Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫ ШЭФ БЕЛАРУСКАГА КГБ БУДЗЕ ПРАЦАВАЦЬ ПАСЛОМ У ЮГАСЛАВІІ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле зьвестак з МЗС, агрэман (гэта значыць – дакумэнт, які азначае згоду югаслаўскіх уладаў прыняць Уладзімера Мацкевіча ў якасьці амбасадара Беларусі) ужо атрыманы. Звольнены са сваёй папярэдняй пасады летась 27 лістапада, Мацкевіч пасьля пяці месяцаў беспрацоўя атрымаў новую пасаду.

У гісторыі сучаснай Беларусі гэта ўжо другі выпадак, калі былы кіраўнік КГБ ад’яжджае амбасадарам за мяжу. Упершыню гэта адбылося пасья абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам, калі ён прызначыў Генадзя Лавіцкага кіраўніком дыпляматычнай місіі ў Ізраілі. Тады ўсе тлумачылі гэты пераход жаданьнем Лукашэнкі пазбавіцца ад чалавека, які шмат ведаў. У прыватнасьці, менавіта Лавіцкі займаўся ў свой час расьсьледаваньнем вядомай лёзьненскай справы, калі так і не было высьветлена, хто страляў па “Мерсэдэсу” Івана Ціцянкова.

Уладзімер Мацкевіч таксама валодае небясьпечнай для Лукашэнкі інфармацыяй. Да таго ж, накіраваньне чэкіста Мацкевіча менавіта ў Югаславію выглядае лягічным і з прычыны складанай сытуацыі ў гэтай краіне.

Пасьля звальненьня Мацкевіча з пасады шэфа КГБ у палітычных кулюарах нярэдка казалі пра тое, што ён мог бы стаць моцным канкурэнтам Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах. Маўляў, мог бы прайсьці шляхам Уладзімера Пуціна. Тым больш, што яны добра ведаюць адно аднаго з таго часу, калі ўзначальвалі адпаведна беларускі КГБ і расейскую ФСБ. Але цяпер, падобна, такі сцэнар ужо выключаны.

Паводле неафіцыйных зьвестак, на працаўладкаваньне Мацкевіча паўплываў Урал Латыпаў. Сьцьвярджаюць, што гэта ён пераканаў Лукашэнку – маўляў, хопіць пладзіць генэралаў-апазыцыянэраў. Ды і апарату КГБ, дзе Мацкевіч карыстаецца вялікай павагай, ня лішне паказаць, што генэрала не пакінулі бяз працы.

Адметна, што цягам мінулых пяці месяцаў Уладзімер Мацкевіч час ад часу даваў невялічкія інтэрвію з намёкамі на тое, што ад’яжджае ў Маскву, а таксама зьяўляўся разам з жонкай у апальным тэатры “Вольная сцэна”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG