Напярэдаднi 8-га сакавiка, мiжнароднага дня працоўных кабетаў, я спытаўся ў знаёмага дасьледчыка архiваў Беларускай Народнай Рэспублiкi, як пачынальнiкi нашай незалежнай дзяржаўнасьцi ставiлiся да гэтага сьвята. Нiчога такога пра жаночыя праблемы не сустракаў, -- адказаў дасьледчык. -- Хутчэй за ўсё, такiх праблемаў для iх проста не iснавала.
Згадваючы агульную цярпiмасьць i салiдарызм першых бээнэраўцаў, я думаю, што iхнае стаўленьне магло быць толькi станоўчым. Нават без улiку таго, што пераважалi ў БНР
сацыялiсты. Аднак непасрэдных доказаў у нас няма. Гэта значыць, што не знаходзiцца жаночы дзень у несавецкiм беларускiм кантэксьце. Пры тым, што адзначае яго ўся
постсавецкая Беларусь.
Мiж iншым, мне прыгадалася, як гады тры таму адна мая знаёмая пакрыўдзiлася на свайго мужа за тое, што той не павiншаваў яе з 8-м сакавiка i не падараваў кветак з iдэйных меркаваньняў, якiя яна сама, дарэчы, падзяляла. Якраз тады праблема адмаўленьня ад сацыялiстычных каштоўнасьцяў i савецкiх сьвятаў стаяла на парадку дня. Мiжнародны жаночы дзень, калi прыгадаць ягонае паходжаньне, трапляў у катэгорыю менавiта гэтых
каштоўнасьцяў. Але ахвяраваць букецiкам кветак i параю ласкавых словаў нават самыя антысацыялiстычныя кабеты не лiчылi патрэбным. У нейкi пераломны год сьлёзы крыўды
растапiлi iдэйна скамянелыя мужчынскiя сэрцы i сьвята засталося. Ставiць яго пад сумнеў сёньня можна хiба толькi для таго, каб выклiкаць новую крыўду паплечнiц.
Падобна, што прычына гэтае крыўды i гэтых сьлёз -- у самой жаночай прыродзе нашых кабетаў. Гэта штосьцi зусiм iншае, чым фэмiнiстычны пратэст, якi б вылiўся ў пратаколы сходаў, у канфэрэнцыi з нагоды пацьверджаньня жаночага дня насуперак адмаўляльнiкам, у якой-небудзь дэманстрацыi пустых рандэлкаў, звон якiх, шчыра кажучы, не выклiкае даверу. Гэтак супольнае адмаўленьне сацыялiстычнага сьвята мiжволi разводзiць у супрацьлеглыя бакi два нiбыта блiзкiя паняцьцi -- жаноцкасьць i фэмiнiзм.
Апошнi -- зьява ў беларушчыне ня тое, што не разгледжаная, але й неназваная. Хоць парасткаў фэмiнiзму ў нашым культурным кантэксьце колькi заўгодна. Як на маю думку, гэтае
дэкляраваньне жаночых правоў з жаноцкасьцю нiчога агульнага ня мае, таму што выяўляецца паводле чыста мужчынскiх шаблёнаў. Жанчына i мужчына -- розныя, i iх адрознасьць нельга
разглядаць як няроўнасьць, чым збольшага i займаюцца фэмiнiсткi. Параўноўваць або прыраўноўваць жанчыну да мужчыны -- такое ж глупства, як i наадварот. Уяўляю, каб кабеты не павiншавалi мяне, былога афiцэра савецкага войска, 23-га лютага, i я ў знак крыўды пусьцiў скупую мужчынскую сьлязу. Мнавiта такой недарэчнасьцю ўяўляецца мне змагар за роўнасьць палоў -- фэмiнiзм.
Сёньня мы паспрабуем гэтую зьяву калi не акрэсьлiць, дык хаця б назваць. I пачнем, як кажуць, з гiсторыi пытаньня. Экскурс у паходжаньне фэмiнiзму падрыхтаваў Сяргей Харэўскi.
(Сяргей Харэўскі: ) "Нават ня гледзячы ў каляндар, яшчэ са школы я адчуваў наблiжэньне жаночага сьвята. Па-першае, у маёй школе, з гэтак званым мастацкiм "ухiлам", куды я восем гадоў запар хадзiў цераз плошчу "Восьмага сакавiка", вучням давалася абавязковае заданьне намаляваць партрэт мамы. Сярод кветак на партрэтах чамусьцi заўсёды фiгуравала мiмоза. I дасёньня я ня ўцямiў, чаму менавiта гэтая бляклая, нiбы зацярушаная пылам кветачка
аўстралiйскае акацыi трывала ўвайшла ў савецкi побыт. Як на маю думку, дык больш надаюцца "коцiкi" -- пяшчотныя пупышкi вярбы, што вылазяць лiтаральна на вачах.
Але аднаго разу я ўсё ж вызначыўся без усялякiх там кветачак -- намаляваў жанчынаў розных народаў у карагодзе, за што атрымаў "пяцёрку". Атрымалася, што з палiтычнай пiльнасьцю ў
мяне было выдатна. Настаўнiкi й не дазналiся, што мой малюнак быў групавым партрэтам маiх аднаклясьнiц. Самiх жа аднаклясьнiц займалi ў той час сур'ёзныя праблемы -- хто галаўнейшы, жанчыны цi мужчыны. Чамусьцi такiя дыспуты пачыналiся акурат перад "восьмым". Недзе клясе ў сёмай дэбаты дзяўчынак з хлопцамi нечакана набылi тэалягiчны ўхiл. Савецкiя
школьнiцы "прыгадалi", што Ева была створаная ў раi, а Адам -- не. Але ж мужчына быў першым, -- не здавалiся хлапчукi. Дзяўчаты зьедлiва кпiлi, што ўсе мы робiм эскiзы перад
сур'ёзным творам i паказвалi языкi. Зазвычай нейкi жартаўнiк знаходзiўся i казыраў дарослым жартам, што, маўляў, жанчына створаная наўмысна з рабрыны -- адзiнай косткi, у якой няма
мозгу. Тады ўжо па клясе лёталi папера, гумкi, плястылiн i ўсё астатняе, чым можна кiнуць у апанэнта...
Працягваць мастацкую адукацыю хоць бы бяз кроплi тэалёгii немагчыма. Таму з праблемамi дачыненьня i прызначэньня плоцi даводзiцца сутыкацца мiжволi, разьбiраючы гiсторыю культуры.
Цi ня першае сьведчаньне пра фэмiнiзм -- гiсторыя Сьвятога Гiлярыя. Аднаго разу да яго прыйшла жанчына i папрасiла ўваскрасiць яе сына. Спуджаны Сьвяты Гiляры спачатку
аджагнаўся ад жанчыны i... пусьцiўся ўжо быў на ўцёкi... Але бедная жанчына крыкнула яму ў сьпiну: "Цi забыўся ты пра тое, што менавiта з жанчыны быў народжаны Хрыстос-Бог?" Зьбянтэжаны Гiляры змушаны быў вярнуцца i, натуральна, ажывiць нябожчыка, сына тае жанчыны... Выходзiла, што i самотная жанчына мае тыя ж правы на зьдзяйсьненье цудаў, што i мужчына. Эмансыпацыя па-гатычнаму.
Праўда, прыклады баявога сярэднявечнага фэмiнiзму можна сустрэць i ў кронiках, што апiсваюць праўдзiвыя здарэньнi. Адна зь iх данесла да нас масавыя пратэсты францускiх жанчын 13 стагодзьдзя супраць iнтэрпрэтацыяў ксяндзамi ролi жонкi Пiлата. Паводле тамтэйшых ксяндзоў, красамоўны прыклад грахоўнасьцi жанчынаў -- гэта заступнiцтва Пiлатавай жонкi за Хрыста. Яна, маўляў, угаворвала мужа быць лiтасьцiвым i адпусьцiць цара Юдэi, а значыць, ледзь не сарвала цудоўны акт выкупленьня грахоў чалавечых. Вось гэтак праз жаночую няцямнасьць Хрыста маглi б i не расьпяць... Абураныя жанчыны ўсчалi лямант. "Годзе нiкбiць наш пол!" -- гэтыя словы зафiксаваў францускi летапiсец.
Найноўшая гiсторыя пазбавiла дачыненьнi жанчынаў i мужчынаў таямнiчасьцi. Сучасны фэмiнiзм склаўся ў калёнiях, дзе белыя жанчыны не маглi дараваць сваiм мужчынам таго, што iхныя правы мала розьняцца ад правоў абарыгенаў i чорных рабоў. У сваiм жаданьнi адштурхнуцца ад "каляровых" яны зайшлi далёка -- аж да права ўдзельнiчаць у палiтыцы i вырашаць лёс прадстаўнiкоў iншых расаў. Цiкава, што, у адрозьненьне ад царкоўных
тэарэтыкаў, жаночыя праблемы выпалi з поля зроку бацькоў камунiзму. Маркс, сам узорны i "клясычны" бацька, наогул не займаўся тымi праблемамi, пладзiў дзяцей ды езьдзiў у госьцi
да Энгельса. Энгельс у сваёй клясычнай "Пра паходжаньне сям'i..." рашуча адстойваў манагамiю, што нядзiўна ў 64 гады. Ленiн таксама не ўдаваўся ў гэтыя "сьлiзкiя" тэмы, хоць зрабiў для "мiлых дам" усё, што мог -- першы ў сьвеце легалiзаваў аборты ў лiстападзе 1920 году i жаночую вайсковую службу. Калi Цэткiн у 1934-м кiнула клiч разьдзяленьня сэксуальнага i эканамiчнага жыцьця разам з вызваленьнем з-пад уцiску мужчынаў, яе рыторыка супала з гiтлераўскай. Праўда, да легалiзацыi спаронаў у фашыстоўскай Нямеччыне справа не дайшла...
Назiраючы сёньняшнi фэмiнiзм, сымбалем якога стаў дзень 8 сакавiка, я мiжволi прыгадваю дзiцячыя спрэчкi сваiх аднаклясьнiкаў. Пакуль дзяўчынкi спрачалiся з хлопчыкамi, нiхто нiчога не ствараў, як зрэшты нiшто з гэтых спрэчак не магло стаць падставаю для твора. Няўжо можна ўсур'ёз успрыняць гэтак званы "жаночы тэатр", заснаваны ў Ню Ёрку ў 1970 годзе пад назваю "Гэта нiчога, што ты жанчына". Прыдумаць жаночы рух (негрыцянскi, студэнцкi) маглi, вядома, толькi сур'ёзныя белыя мужчыны на тое, каб iм нiхто не замiнаў рабiць свае справы. Хоць вядома, я i сёньня павiншую сваiх жанчынаў. Яны гэтага чакаюць".
(Сяргей Дубавец: ) Гэта быў Сяргей Харэўскi з замалёўкай пра гiсторыю фэмiнiзму. Цяпер самы час перайсьцi да праяваў гэтага зьявiшча ў беларускай традыцыi.
Наогул фэмiнiзм у беларускай культурнай традыцыi да апошняга часу складаўся хутчэй з выключэньняў. Пры тым вонкавым прэсiнгу, якому падпадала краiна, нацыя i нацыянальная iдэя, нашыя людзi зазвычай разыходзiлiся зь якiх заўгодна прычынаў, але не з-за розьнiцы плоцi. Гэта было правiла, якое сёньняшнiм фэмiнiстычным арганiзацыям дае мала шанцаў на пераемнасьць. Тым ня менш, калi ўжо зайшла гаворка пра выключэньнi...
Першы прыклад, што прыходзiць у галаву -- фрагмэнт з успамiнаў Паўлiны Мядзёлкi пра тое, як яна пакiнула свайго мужа Тамаша Грыба з iдэйных меркаваньняў. Пакiнула ў буржуазных краёх, а сама падалася ў савецкую Беларусь. Гэта быў 1925 год.
"Доўгi час я лiчыла, што праца на нiве культуры можа быць незалежнай ад палiтыкi, ад партыяў. "Хай iншыя вядуць палiтыку, а я буду займацца чыста культурнай працай", -- так
мне думалася. I як жа я памылялася! Хiба наш беларускi тэатар вольным будзе ад палiтыкi, калi iм будуць кiраваць такiя "дзеячы", як вернiкоўскiя i алексюкi, альбо калi народная асьвета будзе ў iх руках?
Шмат я перадумала ў гэты час, шмат чаму навучылася i назаўсёды захаваю ў душы сьветлую памяць аб тых, хто закiнуў мне ў душу зерне сьветлай праўды. I гэта здаровае зерне паволi
прарастала, перамагаючы ўплывы блiзкiх мне асоб, прарастала з болем i пакутай, руйнуючы былыя аўтарытэты, пакуль, нарэшце, я зусiм ня вызвалiлася i не парвала зь некалi блiзкiмi мне
людзьмi, у тым лiку i з мужам. I адбылося гэта толькi праз чатыры гады цяжкога ўнутранага змаганьня, цаной разьбiтага асабiстага шчасьця ў сямейным жыцьцi".
Гэты прыклад, здаецца, усё ж выпадае зь беларускага кантэксту, бо нiчога падобнага ня згадваецца. Згадваецца сцэна з расейскага фiльму пра кiнамэханiка Сталiна, дзе жонка
зьвяртаецца да мужа: Ваня, а ты каго больш любiш, мяне цi Сталiна? Адказ: Вядома, Сталiна. А я цябе, Ваня, -- са скрухаю кажа жонка.
Ёсьць, праўда, меркаваньне, што ўспамiны Паўлiны Мядзёлкi, якiя выйшлi ў савецкiм выдавецтве ў 74-м годзе, выпраўленыя i дапiсаныя чужой рукою.
У маiм архiве захаваўся здымак, на якiм Паўлiна Мядзёлка прыхiлiла галаву на плячо Ларысы Генiюш. Абедзьве жанчыны ўжо прайшлi пекла рэпрэсiяў i прынiжэньня. Роўна ў адваротнай да пакутаў прапорцыi ў абедзьвюх у вачах паболела дабрынi i спагады. Ларыса Генiюш -- прыклад стаiцызму беларускай кабеты, што паўстае супраць усяго нялюдзкага i чужога. У
характарыстыках паэткi, якiмi надзяляе яе крытыка, найчасьцей сустракаецца слова мужнасьць. Але я не магу ўявiць яе сярод актывiстак якога-небудзь жаночага руху, якi змагаецца за правы полу. Што ж такое тады фэмiнiзм, калi не жаночая мужнасьць?
Прызнацца, чытаючы газэтныя паведамленьнi пра дзейнасьць сучасных жаночых арганiзацыяў, я так i ня ўцямiў, чым яны займаюцца. Бароняць правы жанчын? Але, на маю думку, найвялiкшы сэнс гэтых правоў у тым, каб падзялiць долю мужчыны. Спачуваюць мацеркам-адзiночкам? Дзiўна было б уявiць сабе арганiзацыю па абароне правоў кiнутых мужчынаў. Мiж iншым, у Расеi iснуе цэлая шоў-iндустрыя для пакiнутых цi так i не прыдбаных нявестаў. Але ў нас нiчога такога не разьвiлося.
Наогул, самiты, паседжаньнi i дэманстрацыi -- па-мойму, зусiм ня месца для дэманстрацыi плоцi. Не жаночая гэта справа. Гэтаксама як i не мужчынская.
Полавы падзел -- аўтэнтычны i сакральны -- прысутнiчае ў беларускай традыцыйнай абраднасьцi, дзе мы знаходзiм надзвычайныя паводле зьместу i сiлы сьведчаньнi. Той жа
купальскi паход жанчынаў у лес -- на пошукi шчасьлiвае кветкi-папарацi. "Доля мая доля," -- гукаюць па-над начной пушчай дзявочыя галасы. Або зборкi за кудзеляю, вячоркi зь
песьняю, або жаночыя карагоды ў розныя каляндарныя сьвяты. Тут жанчыны выступаюць заўсёды як зьберагальнiцы найвышэйшага сэнсу iснаваньня нацыi, яе мовы, песень, гiстарычных традыцыяў. Нядаўна адно такое сьведчаньне я вычытаў у беларускага этнографа Мiхася Раманюка. Гутарка iдзе пра абрад ушаванаваньня крынiцы i крыжа пры ёй:
"Даводзiлася прысутнiчаць на маленьнi, якое адбывалася на Макаўе 14 жнiўня 1991 году.
За дзень да сьвята прыходзiлi да крынiцы мужчыны й жанчыны прыбiраць тэрыторыю. Выкашвалi траву, падмяталi сьмецьце, пасыпалi пясочкам дарожку. Назаўтра, прыкладна а 10-й гадзiне ранiцы пачалi зьбiрацца жачныны для маленьня й асьвячэньня дароў прыроды, якiя прыносiлi з сабою. Слова "асьвячэньне" ўмоўнае, бо кожная жанчына ахвяравала ўвiтаму крыжу, ставiла на лаўку, да купы свае зямныя прысмакi i адыходзiла ў гурт для правядзеньня зноў жа ўмоўнае лiтургii. Запальвалiся i сьвечкi пад час лiтургii. Адна жанчына, якая мела сьвятую кнiгу, чытала малiтвы, гуртам сьпявалi рэлiгiйныя песьнi. Пасьля заканчэньня лiтургii адна з жанчынаў чэрпала з крынiцы ваду й апырскiвала ёю садавiну й гароднiну. Пасьля гэтага
выстрайвалася ля крынiцы чарга, у якую станавiлiся ня толькi тыя, хто прымаў непасрэдны ўдзел у маленьнi, але перш за ўсё дзецi й маладзiцы, якiя прыехалi з гораду да бацькоў i стаялi
воддаль. Лiчаныя дзяўчынкi стаялi ў малельным гурце, аснову якога скаладалi жанчыны. Дзiўна, але мужчыны цалкам адсутнiчалi ў маленьнi. Праўда, казалi, i сапраўды так было,
асобныя зь iх у гэты самы момант малiлiся ў сваёй хаце, перад чырвоным кутом. Зачарпнуўшы крынiчнай вады, кожны ўдзельнiк урачыстасьцi стараўся ўдосталь напiцца, абмыць твар, апыскаць сябе i сваiх дзетак. Гэта адзiн з кульмiнацыйных момантаў
сьвяткаваньня, самы вясёлы, жывы й маляўнiчы. Прыйшоўшы дахаты, паiлi крынiчнай вадою жывёлу.
Пасьля частаваньня й абмываньня на траве расьцiлалi белыя абрусы. На iх пераносiлi частку асьвечанай ежы. Пачыналася частаваньне -- "абед", галоўнымi ўдзельнiкамi якога былi дзецi. Усеўшыся па краёх, яны смакавалi моркву, яблыкi, грушы, цукеркi, печыва. За частаваньнем расказвалi дзецям легенды й паданьнi, зьвязаныя з крынiцамi й аброчнымi крыжамi".
Мiжволi падумалася, што ў старой беларускай традыцыi не адно жаночае сьвята на год, а цэлы каляндар такiх сьвятаў, настолькi розных паводле значнасьцi, маштабу i характару, што яны ўрэшце зьлiваюцца ў цэлы жаночы год, напоўнены сэнсамi, знакамi й дзействам. Ня раз даводзiлася бачыць, як пры знаёмстве са старым абрадам загараюцца вочы сучасьнiц.
Падзел на мужчынаў i жанчынаў у нашай традыцыi вiдавочны. Але ён не антаганiстычны i не фэмiнiстычны. Гэта якраз той абрадавы падзел, якi, на жаль, не выжывае ў "iнтэрнацыянальных" формах жаночага руху, што заносяцца сёньня ў Беларусь. Жанчына-зьберагальнiца ў iх ператвараецца ў яшчэ аднаго сямейнага недалыгу-мужычка, якi шукае сваiх маленькiх радасьцяў "на старане" ад сям'i.
Мне згадваецца нядаўняя сустрэча з адной сямейнай кабетай, самаiранiчнай беларускай фэмiнiсткай, якая па гэтай лiнii ўжо аб'езьдзiла паўсьвету. Ну i дзе ж ты сёньня была? -- спытаўся я ў яе. -- Ой, ведаеш, была на адным фэмiнiсцкiм зборышчы з выпiўкай i закускай.
Пры ўсiм жаданьнi нiчога падобнага ў здаровай або нармальнай беларускай традыцыi мы ня знойдзем. Як ня знойдзем там i мiжнароднага жаночага дня 8-га сакавiка.