Сёньня падчас разгляду крымінальнай справы Валер'я Шчукіна ў судовай залі прысутнічалі прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі "Артыкул 19", Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ й журналісты.
Валер'я Шчукіна абвінавачваюць у тым, што 16 студзеня, калі ён намагаўся прайсьці на прэсавую канфэрэнцыю міністра Навумава, паміж ім ды ахоўнікамі адбылася бойка, падчас якой разьбілася шкло ў дзьвярах.
Міністэрства ўнутраных справаў прад'явіла грамадзянскі пазоў з патрабаваньнем, каб Шчукін заплаціў 96 000 рублёў за шкло. Гаворыць Валеры Шчукін:
(Шчукін: ) "Я дзяржаўнаму абвінаваўцу патлумачыў, што мае дзеяньні законныя, таму што прэс-канфэрэнцыя, дзе б яна ні праводзілася — адкрытае мерапрыемства. Тое, што яна адбываецца ў так званым рэжымным аб'екце — гэта цяжкасьці аховы.
Але ніхто ня мае права не пускаць журналіста на прэс-канфэрэнцыю. Я ня маю прэтэнзіяў да трох ахоўнікаў, якія мяне трымалі, бо яны папросту выконвалі загад. Але дзеяньні іхныя былі незаконныя, таму я ім не падпарадкаваўся", — патлумачыў сваю пазыцыю Радыё Свабода Валеры Шчукін.
У судзе Валеры Шчукін заявіў хадайніцтва, дзе прасіў даць Міхаілу Пастухову быць ягоным прадстаўніком. Судзьдзя Алена Ільіна пайшла на дзьве гадзіны ў дарадчы пакой, каб падрыхтаваць адмову. Яна спаслалася на тую акалічнасьць, што Шчукін ужо мае адваката. Пасьля перапынку суд пачаў апытваць сьведкаў па справе.