Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЬТЭРНАТЫЎНЫЯ ФОРМЫ ПОСТУ – ШТО ГЭТА?


Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка, Прага

Зараз хрысьціяне пражываюць час Вялікага посту. І вось якраз посту будзе прысьвечаны сёньняшні выпуск нашай праграмы, а дакладней духоўнаму зьместу посту і яго альтэрнатыўным формам, якія сёньня практыкуюцца ў сьвеце.

Нядаўна мне давялося паслухаць два казаньні каталіцкіх сьвятароў у працягу адной нядзелі. Абодва сьвятары мелі прыблізна па 75 год, розьніца была ў тым, што адзін зь іх быў украінцам і зьвяртаўся да ўкраінцаў, а другі, адпаведна, быў чэхам і гаварыў да чэхаў. Зьмест іх казаньняў, прысьвечаных посту, быў цалкам супрацьлеглы. Украінскі сьвятар, які зьвяртаўся да вернікаў, пераважная большасьць якіх цяжка працуе на будоўлях Прагі, выразна і настойліва заклікаў іх адмовіцца ад спажываньня мяса ў серады і пятніцы, а чэскі сьвятар гаварыў нешта зусім адваротнае, а менавіта тое, што пост ня ёсьць дыетай, гэта найперш духоўная справа, і няважна, у якой менавіта форме мы рэалізуем свае ахвярныя ды пакаяльныя памкненьні ў посны час.

Мне былі зразумелыя пазыцыі абодвух сьвятароў – розьніца падыходаў тлумачылася розьніцай мэнталітэтаў і агульных узроўняў аўдыторыі, якая казаньні слухала. Сталічныя праскія католікі і правінцыйныя, пераважна вясковыя галіцкія уніяты, якія яшчэ ня так даўно наагул былі праваслаўнымі, – гэта сапраўды розныя плянэты. З другога боку, магчыма, рознымі былі і самі пазыцыі гэтых сьвятароў у падыходзе да зьместу посту.

Вось гэтак і нарадзілася ідэя расказаць беларускаму слухачу пра альтэрнатыўныя формы посту, якія зараз усё больш распаўсюджваюцца ў сьвеце.

Але найперш – пра зьмест посту наагул. Ля мікрафону Апостальскі візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан.

(Надсан: ) “Пост у самым элемэнтарным значэньні – гэта ёсьць устрыманасьць ад ежы, ад напіткаў, ад прыемнасьцяў цялесных, фізычных. Ён можа быць добры або дрэнны маральна, а можа быць абыякавы. Важна, якая мэта перад намі стаіць. У адным творы Максіма Вызнаўцы малады манах пытаецца свайго духоўнага настаўніка: “Скажы мне, ойча, чаму гэта Бог стаўся чалавекам?” І вось нам варта сабе гэтае пытаньне задаць перад тым, як пачаць пост. Бог стаўся чалавекам, каб нас узвысіць да Боства, каб мы маглі удзельнічаць у Боскім жыцьці, гэта значыць тое, што мы страцілі праз грэх. Бо грэх – гэта перадусім ёсьць беспарадак, страта, зламаньне нутраной гармоніі кожнай адзінкі. Калі Хрыстос стаўся чалавекам, ён быў дасканалай адзінкай, а ў нас гэтага няма. Гэта і ёсьць страта гэтай гармоніі.

У пост перадусім мы павінныя старацца аднавіць гэтую гармонію, умець навесьці ў сабе парадак, падпарадкаваць свае ніжэйшыя інстынкты, пачуцьці, жаданьні вышэйшым. Напрыклад, фізычныя жаданьні розуму.

Ёсьць і іншыя рэчы – пакута, жаль за грахі, але барацьба з грахом – самая важная. І Хрыстос сам казаў пра гэта, бо калі ён пасьціўся 40 дзён, калі д’ябал яго спакушаў і казаў, каб Ён зрабіў, каб камені сталіся хлебам, Ён сказаў: “Ня хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых”. Вось гэта самае важнае для нас – упарадкаваць сябе. Гэта ёсьць першы крок да ўдзелу ў Боскім жыцьці.

Нават у нашых літургічных песьнях вельмі цікава сьпяваецца ў першыя дні посту: “Посьцім, браты, цялесна, посьцім і духоўна, разарвем путы няправеднасьці, разьвяжам вузлы абязаньняў, вымушаных сілай, разьдзярэм усе няправедныя ўмовы, дамо хлеб галодным і прытулак бяздомным пад нашай страхой, каб нам атрымаць ад Хрыста веліч зьмілаваньня”. Так што бачыце, пост – ня толькі ўстрыманасьць ад ежы, але нешта пазытыўнае, пакліканьне быць добрым, быць лепшым у сваіх абавязках”.

Як мы чулі, айцец Аляксандар Надсан сказаў, што пост – гэта адмысловы час, у які вернікі маюць магчымасьць пастарацца аднавіць страчаную ўнутраную гармонію, наладзіць унутраны парадак, аднавіць страчанае ў выніку граху адзінства з Богам. Пост, сказаў айцец Аляксандар, гэта таксама час пакаяньня, час жалю за грахі.

А якія ж формы набывае гэтае імкненьне людзей упарадкаваць сваё духовае жыцьцё ў сучасным заходнім сьвеце? Жыцьцё моцна інтэнсыфікуецца і мяняецца, людзі вельмі энэргічна і цяжка працуюць, пералятаюць з кантынэнта на кантынэнт па некалькі разоў у працягу аднаго тыдня, хварэюць, часта побыт чалавека залежыць ад традыцыяў шматнацыянальнага і шматканфэсійнага калектыву, у якім ён працуе. Што робяць сучасныя вернікі на Захадзе, як адказваюць на выклікі часу? Ізноў гаворыць айцец Аляксандар Надсан…

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG