Многія краіны былога “сацыялістычнага лягеру” больш не адзначаюць 8 сакавіка, бо лічаць гэты дзень камуністычным сьвятам. Там аддаюць перавагу іншым жаночым сьвятам — напрыклад, Дню Маці. Дарэчы, гэтае сьвята зьявілася і ў Беларусі, але яшчэ ня мае такой папулярнасьці, як у сьвеце.
У Беларусі 8 сакавіка адзначаюць па савецкай завядзёнцы. Кіраўнікі дзяржавы вітаюць у гэты дзень так званую жаночую супольнасьць (якую прадстаўляюць збольшага прадстаўніцы намэнклятуры), а найбольш карысьці з усяго маюць крамы ды гандляры кветкамі.
Якая ж сутнасьць гэтага жаночага сьвята? Сваё меркаваньне выказвае прэзыдэнт Міжнароднага жаночага фонду сьвятой Эўфрасіньні Полацкай Валянціна Коўтун:
(Коўтун: ) "Роза Люксэмбург гэтае сьвята ўвяла паводле хрысьціянскай даты — у календары напярэдадні гэтага дня было ўсячэньне галавы Яна Хрысьціцеля. Паводле меркаваньняў Розы Люксэмбург, тое сьведчыла пра перамогу жанчыны над мужчынам, хаця мне здаецца, што гэта зусім ня так.
А з другога боку, сама вясна — гэта жаночы пачатак, магутны пачатак. І канечне ж, усё ж жанчын трэба віншаваць. Але цяпер вялікі пост. Можа нам дадзеная вясна й для таго, каб прыгадаць, што вясна — гэта і аднаўленьне духу нашага".
Паводле Валянціны Коўтун, больш натуральным для Беларусі было б адзначаць жаночае сьвята 5 чэрвеня — гэта дзень сьвятой Эўфрасіньні Полацкай.
Што да міжнароднага досьведу, дык старшыня Жаночага незалежнага дэмакратычнага руху Людміла Пеціна распавяла, што на Захадзе ў гэты дзень жанчыны падымаюць найвастрэйшыя пытаньні ды ладзяць розныя акцыі.
(Пеціна: ) "Гэтая дата вядомая і ў сьвеце. Амаль нідзе не адзначаюць гэты дзень як выходны, як дзень віншаваньняў жанчын. Жанчыны міжнароднай супольнасьці менавіта ў гэты дзень прыцягваюць увагу да праблем жанчын.
Па-першае, гэта вялізарная хатняя праца, якую робяць збольшага жанчыны, і праца гэтая не аплочваецца. Мы атрымалі сёлета шмат лістоў, якія заклікалі нас таксама падтрымаць міжнародны жаночы страйк 8 сакавіка — жанчыны ў гэты дзень адмаўляюцца рабіць усе хатнія справы".
Людміла Пеціна мяркуе, што гэтае сьвята трэба напоўніць новым зьместам.
(Пеціна: ) "Трэба гаварыць пра ролю жанчыны, бачыць яе ня толькі як сэксуальны, прывабны аб’ект. Практычна, усё тыя ж стэрэатыпы — прыгожая, прывабная, маці, жонка… Гэтыя ролі замацоўваюць за жанчынамі.
Усе мужчыны-палітыкі любяць прызнавацца ў сваёй любові да жанчын, але, калі йдзе справа пра ўладу, мужчыны тут заўсёды разглядаюць жанчын як канкурэнтак ды стаўленьне тады даволі жорсткае. Нашай краіне ўласьцівыя традыцыйныя патрыярхальныя ўстаноўкі — гэта ўлада з пазыцыі сілы…"
Паводле Людмілы Пецінай, жанчыны мусяць мець права таксама кантраляваць рэсурсы краіны ды ўдзельнічаць у распрацоўцы стратэгіі разьвіцьця грамадзтва.