Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬНАЯ СТУДЫЯ


Валянціна Аксак, Леанід Галубовіч, Менск



(Аксак: ) "Сёньняшняя праграма прысьвечаная агляду лістоў, якія мы атрымалі ў адказ на наш заклік дасылаць вершы на свабоду.

Я б хацела пачаць зь ліста менскае школьніцы Лілі Зьнічкі. Вось што яна нам напісала:

"Калі я даведалася пра акцыю "Верш на свабоду", то захацела ўзяць у ёй удзел. Я паслухала на вашых хвалях вершы знакамітых паэтаў і зразумела, што, можа, мае вершы вы й не прызнаеце вартымі. Аднак вельмі ўдзячная вам за такую акцыю, бо яна можа даць нашай моладзі шмат чаго карыснага", — напісала нам менская школьніца Ліля Зьнічка.

Вы не памыліліся, спадарыня Ліля. Нас вельмі цешыць, што моладзь актыўна адгукнулася на наш заклік пісаць вершы на свабоду. І многія зь іх вы ўжо чулі.

Гэта вершы Інэсы Кур'ян, Арцёма Кавалеўскага, Вальжыны Морт, Ксені Брэчкі, Альгерда Бахарэвіча, Ільлі Сіна, Вольгі Гапеевай, Віктара Жыбуля, Зьмітра Вішнёва, Анатоля Брусэвіча і многіх іншых маладых паэтаў. Яны нас вельмі парадавалі. Таму што моладзь вычувае свабоду так, як бы нам хацелася, каб вычуваліся ўсе мы ў ХХІ-м стагодзьдзі.

Мы вельмі ўдзячныя ўсім нашым слухачом, якія даслалі нам свае вершы. Гэта Віталь Макарчык з Наваградку, Язэп зь Вільні, Сяржук Цюшкевіч і Сьвятлана Купіч зь Менску, таксама мянчук Цыркуноў Анатоль, Мікола Слонімскі з Полацку, Мікола Арочка са Слонімскага раёну, Эдуард Таболін са Смалявічаў, Ігар Лосік зь Менску, Анатоль Іончанкаў з Наваполацку, Маісеенка Генадзь зь Менску, Васіль Барболін зь Берасьця, Юры Гіль зь Вільні, Дулуб Аляксандар з Калінкавічаў, Навумік Міхась з Маладэчна, Рыгор Спасюк, Паддубны Іван зь Мядзельшчыны, Ільля Капыл зь Менску, Коцур Натальля з Пружанаў, Ганна Сьцепулёнак з Койданава, Дземідовіч Надзея з Калодзішчаў".

(Галубовіч: ) "Пра Надзею Дземідовіч з Калодзішчаў можна трохі паразважаць, калі дазволіце, спадарыня Валянціна. Мы атрымалі ліст у сувязі з тым, што ў адной зь перадачаў прагучаў толькі ўрывак з даволі задоўжанага верша Надзеі Дземідовіч.

Тут варта зазначыць, што апошнім часам у нас узьнікла здаровая літаратурная канкурэнцыя за права агучыць свой верш на свабоду. І гэта нас радуе, але іншым разам узьнікаюць недарэчнасьці, як з гэтым калектыўным лістом.

Вось што пішуць таварышы, якія абараняюць творчы гонар Надзеі Дземідовіч з Калодзішчаў:

"Мы, былыя ахвяры бальшавіцкага генацыду, абураныя вашай перадачай у нядзелю 4 лютага 2001 году і зьвяртаемся да вас зь лістом.

Усё перавярнула ў душы перадача "Аб свабодзе, на свабоду", калі прагучалі чамусьці толькі два слупка зь верша Надзеі Дземідовіч, які даслалі вам. Стала жахліва. Мы ведаем гэтую жанчыну.

Усё сваё жыцьцё яна ня толькі чакала свабоды, але й змагалася за яе, як магла. За гэта ёй давялося зьведаць неймаверныя пакуты. І таму толькі Надзея Дземідовіч, як ніхто іншы, можа выказаць у вершы свае мары, роздум на працягу дзесяцігодзьдзяў пра свабоду".

Падпісаліся пад лістом Тарасэвіч, Юршэвіч, Табола, Фурс, Бялевіч.

Што ж, безумоўна, мы павінны разумець і вельмі шанаваць тых людзей, што па кроплі абуджалі ў нас прагу й да волі, і да свабоды".

(Аксак: ) "Дарэчы, у той самай праграме прагучаў таксама ня цалкам, а толькі ўрывак зь верша другога нашага слухача — Міколы Хамчука зь Менску. І мы таксама атрымалі ад яго водгук на гэтую цытату".

(Галубовіч: ) "Вось што піша нам Мікола Хамчук, таксама былы малалетні вязень: "Учора, 4 лютага, пачуў у вашай перадачы радкі з маіх вершаў. Дзякуй вам за тое, што вы ёсьць. Раней я выпісваў беларускія газэты "ЛіМ", "Наша слова", Народную газету", пасьля — "Народную волю", "Свабоду".

Цяпер такой магчымасьці ня маю, дзякуючы змаганьню за дабрабыт народу ўсім вядомага дзеяча. Адно вакенца да свабоднага слова, да праўдзівай інфармацыі — вашыя перадачы. Пакуль, канечне, працуе мой старэнькі прыймач "Расея-303".

Даслаў вам свае вершы, хоць ня ведаю іхнай вартасьці", — піша нам Мікола Хамчук зь Менску.

Дарэчы, нам пішуць ня толькі зь Беларусі, але і з замежжа. Вось, напрыклад, спадар Цімашэнка зь Львова напісаў:

"Я даўні слухач вашай праграмы. Шмат карыснага яна зрабіла для беларусаў, што апынуліся за межамі Бацькаўшчыны. Вашыя праграмы — амаль што адзіная крыніца інфармацыі, якой хочацца верыць. Добрым пачынам рэдакцыі ў мінулым годзе была праграма "Галасы стагодзьдзя", а зараз падабаецца "Верш на свабоду".

Вось радкі з дасланага нам спадаром Цімашэнкам верша:

Як мае вясковыя жывуць?
Ці не анямела мая Прыпяць?
Так і хочацца вады напіцца,
Лугавымі травамі дыхнуць,
Ды на сэрцы моташная муць.
Што з таго, што бачыў шмат краін?!
Толькі родны кут застаўся мілым,
Толькі ён, дзе родныя магілы,
Хоць і горкі ад Айчыны дым,
Але лёгка дыхаць ветрам тым…"

(Аксак: ) "Многія нашыя слухачы даслалі ўжо не адзін, а па некалькі сваіх вершаў на свабоду. У ліку такіх актыўных аўтараў — Уладзіслаў Жыгалка. Слухайце адзін зь ягоных вершаў.

Скарыстаць я вырашыў нагоду —
Напісаў санэт вам на "Свабоду",
Тую, што мы слухаем штодзень,
Не зважаючы на "прыліпалаў" цень,
Што да ёй туляюцца заўжды,
Нашу заглушаючы "Свабоду".
Але ім яе не заглушыць!
Прагу слухаць ў нас — не астудзіць,
Бо ні Бі-Бі-Сі, ні Ві-Оў-Эй,
Дойчэ вэльле, Ар-Сі-Ай, Бі-Эй,
А тым больш вядомы ўсім "Маяк"
Нас не задавольваюць ніяк!
Ў іх няма праграм на нашай мове,
Што ў "Свабоды" шмат напагатове!.."

(Галубовіч: ) "Дарэчы, я хачу тут зазначыць, што перад тым, як прыйсьці сёньня на запіс гэтае праграмы я перачытаў трохтамовую анталёгію беларускае паэзіі. І на жаль, не знайшоў вершаў на свабоду ў беларускіх паэтаў, якія пісалі за савецкім часам. І гэта засмучае…

Але вось страфа нашага маладэчанскага аўтара Сержука Лебядзеўскага, на якога мы ўскладаем свой літаратурны спадзеў.

Не адзін я буду, хлопцы,
хто Радзіму не прадасьць,
хто за лёс яе шчасьлівы
і жыцьцё сваё аддасьць…

Верш на свабоду, шаноўныя слухачы, не павінен ператварыцца ў танны палітычны лямант, альбо ў пустую лёзунгавую дэклямацыю. Гэта павінен быць лірычны водгук на сёньняшні беларускі час і быць самім дыханьнем гэтага часу…

Гэта — перагук ці па-вайсковаму кажучы, пераклічка байцоў за адраджэньне Айчыны... Нас — многа. І гэта дадае аптымізму перад галоўным беларускім выбарам новага тысячагодзьдзя: новых свабодных вершаў ці працягу ўсё той жа бязвольнай прозы жыцьця.

Па дарозе сюды я нечакана сустрэў свайго знаёмага — карэспандэнта газэты "Наша свабода" Алеся Дубравіна. Ён сказаў, што таксама напісаў для нас верш, праўда, яшчэ не зусім завершыў.

Дачуўшыся пра агляд пошты вершаў на свабоду, ён папрасіў мяне сказаць вам, каб менш пісалі вершаў пра нашу беларускую нудоту. Бо свабода — гэта радасьць адвольнага палёту. Што ж, Валянціна, мабыць трэба пагадзіцца з гэтым азначэньнем і трэба яго прыняць да ўвагі як нам, так і нашым аўтарам".

(Аксак: ) "Я далучаюся да гэтага пажаданьня нам і нашым аўтарам. А напрыканцы праграмы запрашаю ў нашу менскую студыю нашу юную слухачку і аўтарку дасланага верша — Лілю Зьнічку.

Спадарыня Ліля не падала свайго дакладнага адрасу. А верш, насуперак ейным перасьцярогам, варты таго, каб яна сама яго прачытала ў нашай штодзённай праграме "Верш на Свабоду".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG