Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АШМЯНСКАЯ НАМЭНКЛЯТУРА ПАТРАБУЕ АДСТАЎКІ СТАРШЫНІ РАЙВЫКАНКАМУ


Ганна Соусь, Менск—Ашмяны

Кіраўнікі амаль ўсіх прадпрыемстваў Ашмянскага раёну зьвярнуліся ў адміністрацыю Лукашэнкі з просьбай звольніць галоўнага вэртыкальшчыка Ашмяншчыны Вітольда Кудырку. Ашмянцы незадаволеныя аўтарытарным стылем кіраўніцтва старшыні райвыканкаму.

Вітольд Кудырка прыехаў у Ашмяны зь Ліды. Як распавёў мне кіраўнік мясцовай філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Іван Сташкевіч, прызначаць у Ашмяны кіраўнікоў зь іншых раёнаў апошнімі гадамі стала ўжо дрэннай традыцыяй. Улады мяркуюць, што ўсе мясцовыя начальнікі — злодзеі.

(Сташкевіч: ) "А як паказала практыка — усё наадварот. Мясцовыя кіраўнікі — разумныя, талковыя людзі. Ды ўсё ў іх добра атрымліваецца ў эканоміцы. А вось гэты недавер абражае мясцовых кіраўнікоў, прыніжае моцна.

Пракопчык Віктар Іванавіч, які быў да Кудыркі Вітольда Браніслававіча… Прыходзіць адзін вэртыкальшчык, цягне за сабой людзей. Зразумела, што ім трэба даць жыльлё, забясьпечыць добрымі аўтамабілямі й гэтак далей. А гэта вялікія грошы — сотні тысячаў даляраў. Аналягічна Вітольд Кудырка…"

А вось як тлумачыць зьмест ліста адзін зь ягоных падпісантаў, кіраўнік прадпрыемства "Гродбудсэрвіс" Юры Квяткоўскі.

(Квяткоўскі: ) "Нейкія незразумелыя афёры ладзіць наш старшыня выканкаму. Людзі супраць яго выказаліся, незадаволеныя ягонымі дзеяньнямі, распарадкам працы. Ледзь што ня так — "звольню з працы, пішы заяву".

Я так разумею, што старшыня выканкаму павінен разабрацца, выклікаць кіраўніка, выслухаць яго. Нельга ж так, маўляў, у цябе не атрымалася — вон, прыйдзе другі, у яго атрымаецца. Так давайце ўсіх разгонім. А як народу да гэтага ставіцца?"

Сёньня ў Ашмянах адбылася чарговая сэсія раённага савету. Плянавалася, што падпісанты, якія збольшага зьяўляюцца дэпутатамі, запатрабуюць адстаўкі Кудыркі. Але гэтага не адбылося. Сытуацыю тлумачыць прадстаўнік Ашмянскай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Пятро Явідовіч.

(Явідовіч: ) "Можа, кіраўнікі прадпрыемстваў, калгасаў, арганізацыяў запалоханыя ўладамі, таму й не паднялі гэтае пытаньне на раённай сэсіі. Але ж усё роўна ў думках кіраўнікоў прадпрыемстваў ёсьць такая ідэя — усё ж правесьці імпічмэнт. Цяпер яны трымаюцца ў "падпольлі", бо, калі яны сябе праявяць, іх у першую чаргу пачнуць звальняць. І тады нейкім чынам паўплываць на тое, каб звольніць Кудырку, будзе немагчыма".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG