Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ РАСЕІ СЬЦЬВЯРДЖАЕ, ШТО ДА ВЫБАРАЎ У САЮЗНЫ ПАРЛЯМЭНТ НЕ ГАТОВЫ БЕЛАРУСКІ БОК


Віктар Дзятліковіч, Масква.


Аляксандар Вішнякоў цалкам выключыў магчымасьць правядзеньня саюзных выбараў менавіта ў гэтым годзе. Як вядома, з адпаведнай прапановай выступіў днямі спікер Дзярждумы Генадзь Селязнёў.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, спадар Вішнякоў зазначыў – цытую – «Для таго, каб правесьці любыя выбары, патрэбны закон, а менавіта закону пра выбары саюзнага парлямэнту зараз не існуе».

Сапраўды, Дзяржаўная Дума Расеі разгледзела закон аб выбарах саюзнага парлямэнту толькі у першым чытаньні. Прычым адбылося гэта яшчэ ў мінулым годзе, і да другога чытаньня праект так і не падрыхтаваны. А беларускі бок і ўвогуле яшчэ не разглядаў адпаведнага праекту.

Паводле Аляксандра Вішнякова, менавіта гэтая інэртнасьць беларускага боку уплывае на тэрміны магчымых выбараў. Кіраўнік цэнтрвыбаркаму заявіў – цытую – «Я разумею беларускі бок так – пакуль канчаткова не сфармаваная палата прадстаўнікоў, пакуль не абраны прэзыдэнт, беларускія улады не жадаюць абіраць нейкія наддзяржаўныя структуры».

У той жа час прадстаўнік фракцыі “Яблоко” Вячаслаў Ігруноў у інтэрвію Радыё Свабода выказаў думку, што ў найхутчэйшых выбарах пярлямэнту не зацікауленыя абодва бакі. Паводле Ігрунова, – цытую – “Калі размова перайшла ад інтэграцыйных дэклярацыяў да рэальных дзеяньняў, і беларускі і расескі бакі ўбачылі шмат нэгатыўных наступстваў для сябе” – канец цытаты. Перш за усё, адзначыў спадар Ігруноў, размова йдзе аб нежаданьні саступаць нейкаму саюзнаму парлямэнту ўладныя паўнамоцтвы. И менавіта таму з боку выканаўчай улады Расеі можна назіраць мяккі сабатаж любых інтэграцыйных праектаў, - зазначыў дэпутат.

Спадар Ігруноў лічыць, што выбараў у саюзны парлямэнт ня варта чакаць як мінімум да восені наступнага году. Аляксандар Вішнякоў назваў іншы, але таксама ня вельмі блізкі тэрмін – вясна 2001 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG