Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ ПРАЙШЛІ ПІКЕТЫ Ў АБАРОНУ ЖУКАЎЦА Й ВОЎКА


Альгерд Невяроўскі, Менск

12 прадстаўнікоў аргкамітэту "Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы" пікетавалі сёньня ў Варшаве Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі, амбасаду Злучаных Штатаў Амэрыкі й сядзібу Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.

Сябры аргкамітэту трымалі ў руках плякаты з надпісамі "На загад Лукашэнкі ў Беларусі зьніклі Ганчар, Захаранка, Красоўскі й Завадзкі, а ў Польшчы пасадзілі ў турму Жукаўца і Воўка".

Беларускія ўлады абвінавачваюць Андрэя Жукаўца й Леаніда Воўка ў фінансавых злачынствах і дамагаюцца ад Польшчы іхнай выдачы.

Самі бізнэсоўцы й іхныя сябры сьцьвярджаюць, што іх перасьледуюць з палітычных матываў, бо ў Беларусі яны актыўна падтрымлівалі апазыцыю.

Удзельнік сёньняшняга пікету й сакратар аргкамітэту "Зьвяз беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы" Віктар Нагнібяда паведаміў нам з Варшавы:

(Нагнібяда: ) "Мы дамагаемся, каб беларускіх палітычных уцекачоў не выдавалі назад у Беларусь. Польшча ў справе экстрадыцыі карыстаецца дамовай аб прававой дапамозе, якая была падпісаная ў 1994-м годзе, яшчэ пры Шушкевічы яе рыхтавалі. Зараз дэ-факта яна страціла сваю легітымнасьць, таму што Беларусь яшчэ была дэмакратычнай краінай. І ў гэтай дамове ўвогуле няма паняцьця "палітычны ўцякач".

Прадстаўнікі аргкамітэту выступілі днямі з адмысловай заявай, якая кажа, што вельмі верагодна, што Андрэя Жукаўца могуць выдаць беларускім уладам.

Гэтак, прадстаўнікі акруговай пракуратуры ў Беластоку сьцьвярджаюць, што ў справе Жукаўца яны будуць карыстацца выключна польска-беларускім "Пагадненьнем аб прававой дапамозе", а не "Эўрапейскай канвэнцыяй аб экстрадыцыі" 1997 году, паводле якой чалавека нельга выдаць краіне, дзе яго перасьледуюць з палітычных матываў.

Днямі прадстаўнікі беластоцкай пракуратуры выступілі з прапановай працягнуць яшчэ на тры месяцы тэрмін знаходжаньня сп.Жукаўца ў экстрадыцыйнай турме, каб беларускія праваахоўчыя органы пасьпелі сабраць і прадаставіць пераканаўчыя доказы ягонай віны. Суд будзе разглядаць гэтае хадайніцтва пазаўтра.

На знак пратэсту супраць такіх паводзінаў пракуратуры Андрэй Жукавец пачаў галадоўку. Беларускія палітычныя ўцекачы ў Польшчы лічаць, што супрацоўнікі беластоцкай пракуратуры яшчэ з камуністычнага часу маюць прыязныя дачыненьні зь беларускімі калегамі — таму й ня супраць выдаць Жукаўца Беларусі.

Сёньня сваю падтрымку пікетоўшчыкам выказалі амбасадар ЗША ў Польшчы, а таксама старшыня Польскага Гельсынскага камітэту Марэк Навіцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG