Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ ДЭЛЕГАЦЫІ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ “ТРОЙКІ” СУСТРЭЛІСЯ З ПРАДСТАЎНІКАМІ АПАЗЫЦЫІ


Уладзімер Глод, Менск

Найбольш удзельнікаў было ў гутарцы тройкі зь лідэрамі Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў, да якіх далучыліся яшчэ й сябры прэзыдыюму Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

Ян Віэрсма з Эўрапарлямэнту, які вёў сустрэчу, адразу папрасіў суразмоўцаў абмежавацца адной тэмай — як правесьці прэзыдэнцкія выбары гэтак, каб іхныя вынікі прызналі за легітымныя.

Беларускія палітыкі пагадзіліся, што час для пэўных зьменаў яшчэ ёсьць, але яго ўжо мала. Вось як казаў пра сытуацыю старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Што можна рабіць? Дамагацца рэальнай свабоды мас-мэдыяў сёньня, а ня заўтра. Дамагацца ад Расеі прынамсі зычлівага нэўтралітэту ў пытаньнях пераходу Беларусі да дэмакратыі — ізноў жа сёньня, а ня заўтра. Дамагацца зьменаў у заканадаўстве датычным прэзыдэнцкіх выбараў, якія змогуць больш-менш дэмакратызаваць нашу сытуацыю.

Рэжым павінен атрымаць гранічна яснае пасланьне ад эўрапейскіх структураў, зь якога будзе вынікаць, пры якіх умовах прэзыдэнцкія выбары будуць прызнаныя эўрапейскай супольнасьцю".

А Ўладзімер Нісьцюк назваў галоўнай перашкодай для справядлівых выбараў страх, які беларускі рэжым культывуе ў грамадзтве цягам апошніх сямі гадоў. Дэпутат нават клясыфікаваў яго як боязь Захаду, расейскіх дэмакратаў і беларускай апазыцыі — паводле Лукашэнкі, яны разам служаць Захаду. Ды яшчэ боязь самой улады.

Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Генадзь Цярэня папрасіў тройку дапамагчы зьмяніць дзьве, на ягоную думку, надзвычай важныя рэчы.

(Цярэня: ) "Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету зьвярнуўся з просьбай, каб міжнародная супольнасьць паскорыла экспэртызу закону аб выбарах прэзыдэнта Беларусі.

Таксама асаблівую ўвагу трэба надаць паўнамоцтвам Цэнтравыбаркаму, рашэньні якога на практыцы ў нас зьяўляюцца канчатковымі і якія ў нас ня можа адмяніць ні Вярхоўны суд, ні апратэставаць Генэральная пракуратура".

Старшыня палітычнага камітэту ПА Рады Эўропы Тэры Дэйвіс, адказваючы на пытаньні, зазначыў, што рэакцыя міжнародных структураў будзе адпаведнай парушэньням, якія ўзьнікнуць падчас выбараў.

Калі, напрыклад, будзе зафіксавана, што нейкага прэтэндэнта не зарэгістравалі бяз важкай прычыны, рэакцыя будзе надзвычай вострай. І наадварот, нельга бараніць таго кандыдата, які сам зрабіў памылкі пры рэгістрацыі, хаця ён можа быць і праціўнікам Лукашэнкі, адзначыў Тэры Дэйвіс.

Сёньня тройка сустракалася са старшынём Цэнтравыбаркаму, кіраўніцтвам Міністэрства замежных справаў, праваабаронцамі, прадстаўнікамі прафсаюзаў і жаночых арганізацыяў, кіраўніцтвам Цэнтральнай каардынацыйнай рады па назіраньні за выбарамі.

І ўсюды замежныя суразмоўцы падкрэсьлівалі — прызнаньне альбо непрызнаньне вынікаў выбараў будзе залежаць толькі ад жаданьня беларускіх уладаў правесьці іх, як таго патрабуюць дэмакратычныя стандарты.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG