Прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын, сьцьвярджаецца ў артыкуле Financial Times, які наведаў Рыгу, заявіў, што будучыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць свабодныя і справядлівыя, нягледзячы на ранейшыя абвінавачаньні беларускіх ўладаў у фальсыфікацыі выбараў. Ён скрытыкаваў таксама палітыку дыпляматычнай ізаляцыі Беларусі, якую праводзяць ЗША і іх саюзьнікі. “Я лічу, – падкрэсьліў Ярмошын на прэсавай канфэрэнцыі, – што гэтая праблема створаная не Беларусьсю, а іншымі краінамі, таму што яны карыстаюцца палітыкай падвойных стандартаў”.
На думку Ярмошына, міжнародная супольнасьць будзе вымушаная прызнаць вынік выбараў, якія адбудуцца ў другой палове году. Ён абвергнуў інфармацыю аб тым, што вынік выбараў будзе фальсыфікаваны на карысьць прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Легітымнасьць рэжыму Лукашэнкі не прызнаецца беларускай апазыцыяй, пасьля таго як ён з дапамогай сфальсыфікаванага рэфэрэндуму падоўжыў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Пасьля гэтага дыпляматычныя кантакты Беларусі з большасьцю краінаў сьвету былі замарожаныя.
Спадар Ярмошын, піша Financial Times, заклікаў Эўрапейскі Зьвяз і ЗША вярнуць Беларусь у міжнародную супольнасьць і асудзіў крытыкаў сваёй краіны. “Мы цяпер ажыцьцяўляем канкрэтныя крокі, – падкрэсліў ён, – накіраваныя на тое, каб прадэманстраваць нашую заклапочанасьць гэтымі праблемамі. Іншыя краіны таксама павінныя нешта зрабіць. Немагчыма выкінуць нейкую краіну з Эўропы".
Прадстаўнікі АБСЭ, Рады Эўропы і Эўрапейскага парлямэнту, якія наведалі Менск на пачатку гэтага тыдня, заклікалі беларускія ўлады гарантаваць справядлівасьць прэзыдэнцкіх выбараў. Дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі Цэнтральнай выбарчай камісіі і прадстаўнікамі апазыцыі, якія сьцьвярджаюць, што парлямэнцкія выбары ў мінулым кастрычніку былі сфальсыфікаваныя.
АБСЭ таксама выказала сумнеў ў справе дэмакратычнасьці кастрычніцкіх выбараў і легітымнасьці цяперашняга беларускага ўраду.
Ярмошын жа як бы прадбачыў будучую думку міжнародных назіральнікаў адносна прэзыдэнцкіх выбараў: усе залежыць ад таго, да якой высновы яны прыдуць, – заявіў ён, – калі яны будуць аб’ектыўныя, мы прызнаем іх. Калі не – мы адкрыта выкажам ім нашу думку.
Ярмошын таксама, піша Financial times, абвергнуў інфармацыю міжнародных арганізацыяў аб тым, што рэжым Лукашэнкі рэпрэсуе сваіх палітычных праціўнікаў. “Ёсьць канструктыўная апазыцыя, якая працуе ў інтарэсах дзяржавы. Мы прызнаем яе і яна мае гарантаваныя свае правы і свабоду слова. Але ёсьць апазыцыя, якая імкнецца да зьнішчэньня беларускай дзяржавы. Гэтую апазыцыю, зразумела, мы ня можам талераваць,” – сказаў Яромшын.