартлаў — праект помніка першаму прэзыдэнту Беларусі, які катаецца на лыжах па сьпінах міліцыянтаў. Графічны твор Алега Карповіча "Прагаласуем ці пагалосім?" паказвае жах Лукашэнкі, галава якога ляжыць на скрыні для галасаваньня, у чаканьні сякеры восеньскіх выбараў.

Беларускае таварыства "Кніга", якое летась выдрукавала сэрыю сувэнірных мініятурных кніжак з народнымі замовамі ды аўтарскімі вершамі, распачало новы выдавецкі праект пад назваю "Народная бібліятэка". Кнігі гэтай сэрыі будуць друкаваць на таннай газэтнай паперы, каб кошт быў мінімальны, а наклад — максымальны. Першымі ў сэрыі "Народная бібліятэка" выйдуць Васіль Быкаў і Ніл Гілевіч.

Лукашэнка асабіста зацьвердзіў пастаноўшчыкам гістарычнага фільму "Анастасія Слуцкая" Ўладзімера Янкоўскага, сына старшыні Канфэдэрацыі творчых саюзаў Расьціслава Янкоўскага. 40-гадовы Ўладзімер Янкоўскі — аўтар дзясяткаў рэклямных ды музычных кліпаў для расейскае тэлевізіі. Калегі сумняюцца, што ён здолее паставіць 2-сэрыйную гістарычную карціну. Непакоіць і тое, што вельмі дарагая пастаноўка "Анастасіі Слуцкае" прыдушыць іншыя праекты студыі "Беларусьфільм", як у свой час — стужка Міхаіла Пташука "Ў жніўні 44-га".

Рада Саюзу пісьменьнікаў пастанавіла правесьці ў траўні зьезд, які абярэ новае кіраўніцтва Саюзу. Тэрміновага скліканьня зьезду запатрабавала ва ўльтыматыўнай форме Вольга Іпатава, выконваючая абавязкі старшыні Саюзу. Іпатаву абурылі паклёпы на яе, якія дасылаюць у адміністрацыю Лукашэнкі некаторыя пісьменьнікі з кіраўніцтва Саюзу, а таксама зьедлівыя заўвагі з боку апазыцыйнае прэсы.

86 плякатаў узялі ўдзел у конкурсе "Небясьпека — СНІД", які наладзілі Міністэрства культуры й Рэспубліканскі цэнтар прафіляктыкі СНІДу. Пераможцам конкурсу стаў 70-гадовы мастак Якуп Хайрулін, аўтар пляката "Мой талісман". На плякаце — дзяўчына, якая замест крыжыка носіць прэзэрватыў.

У Доме літаратара прайшла вечарына маладых паэтаў, прысьвечаная Міжнароднаму дню паэзіі. Гераіняй імпрэзы сталася сяміклясьніца зь Вялейкі Ірына Голубева, аўтарка пацыфісцкага вершу "Пазелянелы патрон", што перамог у Нацыянальным конкурсе паэзіі школьнікаў (конкурс ладзіўся Саюзам пісьменьнікаў і прадстаўніцтвам UNESCO ў Беларусі). Наказ пачаткоўцам ад старэйшых калегаў агучыў рэдактар газэты "Літаратура і Мастацтва" Алесь Пісьмянкоў: "Вершы, як і гарэлка, могуць быць толькі добрыя й вельмі добрыя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG