На які дзень прызначаць дату прэзыдэнцкіх выбараў? Які час правядзеньня выбараў больш выгадны ўладзе, а які — апазыцыі?
(Цыганкоў: ) "На гэтым тыдні былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер незалежны палітык ці аналітык Леанід Сініцын заклікаў палату прадстаўнікоў прызначыць прэзыдэнцкія выбары на 15 ліпеня.
Варта патлумачыць нашым слухачам, калі могуць прайсьці прэзыдэнцкія выбары. Артыкул 81 Канстытуцыі, якую прынялі на рэфэрэндуме 1996 году, гаворыць: "Выбары Прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней як за 5 месяцаў і праводзяцца не пазьней як за 2 месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта".
Такім чынам, паводле Канстытуцыі 1996 году паўнамоцтвы Лукашэнкі закончацца сёлета 26 лістапада. Адсюль вынікае, што дата выбараў павінна быць прызначаная Палатай прадстаўнікоў не пазьней як 26 чэрвеня. А самі выбары, дакладней, першы тур, мусіць прайсьці не пазьней за 26 верасьня.
Пры гэтым мне юрысты казалі, што беларуская Канстытуцыя, адрозна ад іншых краінаў, не вызначае дакладна часавых межаў што да дня выбараў.
Апошні тэрмін ёсьць — 26 верасьня. Але дзень, ад якога могуць пачацца выбары, ня вызначаны. Таму дзень выбараў можа быць прызначаны й на травень, чэрвень, ліпень — Канстытуцыя гэтага, здаецца, не забараняе, і ніякай пэўнасьці заканадаўства тут не дае.
Цікава паразважаць, чаму ўлада дагэтуль не прызначыла даты выбараў, хаця даўно магла гэта зрабіць — склікаць адмысловую сэсію палаты, прызначыць дату нават на вясну.
Віталь, які дзень выбараў, на вашую думку, быў бы ўладзе найбольш выгадны?"
(Тарас: ) "Фактычна перадвыбарчая кампанія Лукашэнкі ўжо пачалася, і даўно. Урэшце, яна ж ніколі не спынялася за часам кіраваньня Лукашэнкі. Ён увесь час на экранах, пра яго афіцыйная прэса гаворыць толькі станоўчае, і фактычна ён ёсьць кандыдатам на прэзыдэнта, які, праўда, пра гэта не абвяшчаў.
Апазыцыя, я лічу, магла б распачаць справу на Лукашэнку з прычыны дачаснай перадвыбарчай кампаніі. Праўда, ня ўпэўнены, што такая справа мела б юрыдычную пэрспэктыву.
З другога боку, апазыцыі варта рыхтавацца да таго, што выбары могуць абвесьціць хоць зараз. Лукашэнка, як вы казалі, можа склікаць пазачарговае паседжаньне палаты й прызначыць выбары.
Чаму ўлада дагэтуль так не зрабіла? Магчыма, Лукашэнка яшчэ не адчувае бясьпекі сваіх тылоў, ня ведае, як Масква будзе сябе паводзіць у гэтай сытуацыі, і вядзе палітычныя манэўры, каб заручыцца нейкай падтрымкай — і тады пачаць ужо фактычна прэзыдэнцкую кампанію".
(Цыганкоў: ) "Давайце паспрабуем ацаніць, які дзень выбараў — у сярэдзіне лета ці ў верасьні — выгаднейшы для ўлады, а які — для апазыцыі. Калі ласка, Валер Карбалевіч".
(Карбалевіч: ) "Заўсёды ўладзе выгадней аб'явіць дату выбараў як мага пазьней.
Я думаю, што афіцыйна дату выбараў аб'явяць не раней за чэрвень. Таму штоЛукашэнка ведае дату й рыхтуецца да яе мэтанакіравана, а апазыцыйныя кандыдаты будуць у стане чаканьня, няпэўнасьці.
Палітычныя тэхнолягі ведаюць, якая розьніца між выбарчай кампаніяй, прывязанай да пэўнай даты выбараў і наадварот — калі дата выбараў няпэўная, прыблізная.
Калі казаць пра інтарэсы Лукашэнкі, то правядзеньне выбараў летам мае й плюсы й мінусы. Станоўчыя бакі такія: апазыцыя не пасьпее падрыхтавацца, па-другое, лета больш спрыяльнае для Лукашэнкі, чым для апазыцыі.
Электарат Лукашэнкі больш мабілізаваны менавіта летам, у той час як электарат апазыцыі — гэта значная частка сярэдняй клясы — можа проста разьехацца ў іншыя краіны на адпачынак, студэнцтва ня будзе на месцы.
Аднак лета мае й мінусы для Лукашэнкі. Вельмі цяжка будзе растлумачыць, чаму неабходна праводзіць фактычна датэрміновыя выбары — калі гэта будзе ў ліпені.
Па-другое, сам Лукашэнка не пасьпее падрыхтавацца. Ён напачатку году даручыў ураду падвысіць заробкі другі раз менавіта недзе ў ліпені-жніўні. Раней проста не атрымаецца — ня знойдуць грошай. Таму я думаю, што выбары будуць усё ж у верасьні.
Для апазыцыі — чым пазьней, тым лепш. Час працуе зараз на апазыцыю; з арганізацыйна-тэхнічных меркаваньняў лепш пазьней, бо яшчэ ня вызначылі адзінага кандыдата; праблема падрыхтоўкі кадравых рэсурсаў — апазыцыі выгадней, каб выбары адбыліся ў верасьні".
(Тарас: ) "Хацеў бы коратка запярэчыць гэтаму тэзысу спадара Карбалевіча. Апазыцыя даўно магла падрыхтавацца ў арганізацыйным сэнсе да гэтых выбараў, і дадатковы час нічога ня дасьць.
Альбо апазыцыя, палітычныя партыі гатовыя да выбараў альбо не гатовыя зусім. І час прызначэньня выбараў тут ня мае вялікай ролі".
(Цыганкоў: ) "Тут ёсьць яшчэ адзін аспэкт — замежнапалітычны. Памятаю, яшчэ ўвосень даволі актыўна абмяркоўвалі, ці можа Лукашэнка прызначыць выбары на вясну. Тэарэтычна ён гэта, відаць, мог зрабіць, і відавочна, усе перавагі былі б на ягоным баку.
Але Лукашэнка гэтага не зрабіў, магчыма з-за "маскоўскага чыньніка". Беларуская ўлада хоча дакладна ведаць, каго на гэтых выбарах падтрымае Крэмль ды толькі пасьля гэтага прызначаць дату, каб правесьці выбары вельмі хутка.
Крэмль, у сваю чаргу, хоча адваротнага: спачатку дачакацца абвешчаньня дня выбараў, а потым ужо рабіць свае прыярытэты й стаўкі. Ідзе такая складаная псыхалягічная гульня паміж Крамлём і беларускім "чырвоным домам" — хто раней вызначыцца.
А цяпер вернемся да Леаніда Сініцына, які ў лісьце да дэпутатаў палаты прадстаўнікоў заявіў, што пачынаецца дзікая прыватызацыя найлепшых беларускіх прадпрыемстваў. Ці сапраўды ўлада мае гэткія слабыя эканамічныя рэсурсы, што вымушаная ісьці нават на прыватызацыю?
Адзначу, што гэта кардынальна супярэчыць ўсёй палітыцы і ідэалёгіі Лукашэнкі, і можа абмежаваць ягоную эканамічную ўладу, нават калі ён выйграе прэзыдэнцкія выбары. Ён павінен разумець, што аддаўшы найлепшыя прадпрыемствы, ён страціць многія рычагі ўлады".
(Тарас: ) "Працэс "дзікай" прыватызацыі цалкам аб'ектыўны, бо няма законаў, бо Лукашэнка супраціўляецца "нармальнай" прыватызацыі — якая ёсьць перадумовай разьвіцьця эканомікі ў сучасным сьвеце. Таму прыватызацыя ідзе "дзікім" спосабам.
А тое, што яе праводзяць расейскія прадпрымальнікі, таксама зразумела — калі клімат цалкам неспрыяльны для замежных заходніх інвэстыцыяў, прыватызацыя ідзе гэткім "дзікім" чынам з боку расейскай экспансіі.
І гэта не залежыць ад Лукашэнкі — хацеў бы ён таго ці не хацеў".
(Цыганкоў: ) "Аднак дагэтуль залежала. Лукашэнка мае настолькі вялікія ўладныя паўнамоцтвы, што можа спыняць непадуладную яму прыватызацыю, што ён раней і рабіў.
І як вядома, прыватызацыя кожнага больш-менш значнага прадпрыемства праходзіць праз асабісты кантроль і дазвол кіраўніка дзяржавы. Пытаньне ў тым, ці ня вымушаны ён зараз мяняць сваю пазыцыю — не таму, што раптам зрабіўся эканамічным лібэралам і прыхільнікам вольнага рынку, а проста дзеля захаваньня сваёй улады".
(Карбалевіч: ) "Вядома, аддаўшы найлепшыя прадпрыемствы, Лукашэнка страціць эканамічную ўладу над краінай, але ж лепш мець абмежаваную ўладу, чым рызыкаваць уладай наагул.
Тое, што грошай не хапае — гэта відавочна. Але грошай бракуе заўсёды, асабліва на перадвыбарчую кампанію. Тыя публічныя перамовы, якія вядзе Лукашэнка з прадстаўнікамі расейскага капіталу (маю на ўвазе кіраўніка банку "Авангард" па праблеме інвэстыцыяў у "Белшыну" ці з кіраўніком піўной кампаніі "Балтыка") — гэта прапановы субсыдыяў у канкрэтную вытворчасьць, а ня ў фонд Лукашэнкі.
Але што там адбываецца па-за публічнай палітыкай, тут сказаць цяжка — няма інфармацыі".
(Тарас: ) "Але можна дапусьціць, што гэта адзін з рычагоў ціску Масквы на Лукашэнку. Бо колькі б ён ні меў у сваім фондзе на выбарчую кампанію, грошы маскоўскіх алігархаў ці дзяржаўная расейская фінансавая моц заўсёды можа пераважыць. Калі толькі Масква вырашыць, што ёй варта ўдзельнічаць у гэтай гульні, а не пакінуць вырашаць усё на ўнутрыпалітычным полі Беларусі.
І мне здаецца, што найхутчэй менавіта ад апазыцыі ў Беларусі будзе залежаць, як пройдзе гэтая перадвыбарчая кампанія".