Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦА Ў КАЛГАСЕ ГОРШ ЗА БЕСПРАЦОЎЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

У сакавіку ў гарадзкі цэнтар занятасьці просьбы даць рабочыя рукі падалі 62 калгасы ды саўгасы Гомельскай вобласьці. Дырэктар цэнтру Аляксандар Ключынскі сакавіцкія запыты не разглядае як нешта выключнае. Больш за 50 гаспадарак штомесяц зьвяртаюцца ў цэнтар, шукаючы ахвочых перасяліцца ў вёску. Вёска на вачох старэе, губляючы апошнія працоўныя рэсурсы.

Прапановы працаўладкаваньня ды магчымасьць займець жытло ня вабяць нават беспрацоўных гараджанаў. Летась у калгасы па накіраваньні цэнтру паехалі толькі 5 сем'яў. Заробкі ў вёсцы мізэрныя, плацяць ня ў час. Да таго ж, адпрацаваўшы поўны дзень у калгасе, трэба глядзець сваю гаспадарку — інакш ня выжывеш.

Сапраўдныя магчымасьці калгасаў рэдкія перасяленцы ўсьведамляюць яшчэ на стадыі знаёмства. Нядаўна цесьляр Аляксандар Пісьменны перабіраўся зь сям'ёй у вёску Курганьне Рагачоўскага раёну. Тамтэйшы калгас "1 мая" ня меў нават бэнзіну, каб перавезьці на аўтамашыне рэчы будучага вяскоўца.

Ня надта едуць дапамагаць калгасам нават беспрацоўныя гараджане. Цяпер многія гаспадаркі распачалі сэзонную пераборку бульбы, але аплата — папросту зьдзек. Распавядае начальніца аддзелу цэнтру занятасьці насельніцтва Ларыса Савасьцянава:

(Савасьцянава: ) "Калі яны перабіраюць бульбу, ім даюць за дзень вядро. А колькі там бульбы ў тым вядры!"

Прыгарадны плямгас "Бярозкі" ўстанавіў сваю норму. Трапляючы ў "Бярозку", беспрацоўны гараджанін мусіць перабраць за дзень 680 кіляграмаў бульбы, аплата — рубель за кілё. Так што пры канцы дня чалавек атрымае 680 рублёў, за якія ў краме купіш хіба што паўтара бохана чорнага хлеба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG