Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЖАНОЧАЕ ПЫТАНЬНЕ" НА ПОСТСАВЕЦКАЙ ПРАСТОРЫ


Алена Радкевіч, Прага

(Радкевіч: ) “Сёлета 90-ы раз адзначаўся Міжнародны жаночы дзень.

Ідэя ўсталяваньня адмысловага дня салідарнасьці працоўных жанчынаў усяго сьвету ў барацьбе за свае правы належыць вядомай нямецкай рэвалюцыянэрцы Клары Цэткін – яна вылучыла гэтую ідэю на жаночай канфэрэнцыі ў Капэнгагэне ў 1910 годзе. Дзень 8 сакавіка быў абраны для сьвята жаночай салідарнасьці не выпадкова. Менавіта сакавіцкай раніцай 1908 году жанчыны Ню-Ёрку кінулі працу і выйшлі на вуліцу з патрабаваньнем роўных правоў з мужчынамі.

Упершыню Міжнародны жаночы дзень адзначылі ў некаторых Эўрапейскіх краінах у 1911 годзе, а ў Расеі і Беларусі – у 1913. З кожным годам колькасьць такіх краінаў павялічвалася, і ў 70-я гады 20 стагодзьдзя ААН абвесьціла 8 сакавіка Міжнародным жаночым днём.

Пасьля распаду СССР 8 сакавіка перастала шырока адзначацца ў краінах СНД і Ўсходняй Эўропы. У многіх былых рэспубліках СССР гэты дзень ужо нават не пазначаны ў календары. У Беларусі ж, Расеі і на Ўкраіне – адзначаецца як афіцыйнае дзяржаўнае сьвята.

Чаму амаль ва ўсёй Эўропе гэтае сьвята фактычна адмянілася, і толькі на прасторах былога СССР у асобных дзяржавах засталося ў якасьці дзяржаўнага? У чым тут справа: у сацыяльнай інэрцыі ці наяўнасьць гэтага сьвята прадыктаваная неабходнасьцяй далейшай барацьбы жанчынаў за свае правы?”

(Стрэляны: ) “Цікава, што менавіта гэтае сьвята савецкі народ умудрыўся выхаласьціць такім чынам, што не пакінуў у ім амаль нічога ад палітыкі, ад сацыяльнага грамадзкага сэнсу, ад барацьбы жанчынаў за свае правы. Больш за тое: народ вельмі хутка стаў над усім казённым сэнсам гэтага сьвята – між іншага, для Ню-Ёрскіх жанчынаў сэнсам нармальным і ўзвышаным, але ж вядома, у што пераўтварылі гэтыя сэнсы бальшавікі. Дык вось народ усё гэта прыбраў і ператварыў у звычайнае жаночае сьвята, з задавальненьнем яго адзначаў.

І гэтая гульня ўлады – казённай ідэалёгіі з народам, як частка ўвогуле вечнай гульні савецкай улады з народам – працягваецца і дагэтуль. Улада робіць выгляд, што гэта па-ранейшым савецкае сьвята жаночай роўнасьці, барацьбы жанчынаў за раўнапраўе, а народ ведае сваё: што ў гэты дзень трэба прынесьці букет (па-магчымасьці данесьці яго дадому), на працы нешта падараваць жанчынам, што належыць – вось, уласна кажучы, і ўсё. Гэта працяг усё той жа гульні.

Напэўна, гэтая гульня паступова скончыцца, і цалкам зразумела, што пераможа тут насельніцтва, стыхія. І на пасьлясавецкай прасторы жаночае сьвята будуць адзначаць зусім ня так, як у Эўропе, а без усялякай палітыкі. У Эўропе яно ж не зусім зьнікла, яно яшчэ застаецца, але ў сваім сапраўдным сэнсе – у тым, які ў яго ўкладалі Ню-Ёркскія жанчыны”.

(Радкевіч: ) “Сапраўды, гэты дзень дае падставы міжнародным фэміністычным арганізацыям зноў і зноў уздымаць пытаньне аб правах жанчынаў, выходзіць на дэманстрацыі, заклікаць да салідарнасьці жанчынаў іншых – у тым ліку і постсавецкіх – краінаў. І многія жаночыя арганізацыі на прасторах былога СССР падхопліваюць гэты заклік. Ці здолеюць, напрыклад, у Беларусі жанчыны, зарганізаваныя ў розныя фэміністычныя структуры, зьмяніць у псыхалёгіі грамадзтва ўспрыняцьце гэтага дня?”

(Дракахруст: ) “Думаю, не. Я б хацеў крыху запярэчыць Анатолю Іванавічу: магчыма, сапраўды, на самым пачатку савецкай эры так было, што ўлада ўспрымала гэтае сьвята, як дзень жаночай салідарнасьці і іх змаганьня за свае правы, а народ успрымаў яго проста як жаночае сьвята.
Але наколькі я памятаю, ужо ў 80-я гады нават улада ўспрымала яго як чыста жаночае сьвята. Нават кіраўнікі дзяржавы даравалі жанчынам кветкі, казалі пра іх мілыя словы, і гэта быў той рэдкі выпадак, калі і сацыяльныя вярхі, і сацыяльныя нізы ўспрымалі яго аднолькава.

Сапраўды, тут была нейкая гульня, пераасэнсаваньне сьвята, але на самой справе ў Заходняй Эўропе, у ЗША такой гульні проста не было – такое сьвята зьнікла, і яго адзначаюць вельмі вузкія колы.


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG