Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СТРАТЭГІЯ БЕЛАРУСКАЙ АПАЗЫЦЫІ Ў ЧАС ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ”


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.

Артыкул, які, пэўна, прачытае кожны, – гэта “Стратэгія беларускай апазыцыі ў час прэзыдэнцкай кампаніі”. Яго напісаў сам рэдактар газеты – Віктар Івашкевіч. Па-першае, ён даказвае, што легальна і мірна выйграць у Лукашэнкі на выбарах можна. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць: 80% кіраўнікоў – міністэрскіх і выканкамаўскіх чыноўнікаў, дырэктараў заводаў, старшынь калгасаў – настроеныя рэзка супраць сёньняшняга кіраўніка краіны. Асабістага жаданьня фальсыфікаваць выбары ў іх няма, ёсьць толькі страх страціць працу. Па-другое, трэба, каб у начальства быў аргумэнт: я нічога ня мог зрабіць, апазыцыянэры ўвесь участак абселі як мухі, кроку не давалі зрабіць, я ні ў чым не вінаваты. Між іншым – чыстая праўда. Вось і першая задача для дэмакратычных сілаў – забясьпечыць татальны кантроль за выбарамі. Зараз ідзе масавы набор назіральнікаў. Усяго трэба іх каля 20 тысяч – лічба рэальная. Сетка падрыхтоўкі назіральнікаў, іх навучаньня ўжо створаная.

На другой старонцы газэта “Рабочы” зьмясьціла артыкул пад назвай “Дзяржава прыгоннага права”, дзе распавядаецца, як мы захоўваем сваю чалавечую годнасьць і грамадзянскія правы. У прыватнасьці зноў усплыло пытаньне пра панаваньне на Беларусі адной канфэсіі – праваслаўнай. Гэта дзяржаўная палітыка, таму пратэстанты, прыхільнікі разнастайных усходніх культаў адчуваюць сябе ледзь не дзяржаўнымі злачынцамі. Вось толькі адзін прыклад: улады неаднаразова адхілялі звароты Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы аб рэгістрацыі.

Газета “Рабочы” традыцыйна падтрымлівае барацьбу свабодных прафсаюзаў за свае правы з адміністрацыяй прадпрыемстваў. На гэты раз выкруцілі рукі свабоднаму прафсаюзу працаўнікоў Наваполацкай ЦЭЦ. Ламаць прафсаюз пачалі зь яго лідэра – старэйшага машыніста турбіннага цэха Вячаслава Аўлахашвілі. На яго абрынулася процьма заўваг і пакараньняў. Рабочы ня вытрымаў і звольніўся. Тады кіраўніцтва Наваполацкай цеплаэлектрацэнтралі пачало распраўляцца з шараговымі членамі Свабоднага прафсаюзу. Прафсаюз у адказ пачаў судовую справу, стаў выдаваць сваю газэту і выкрываць дзеяньні адміністрацыі.

Трэба нагадаць: 2001 год аб’яўлены Міжнародным годам валанцёраў. У Беларусі разьвіцьцём валанцёрскага руху займаецца Цэнтар “Крок насустрач!” Ён узьнік шэсьць гадоў таму і сёньня аб ядноўвае каля 5 тысячаў чалавек. Добраахвотнікі наведваюць хворых і старых, добраўпарадкоўваюць дзіцячыя сады і сквэры, супрацоўнічаюць з Дзіцячым хоспісам, Фондам міласэрнасьці і здароў’я. Бліжэйшая акцыя валанцёраў – “Веснавы тыдзень дабра”. Газэта “Рабочы” заклікала сваіх чытачоў прыняць удзел у акцыі, якая пройдзе з 15 да 22 красавіка.

І апошні матэрыял, безумоўна, прыцягне ўвагу чытачоў, асабліва жанчын. Ён зьмешчаны на старонцы “Здароу’е”. Сёньня кожная другая жанчына Беларусі мае ў сваім “актыве” такія хваробы, якія зьяўляюцца папярэднікамі ракавых захворваньняў. Рак малочнай залозы пасьля Чарнобыля даў у Беларусі вялікі рост. Газэта прыводзіць ня толькі статыстыку, але й распавядае, як трэба захоўвацца ад хваробы, праводзіць самаабсьледаваньні. З надзеяй паведамляецца: на Беларусі больш за 20 тысячаў жанчын, хворых на рак малочнай залозы, праапэраваныя больш за пяць гадоў таму. Зараз яны жывыя і здаровыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG