Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВАРАЛЬНІКІ НОВАГА ПРАФСАЮЗНАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ ТЛУМАЧАЦЬ, ШТО СТРАЙКАМ, АЧОЛЕНЫ В. ЛЕВАНЕЎСКІМ, НЕ ВЫРАЖАЕ ІНТАРЭСАЎ УСІХ ГАНДЛЯРОЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Аб'яднаную раду прафсаюзаў прадпрымальнікаў заснавалі прадстаўнікі трох беларускіх прафсаюзаў — Свабоднага, Незалежнага й прафсаюзу "Садружнасьць".

Суполкі гэтых прафсаюзаў сёньня дзейнічаюць на рэчавых рынках шмат якіх гарадоў. У новую арганізацыю ўвайшлі прадстаўнікі Менску, Віцебску, Магілёву, Гомеля, Пінску, Мазыра ды іншых рэгіёнаў.

На ўстаноўчым сходзе гаварылі, што Аб'яднаная рада разьлічвае зрабіцца ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі структурай, якая складзе альтэрнатыву Страйкаваму камітэту.

На думку ўдзельнікаў сёньняшняга паседжаньня, Страйкам, які ўзначальвае гарадзенскі прадпрымальнік Валеры Леванеўскі, не зьяўляецца выразьнікам інтарэсаў усіх беларускіх гандляроў.

Гаворыць лідэр суполкі Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Дзяржынску Валеры Сіманаў:

(Сіманаў: ) "Усе дзеяньні, якія ажыцьцяўляў Страйкам — гэта некалькі буйных страйкаў — фактычна ня мелі плёну. Стан беларускіх індывідуальных прадпрымальнікаў не зьмяніўся. А калі няма вынікаў, то дзейнасьць Страйкаму выклікае ў нас сумнеў. Вось чаму мы ствараем новую структуру.

Мы мяркуем каардынаваць нашу дзейнасьць у межах гэтай структуры, ажыцьцяўляць сумесныя ды буйныя акцыі пратэсту, калі па перамовах з уладамі нашых патрабаваньняў не пачуюць".

Як вынікае з тлумачэньняў іншых удзельнікаў паседжаньня, прафсаюзных лідэраў раздражняе дзейнасьць Страйкаму яшчэ й з той прычыны, што яна скіраваная на абслугоўваньне прэзыдэнцкіх амбіцыяў Валер'я Леванеўскага.

Гаворыць лідэр суполкі незалежнага прафсаюзу наваполацкіх гандляроў Валеры Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) "Мы бачым пазыцыю Леванеўскага, які правакуе прадпрымальнікаў, каб яны галасавалі за яго і ягоныя амбіцыі. Ён жа нават у праект дэкрэту пра адзіны падатак ніводнай думкі сваёй не прапанаваў, ніколі ён ня думаў пра справы прадпрымальнікаў".

Думка пра сёлетнія прэзыдэнцкія выбары моцна паўплывала на стварэньне новай арганізацыі. Вось што зазначыла на гэты конт нашаму радыё адна зь лідэрак менскай арганізацыі прафсаюзу "Садружнасьць" Кацярына Навумовіч:

(Навумовіч: ) "Каб у гэтай краіне дамагчыся нармальных умоваў для працы, абавязкова трэба займацца палітыкай. Улады пачнуць лічыцца з прадпрымальнікамі толькі тады, калі ўбачаць, што тыя арганізаваныя.

Мы працуем у месцах, якія наведвае шмат людзей, таму ад нас моцна залежаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Мая прапанова для новай арганізацыі наступная: апроч эканамічных пытаньняў, мы мусім рыхтавацца да выбараў.

Я лічу, што мы павінны прагаласаваць супольна, за аднаго кандыдата", — зазначыла Кацярына Навумовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG