Тэрмін прэзыдэнцкіх выбараў няўхільна набліжаецца. Ужо збольшага вызначылася кола магчымых прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду ў дзяржаве. Але пакуль невядомы адказ на дзіўнае, на першы погляд, але даволі важнае пытаньне – пра што будуць выбары, якім будзе іх парадак дня? Інакш кажучы, вакол якіх праблемаў будуць віраваць перадвыбарчыя дэбаты, якія накірункі разьвіцьця краіны будуць увасабляць сабою кандыдаты?
Ужо зараз можна прагназаваць зьяўленьне нечаканасьцяў. Нават такое строгае ў пытаньнях нацыянальнай сьвядомасьці выданьне, як газэта “Наша ніва”, заўважыла, што ў апошніх прамовах Аляксандра Лукашэнкі тэма аб’яднаньня з Расеяй гучыць неяк квола і зусім не зьяўляецца цэнтральнаю. Якія ж тэмы стануць галоўнымі падчас перадвыбарчай кампаніі?
На пытаньне, якія праблемы найбольш хвалююць менчукоў, адказвае намесьнік дырэктара Менскага інстытуту сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў прафэсар Анатоль Рубанаў.
(Рубанаў: ) “Хвалююць іх перш за ўсё высокія цэны і нізкія заробкі, гэта тое, што хвалюе зараз абсалютную большасьць людзей і ў Беларусі, і (як я мяркую) на ўсёй постсавецкай прасторы. Занепакоенасьць гэтымі дзвюма прабламамі істотна пераважае ўсё астатняе. Высокія цэны і нізкія заробкі хвалююць ад 60% да 70% апытаных. Беспрацоў’е хвалюе 11% менчукоў, своечасовая выплата заробкаў – каля 10%. Што тычыцца праблемы захаваньня правоў чалавека, то гэта непакоіць ад 20% да 30% менчукоў. Калі казаць пра пэўныя сацыяльныя групы, то правы чалавека ў большай ступені хвалююць нашую моладзь і прадпрымальнікаў. 35-37% жыхароў сталіцы адзначаюць, што іх непакоіць карупцыя, але падаецца , што зараз для грамадзкай сьвядомасьці гэтая праблема часткова страціла актуальнасьць”.
Гаварыў сацыёляг Анатоль Рубанаў.
Такім чынам нават для жыхароў сталіцы, па вызначэньні найбольш палітызаваных, эканамічныя праблемы паводле свайго значэньня пераважаюць усе астатнія. Аднак ані ў Беларусі, ані ў Расеі, ані на Ўкраіне за апошнія 10 гадоў самі па сабе эканамічныя праблемы не былі вузлавымі тэмамі перадвыбарчых спрэчак. Тое, што жыцьцё – ня мёд, усе разумеюць і прызнаюць, гэта – слабое месца ўладнага кандыдата, які напярэдадні выбараў спрабуе абрынуць на выбаршчыкаў вал падачак, які спыняецца адразу ж пасьля выбараў. Але ні ў воднай з трох краінаў падчас выбараў не было канкурэнцыі праграмаў эканамічных пераўтварэньняў, эканамічных поглядаў. Пра тэматыку трох прэзыдэнцкіх кампаніяў на Ўкраіне нагадвае супрацоўнік кіеўскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў і канфлікталёгіі Аляксей Талпыга.
(Талпыга: ) “Размова ішла пра выбар заходняй ці ўсходняй арыентацыі, арыентавацца нам на Эўропу ці на Расею, эканамічныя пытаньні былі хутчэй “дымавай заслонай”. Людзі вызначаліся на эмацыйным узроўні: мы будзем сябраваць з Захадам ці з Расеяй. Эканамічныя прапановы падчас выбараў зьвязваліся з вызначэньнем паводле гэтага галоўнага пытаньня: ці неабходна нам разьвіваць эканамічныя стасункі з Расеяй, ці наадворот – быць падалей ад Расеі і сябраваць з Захадам. На Ўкраіне тое ж самае, што і ў Беларусі. Паводле сацыялягічных апытаньняў, людзей найбольш хвалюе цяжкое матэрыяльнае становішча, заробак, рост злачыннасьці. Але падчас выбараў гэтыя пытаньні не зьяўляюцца галоўнымі. Ніхто ж з кандыдатаў не выступае за тое, каб павялічыць злачыннасьць ці зьменшыць заробак. Усе кандыдаты па гэтых пытаньнях гавораць прыкладна адное і тое ж, асабліва падчас выбараў. А вось арыентацыя на Ўсход ці на Захад – у гэтых пытаньнях кандыдаты адрозьніваюцца, так прынамсі мяркуюць выбаршчыкі”.
Гаварыў украінскі палітоляг Аляксей Талпыга.
Падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША кароткія, на ўзроўні лёзунгу, улёткі ў падтрымку кандыдатаў гучалі так: “Буш – менш ураду”. Менш ураду, значыць, менш падаткаў, больш эканамічнай свабоды, але і менш клопату дзяржавы пра тых, хто жыве кепска.
Камусьці гэта падабалася, камусьці не, але падзяляла амэрыканскіх выбаршчыкаў менавіта стаўленьне да дзьвюх альтэрнатыўных эканамічных стратэгіяў, якія ўвасаблялі Буш і Гор.
А пра што, прыгадаем, вяліся дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі Лукашэнкам і Кебічам у 1994 годзе? Лукашэнка абяцаў: “Запушчу заводы”. “Як?” – пытаў Кебіч. “Я ведаю як,” – адказваў “народны кандыдат”. Здавалася, што адказ на гэтае пытаньне толькі Вячаслава Кебіча і цікавіў. Але нельга сказаць, што тагачасная перадвыбарчая кампанія была проста конкурсам прыгажосьці. Ня будзе ім і прэзыдэнцкая кампанія сёлета...
(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)