Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ МІНУЛАГА ТЫДНЯ


Падрыхтаваў Юрась Барысевіч, Менск

У Скарынаўскім цэнтры прайшла прэзэнтацыя багаслоўска-літаратурнага часопісу “Жыровіцкая абіцель”. Рэдагуе яго вядомы праваслаўны паэт Алег Бембель, паслушнік Сьвята-Ўсьпенскага Жыровіцкага манастыра. У кожным нумары часопісу друкуюцца беларускія вершы, а адзін зь бліжэйшых нумароў мае выйсьці цалкам у беларускай мове.

Беларускія мастакі ўпершыню ўзялі ўдзел у традыцыйным бэрлінскім фэстывалі кампутарных фільмаў Transmediale. Фундатарам прэзэнтацыйнае праграмы беларускага мэдыяльнага мастацтва сталася Міністэрства замежных справаў Нямеччыны. Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва цяпер рыхтуе першы ў Беларусі фэстываль мэдыя-арту. Фэстываль пад назваю Transit.01_by пройдзе ў кастрычніку.

У Доме Літаратара прайшла вечарына памяці гісторыка Міколы Ермаловіча, які трагічна загінуў год таму. Клюб “Спадчына”, які наладзіў вечарыну, зьбірае сродкі на помнік Ермаловічу ў Маладэчне й на мэмарыяльную дошку для дому, дзе ён жыў.

“Беларускі кнігазбор” выдаў кнігу Людкі Сільновай “Зеленавокія воі ды іх прыгажуні” , якую раней можна было прачытаць толькі ў інтэрнэце на “Беларускай палічцы” . Кнігу складаюць вершаваныя партрэты 30 дзяячоў нацыянальнага адраджэньня — пісьменьнікаў, журналістаў, гісторыкаў. Усім ім аўтарка прызнаецца ў каханьні. Аформіў кнігу мастак Яраслаў Мальдзіс, сын культуроляга Адама Мальдзіса.

Беларуская фэдэрацыя турызму і Асацыяцыя экскурсаводаў, гідаў і перакладнікаў наладзілі ў музэі І зьезду РСДРП выставу па гісторыі беларускага турызму. Сярод экспанатаў — адмысловая паходня, запаленая ў Антарктыдзе падчас міжнароднае акцыі “Шлях міру ў трэцяе тысячагодзьдзе”. На выставе можна набыць кампакт-дыск пра найбольш папулярныя турыстычныя маршруты па Беларусі.

У Доме дружбы адчынілася выстава жывапісу Марты Шматавай “Жаночы вобраз”. Многія з гэтых палотнаў раней выстаўляліся ў штаб-кватэры NATO і ў Эўрапарлямэнце — мабыць, у якасьці “сакрэтнае зброі” нашай дзяржавы: усе творы Шматавай прысьвечаныя прыгажосьці беларускіх жанчынаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG