Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЕКТ КАНЦЭПЦЫІ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ БЯСЬПЕКІ ЎВАЖАЕ НАТО ЗА ПАТЭНЦЫЙНУЮ ПАГРОЗУ


Валер Каліноўскі, Менск

Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі Беларусі ўпершыню зьявілася за Аляксандрам Лукашэнкам. Пры ўрадзе Кебіча існавала толькі вайсковая дактрына, якая ніводную краіну не разглядала як патэнцыйнага праціўніка Беларусі.

Новая рэдакцыя канцэпцыі падрыхтаваная на рашэньне Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з новымі геапалітычнымі рэаліямі — у прыватнасьці, пасьля Косаўскага крызысу. Гаворыць намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі Станіслаў Князеў:

(Князеў: ) "Блёк NATO зрабіў папраўкі да ўласнай стратэгічнай канцэпцыі. Яны заявілі пра гатовасьць выкарыстоўваць сілавыя мэтады вырашэньня праблемаў, нават па-за рэгіянальнай прысутнасьцю блёку NATO".

Спадар Князеў паведаміў, што сярод шматлікіх пагрозаў праект не закранае небясьпекі вынішчэньня беларускай мовы й культуры пры цяперашняй палітыцы:

(Князеў: ) "Не, у Беларусі аднолькава разьвіваюцца дзяржаўныя мовы. Я думаю, гэткага адказу вам дастаткова".

Як паведаміў спадар Князеў, праект канцэпцыі нацыянальнай бяспекі распрацоўвае 31 ведамства, улічваюць самыя розныя пагрозы вонкавага і ўнутранага характару. Прычым, навая рэдакцыя прадугледжвае абавязковае разьвіцьцё супрацоўніцтва з Расеяй у межах саюзнае дзяржавы.

Тым ня менш, Станіслаў Князеў паведаміў, што вайсковага саюзу Беларусі й Расеі няма, як і супольнай вайсковай групоўкі.

Былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі мяркуе, што праца над новай канцэпцыяй вельмі пасьпешная. Галоўная зьмена, якая прапануецца і ў вайсковую дактрыну — вызначэньне нейкага ворага, які пагражае Беларусі.

З той інфармацыі, якой валодае Казлоўскі, вынікае, што патэнцыйным ворагам Рада Бясьпекі разглядае блёк NATO. Хаця Станіслаў Князеў абвяргае, што ў вайсковую дактрыну ўносіцца палажэньне пра верагоднага праціўніка, размова нібыта ідзе толькі пра магчымыя пагрозы.

(Казлоўскі: ) "Папярэдняя канцэпцыя была прынятая келейна ўладай, яна не публікавалася й не абмяркоўвалася ў грамадзтве. Таму й новая канцэпцыя, якая прымаецца цяпер, зьвязаная з той палітыкай, якая праводзіцца ўладай. І галоўнае ў гэтай палітыцы — зьберагчы сваю ўладу".

Павал Казлоўскі не выключае, што будзе вызначаны і ўнутраны вораг:

(Казлоўскі: ) "Я думаю, гэта можа адбіцца ў канцэпцыі, таму што ўнутраны вораг абазначаны сёньня вельмі яскрава ў выказваньнях лідэра дзяржавы, які называе сваіх апанэнтаў ворагамі, дамарошчанымі палітыкамі, бандзюгамі і гэтак далей. Галоўная задача — не дапусьціць да ўлады людзей іншых, разумных, дзяржаўных".

Павал Казлоўскі занепакоены, што новая канцэпцыя бясьпекі яшчэ хутчэй зробіць Беларусь паліцэйскай дзяржавай і ўзмоцніць манаполію на ўладу аднаго чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG