Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МЕНСКІМ ВАКЗАЛЕ ЗАТРЫМАЛІ АКТЫВІСТА АГП Я.ЛАБАНОВІЧА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Яўген Лабановіч быў затрыманы а 10-й гадзіне ўвечары, непасрэдна на чыгуначным пэроне за некалькі хвілінаў да адыходу цягніка "Менск–Масква". У Маскве ён меўся сустрэцца зь вядомымі расейскімі палітыкамі й супрацоўнікамі тэлеканалу НТВ.

Аднак калі Яўген Лабановіч ужо зьбіраўся сесьці ў вагон, да яго падышлі два міліцыянты ў форме й каля дзесяці асобаў у цывільным і заявілі, што маюць загад яго затрымаць ды перагледзець ягоны багаж.

Яўген спрабаваў пратэставаць, але безвынікова. Старшыню выканкаму АГП даставілі ў вакзальны пастарунак, паказалі пастанову пра ператрус ягоных рэчаў, падпісаную сьледчым, які вядзе справу Зьмітра Завадзкага, ды загадалі распакаваць багаж.

Спадар Лабановіч адмовіўся падпарадкоўвацца загаду, тады міліцыянты й супрацоўнікі пракуратуры ўжылі сілу й правялі-такі ператрус. Як вынік, у Яўгена Лабановіча канфіскавалі відэакасэту зь фільмам Паўла Шарамета "Дзікае паляваньне", копію заявы супрацоўніка пракуратуры пра некаторыя падрабязнасьці зьнікненьня вядомых асобаў, ды іншыя дакумэнты, што тычацца справаў Ганчара, Завадзкага, Захаранкі й Красоўскага.

Яўген Лабановіч адмовіўся падпісваць пратаколы затрыманьня й канфіскацыі дакумэнтаў. Яго пратрымалі ў пастарунку каля трох гадзінаў, пасьля адпусьцілі. Старшыня выканкаму АГП сеў на начны цягнік і сёньня раніцай ужо быў у Маскве.

Вось што спадар Лабановіч паведаміў нашаму радыё пра прычыны свайго затрыманьня:

(Лабановіч: ) "Яны, лічу, паказалі, што ня маюць аніякага інтарэсу да таго, каб гэтыя гучныя справы былі раскрытыя. Яны супраць таго, каб гэтыя падзеі мелі гучны рэзананс па сьвеце.

Безумоўна, яны праслухоўваюць усе мае тэлефоны — хатні, працоўны, мабільны, і па выніках праслухоўваньня ведалі, да каго я еду ў Маскву, яны ведалі, з кім я буду сустракацца. Таму яны зрабілі ўсё, каб у мяне не было тых матэрыялаў, зь якімі я бы мог размаўляць з гэтымі людзьмі".

Паводле спадара Лабановіча, ягонае затрыманьне было бессэнсоўным. Бо пасьля выхаду з пастарунку ён патэлефанаваў сваім партыйным калегам, і тыя прывезьлі яму на вакзал копіі ўсіх канфіскаваных дакумэнтаў.

У сваёй сёньняшняй заяве кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі называе затрыманьне Яўгена Лабановіча "чарговым прыступам мазаічнай псыхапатыі беларускіх уладаў".

Сам жа Яўген Лабановіч мае намер неўзабаве накіраваць адпаведную скаргу ў пракуратуру Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG