Паводле афіцыйных асобаў, – піша сёньняшняя New York Times, – гэтая пастанова была прынятая ў сувязі зь нядаўным арыштам супрацоўніка ФБР, які 15 гадоў займаўся шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Масквы.
Учора дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Колін Паўэл у часе сустрэчы з расейскім паслом Юрыем Ушаковым назваў усіх, хто падлягае высылцы “супрацоўнікамі расейскай разьведкі, якія працуюць пад дыпляматычным дахам”.
Пастанова пра высылку была прынятая пасьля некалькіх тыдняў дэбатаў у адміністрацыі Джорджа Буша адносна пытаньня пра адказ на шпіёнскую справу Робэрта Філіпа Гэнсана. Афіцыйныя асобы ЗША прызнаюць, што Гэнсан сам прапанаваў сябе як крыніцу інфармацыі, аднак яны абвінавачваюць расейцаў у тым, што з Гэнсанам кантактавалі супрацоўнікі разьведкі, якія працуюць у расейскім пасольстве ў Вашынгтоне.
“Тон заяваў адміністрацыі Буша ў бок Расеі, – піша New York Times, – становіцца ўсё больш варожым, што абяцае рэзкае пагаршэньне двухбаковых адносінаў. У мінулым тыдні міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд абвінаваціў Маскву ў буйных пастаўках зброі краінам, якія ўяўляюць небясьпеку для Злучаных Штатаў, а намесьнік міністра Поль Вульфавіц падкрэсьліў, што расейцы гатовыя прадаць што заўгодна, абы атрымаць грошы. Рэакцыя Расеі на гэта была досыць рэзкай: Масква заявіла, што гэтыя абвінавачаньні напоўненыя духам халоднай вайны”.
“Высылка дыпляматаў, – піша Washington Post, – паказвае на бескампрамісны характар зьнешняй палітыкі прэзыдэнта Буша, які заняў жорсткую пазыцыю ў адносінах да Паўночнай Карэі, што ўскладніла пытаньне скасаваньня гэтай краінай вытворчасьці ракетаў. Адміністрацыя Буша таксама паведаміла, што будзе прысьпешваць працэс стварэньня новай проціракетнай сыстэмы абароны, нягледзячы на пярэчаньні Расеі, Кітаю і некаторых сваіх эўрапейскіх саюзьнікаў”.
Цяпер Вашынгтон чакае, што, як гэта заўсёды бывае, Расея вышле з краіны супрацоўнікаў ЦРУ, якія таксама працуюць пад дахам пасольства.
“Тым ня менш, – піша New York Times, – для Злучаных Штатаў гэта можа быць больш адчувальным чым для Расеі, таму што колькасьць супрацоўнікаў ЦРУ ў Расеі значна меншая, чым колькасьць супрацоўнікаў расейскай разьведкі ў ЗША”.
На думку афіцыйнага Вашынгтону, пасьля развалу СССР колькасьць расейскіх разьведчыкаў у ЗША ненадоўга скарацілася. Цяпер жа ФБР і ЦРУ мяркуюць, што гэтая колькасьць вярнулася да ўзроўню часоў Халоднай вайны.
Паводле афіцыйных дадзеных, зімой 2000 году ў расейскім пасольстве ў Вашынгтоне працавалі 114 дыпляматаў. Для параўнаньня: у пасольстве Вялікай Брытаніі іх толькі 76.
Сёньня адзін з вышэйшых расейскіх чыноўнікаў назваў сытуацыю з высылкай дыпляматаў “рэцэдывам халоднай вайны”. Гэта сапраўды так, бо халодная вайна ішла паміж двума роўнымі ў вайсковай сфэры бакамі. Цяпер жа Расея значна ніжэй ад Злучаных Штатаў як паводле вайсковых парамэтраў, так і ў галіне эканомікі, палітыкі. Вага Расеі на міжнароднай арэне выразна зьменшылася.
Адносіны паміж Расеяй і ЗША сёньня палягаюць на супрацоўніцтве ў галіне засваеньня космасу, барацьбы са злачыннасьцю і сусьветным тэрарызмам, утылізацыі ядзерных адкідаў, супрацоўніцтве ў гандлёвай, фінансавай сфэрах. У гэтых варунках барацьба са шпіёнствам – толькі прыватны эпізод, які сам па сабе наўрад ці можа зьмяніць курс супрацоўніцтва на канфрантацыю.