Ян Віэрсма адзначыў, што гэта ўжо чацьверты візыт Парлямэнцкай "тройкі" ў Беларусь. Падчас візыту працягваўся дыялёг з усімі бакамі беларускага грамадзтва. Беларусь рухаецца да дэмакратыі марудна, і гэта непакоіць Эўропу.
Непакоіць прадстаўнікоў "тройкі" й тое, што гэтым разам у Менску іх чамусьці асабліва папракаюць у неаб'ектыўнасьці. Кіраўнік ПА АБСЭ Адрыян Севярын адкінуў абвінавачаньні ў падвойных стандартах.
(Севярын: ) "Мы хочам дапамагаць усім, хто хоча прайсьці цяжкім шляхам дэмакратыі. Мы не бярэм ні таго, ні другога боку. Мы не ўжываем падвойных стандартаў. Я тлумачыў вельмі ясна, што мы маем толькі адзін міжнародны набор стандартаў".
Спадар Севярын падкрэсьліў, што ў выніковай заяве "тройкі" невыпадкова адзначаецца гатовасьць дапамагаць усім бакам, незалежна ад таго, ці гэта апазыцыя ці афіцыйныя ўлады.
На выніковай прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі "тройкі" патлумачылі, што не хацелі б, каб іх разглядалі як нейкіх кантралёраў. Тэры Дэйвіс, старшыня Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, адзначыў:
(Дэйвіс: ) "Я й мае калегі прыяжджаюць у Беларусь не як нейкія інспэктары, што вымяраюць ступень прагрэсу. Ды й чым яго можна вымяраць?
Я сьнедаў гэтым разам са спадаром Кудзінавым, а мінулы раз, калі я быў у Беларусі, ён сядзеў у турме. Але ж у зьняволеньні яшчэ застаюцца іншыя людзі. Я спадзяюся, што іх выпусьцяць таксама. Пра сытуацыю ў Беларусі мы будзем размаўляць на жнівеньскай сэсіі ПА Рады Эўропы".
Некаторыя журналісты афіцыйных мэдыяў дапытваліся ў прадстаўнікоў "тройкі" пра станоўчыя зьмены: маўляў, няўжо з кастрычніка ў Беларусі нічога не зьмянілася да лепшага; няўжо палата прадстаўнікоў 2-га скліканьня ня лепшая за палату 1-га скліканьня?
Прыйшлося спадару Севярыну тлумачыць розьніцу паміж паняцьцем "ёсьць зьмены" і паняцьцем "ёсьць падставы для перагляду рашэньня".
(Севярын: ) "Наша "тройка" мела вельмі важны візыт сюды ў вельмі адказны момант, падчас апошніх парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку 2000 году. Тады мы зрабілі вельмі важную палітычную заяву. Мы зараз прыехалі, каб паглядзець, ці можна зьмяніць гэтае рашэньне. Але цяпер падставаў для зьменаў няма", — адзначыў прэзыдэнт ПА АБСЭ.
У выніковай заяве "тройка" падкрэсьлівае, што вядомыя крытэры прызнаньня дэмакратычнымі выбараў у парлямэнт застануцца нязьменнымі й падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Свабодны й дэмакратычны характар абраньня кіраўніка беларускай дзяржавы мог бы спыніць ізаляцыю Беларусі на міжнароднай арэне.
Наступны візыт “тройкі” ў Беларусь заплянаваны на чэрвень.