Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР КУДЗІНАЎ СТВАРАЕ ПРАВААБАРОНЧУЮ СТРУКТУРУ


Валер Каліноўскі, Менск

Уладзімер Кудзінаў, як выйшаў зь менскай турмы, заявіў, што будзе працягваць палітычную й грамадзкую дзейнасьць, і ў прыватнасьці — падтрымліваць сёлетнія перадвыбарчыя намаганьні апазыцыі ў цэлым і Аб'яднанай грамадзянскай партыі, у якую ён уваходзіць — у прыватнасьці.

Уладзімер Кудзінаў у інтэрвію Свабодзе паведаміў, што цяпер ня думае займацца, як да свайго зьняволеньня, прадпрымальніцтвам, а вырашыў прысьвяціць сябе праваабарончай дзейнасьці.

(Кудзінаў: ) "Сёньня няма сэнсу ствараць нейкую камэрцыйную структуру, бо тады ў любы момант улады змогуць мяне ізноў падставіць, як і ў 1997 годзе.

Лічу, што цяпер я павінен удзельнічаць у грамадзкім жыцьці й займацца праваабарончай дзейнасьцю. Ужо рыхтуюцца дакумэнты на новую арганізацыю, але я не выключаю, што Мінюст паспрабуе зацягнуць ейную рэгістрацыю.

Гэтая арганізацыя будзе абараняць правы чалавека. Я ведаю многа фактаў, як беларускае правасудзьдзе парушае правы грамадзянаў", — зазначыў Уладзімер Кудзінаў, імя якога доўга было ў сьпісах палітзьняволеных.

Цяпер ён сам зьбіраецца дапамагаць тым, каго беспадстаўна карае беларуская праваахоўчая й судовая сыстэмы. Уладзімер Кудзінаў назваў найгалоўнейшы прынцып сваёй будучай дзейнасьці:

(Кудзінаў: ) "Я буду абараняць праўду й толькі праўду".

Зоя Кудзінава за гады змаганьня за мужа таксама зрабілася дасьведчанай праваабаронцай. Але яна пакуль што ня вырашыла, ці падтрымае яна гэтую ініцыятыву Ўладзімера. Зоя кажа, што яна вельмі стамілася за гэты час і жадае спачатку адпачыць ды сабрацца з думкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG