Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖУКАВЕЦ ЗАСТАНЕЦЦА ПАД ВАРТАЙ У БЕЛАСТОКУ ЯШЧЭ НА ТРЫ МЕСЯЦЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Перад сёньняшнім паседжаньнем па справе Андрэя Жукаўца каля будынку Беластоцкага акруговага суду аргкамітэт "Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы" выставіў пікет.

Больш за 10 пікетчыкаў, сярод якіх былі маці спадара Жукаўца й ягоная жонка Натальля з малым сынам, дамагаліся, каб суд кіраваўся ня толькі двухбаковай дамовай аб прававой дапамозе 1994 году, але й "Эўрапейскай канвэнцыяй аб экстрадыцыі".

Беларускія ўлады абвінавачваюць Андрэя Жукаўца ў невяртаньні буйнога крэдыту (каля 700 000 даляраў) і дамагаюцца ад Польшчы дэпартацыі бізнэсоўца. Сам жа арыштаваны й ягоная абарона сьцьвярджаюць, што беларускія ўлады перасьледуюць яго з палітычных матываў — як актыўнага апазыцыянэра.

Пікетчыкі таксама дамагаліся, каб адміністрацыя турмы, у якой трымаюць Жукаўца, паважала ягоныя правы. Ужо некалькі дзён Андрэй Жукавец трымае галадоўку, і зьявілася інфармацыя, што ахова зьбіраецца карміць яго сілай.

Паводле сакратара аргкамітэту "Зьвязу ўцекачоў" Віктара Нагнібяды, калі гэтая інфармацыя пацьвердзіцца, іхная арганізацыя накіруе афіцыйны пратэст у "Міжнародную амністыю" ды ў іншыя праваабарончыя арганізацыі.

Акцыі падтрымкі Андрэя Жукаўца маюць шырокі розгалас у Польшчы (на сёньняшнім пікеце прысутнічалі прадстаўнікі многіх СМІ). І гэта, на думку беларускіх палітычных уцекачоў, зьмяншае верагоднасьць экстрадыцыі Жукаўца.

Тым ня менш, акруговы суд Беластоку сёньня прыслухаўся да прапановы мясцовай пракуратуры і працягнуў яшчэ на 3 месяцы тэрмін знаходжаньня Жукаўца пад вартай. Пра гэта прасілі польскі суд і беларускія праваахоўчыя органы, якія нібыта не пасьпелі сабраць і прадаставіць суду ўсіх доказаў ягонай віны.

Намесьнік старшыні аргкамітэту "Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў" Андрэй Юцкевіч так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

(Юцкевіч: ) "Гэта вельмі балючае рашэньне — будзе чалавек за кратамі чатыры месяцы, бо няма супраць яго ніякіх абвінавачаньяў. Як можна апэляваць да Інтэрполу, а пасьля выходзіць, што за месяц не змаглі знайсьці аніводнай паперкі!

Мне падаецца, што з боку беларускай пракуратуры гэта намаганьне зацягнуць час, каб хваля абурэньня сьцішылася, каб высокі ўзровень грамадзкай цікавасьці да справы Андрэя Жукаўца зьменшыўся. Мне падаецца, гэткая старая азіяцкая хітрасьць".

Сябры аргкамітэту "Зьвязу" разам з польскім Гельсынскім камітэтам будуць дамагацца вызваленьня спадараЖукаўца пад падпіску пра нявыезд. Неўзабаве яны правядуць у Варшаве пікеты ў абарону зьняволенага каля Генэральнай пракуратуры й адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG