Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАЗВАНЫЯ ЛЯЎРЭАТЫ ДЗЯРЖАЎНЫХ ПРЭМІЯЎ БЕЛАРУСІ ЗА 2000 ГОД


Валянціна Аксак, Менск

Зрэшты, ва ўказе ўсё роўна зьявіліся іншыя прозьвішчы.

Пра тое, што Дзяржкамітэт па прэміях нават не прыняў да разгляду прапанаваную Радай Саюзу пісьменьнікаў кандыдатуру паэткі Ніны Мацяш, у літарацкіх колах стала вядома напрыканцы мінулага году, калі працэдура галасаваньня яшчэ не прайшла. І многія зь вядомых пісьменьнікаў публічна выказалі абурэньне гэтым.

Выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу Вольга Іпатава напісала ў камітэт ліст з просьбай улічыць думку Саюзу і ўключыць у сьпіс для галасаваньня кандыдатаў, якіх вылучыла Рада. Аднак камітэт не зрабіў гэтага, і замест Ніны Мацяш у сьпісе ляўрэатаў сёньня зьявіўся Ўладзімер Ліпскі разам з Уладзімерам Скарынкіным ды Міколам Кусянковым.

Вось як на нашу просьбу пракамэнтавала сытуацыю Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) "Добра, што Савіцкі не прайшоў. Менавіта Савіцкі атрымаў 31 голас супраць — з 32 галасоў. Скарынкін недзе так 12 на 13, але ж былі там за яго нейкія галасы. Я вам скажу, што Скарынкін у вялікай міласьці знаходзіцца ва ўлады".

Што ж да Ўладзімера Ліпскага, то хаця спадарыня Іпатава й ня мае пярэчаньняў наконт ягонага ляўрэацтва, але ня ведае, якім чынам ён трапіў у гэты сьпіс. Наагул, апошнія гады дзяржпрэміі ў галіне літаратуры ўлада прысуджае без уліку думкі прафэсіяналаў.

(Іпатава: ) "Атрымаў Глушакоў, атрымаў Марчук. Здаецца, Скобелеў атрымаў дзяржаўную прэмію. Яны не зьвярталіся да Саюзу пісьменьнікаў увогуле. Адбыўся працэс выцясьненьня Саюзу пісьменьнікаў зь ягоных адвечных сфэраў. Што можа быць больш саюзапісьменьніцкае за прысуджэньне прэміяў па літаратуры?

Яны сталі самі абыходзіцца, без Саюзу пісьменьнікаў, сталі самі прысуджаць прэміі па літаратуры. А тут раптам умяшаўся Саюз пісьменьнікаў, таму маімі паводзінамі выказвалі вялікае незадавальненьне. Да мяне даносіцца, што розныя дзяржаўныя структуры мною вельмі незадаволеныя".

І сёлетняе рашэньне палягае ў рэчышчы такой жа практыкі, лічыць Вольга Іпатава.

(Іпатава: ) "А тое, што яны зараз зрабілі, — ня выклік, бо выклік — гэта барацьба. То занядбаньне — маўляў, напляваць мы на вас хацелі, што вы там рашаеце. Каму хочам, таму даём. Вось як, на мой погляд", — сказала выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава.

Дарэчы, ігнараваньне думкі літарацкага саюзу выявілася і ў тым, што на ліст спадарыні Іпатавай у абарону сваіх кандыдатаў на прэмію чыноўнікі зь Дзяржкамітэту нават не адказалі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG