Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЁСЬЦЬ ХВАРОБА ПАКАРАНЬНЕМ ЗА ГРАХІ?


Сяргей Абламейка, Прага

Папа Рымскі Ян Павал ІІ дзевяць год таму ўсталяваў Сусьветны дзень хворых, які адзначаецца ў лютым. Сёлета, калі гэты дзень адзначаўся дзявяты раз, Папа выступіў з адмысловым зваротам, галоўную думку якога можна было б вызначыць так: “Адкрываць у болю поўны любові Божы плян”.

Мы яшчэ вернемся да гэтай думкі Папы Рымскага, а зараз паспрабуем адказаць на пытаньне, якое часта задаюць хворыя вернікі сабе і сьвятарам – чаму Бог дазваляе нам так пакутваць ад хваробаў? Чаму, калі ён такі ўсемагутны, ён ня можа пазбавіць нас ад цярпеньняў, вылечыць усіх і накарміць?

У людзкой сьвядомасьці, асабліва ў сялянскай, хваробы заўсёды асацыяваліся з расплатай за грэх – самога хворага альбо і некага зь яго продкаў. Яшчэ і сёньня ў кожнай беларускай вёсцы вам раскажуць па некалькі прыкладаў такога Боскага “пакараньня” за грахі.

А што думаюць наконт гэтага сьвятары і тэолягі?

Каталіцкі пункт гледжаньня прадстаўляе сёньня менскі ксёндз Ігар Лашук, манах-салезыянін, аўтар абароненай у Рыме дысэртацыі ліцэнзыята тэалёгіі.

(Лашук: ) “Хвароба для кожнага чалавека заўсёды была вялікім вопытам. Паводле вучэньня Каталіцкага касьцёлу, хвароба павінна весьці перш за ўсё да выратаваньня душы чалавека. Хвароба вельмі часта вядзе ня толькі да выратаваньня душы, але і да навяртаньня чалавека да Бога. Хворы чалавек мае перад Богам асаблівае значэньне, бо хвароба дапамагае Касьцёлу весьці людзей да збаўленьня. Хворы чалавек ня толькі збаўляе сябе, але і праз свае цярпеньні збаўляе іншых людзей. Цярпеньне і малітва мелі заўсёды вялікае значэньне і ацэньваюцца царквой як дапамога ў збаўленьні сусьвету. Хрыстос асаблівую ўвагу зьвяртае на хваробы і на хворых людзей, ён заўсёды ім казаў, каб мелі веру. Калі прыпомнім, калі фарызэі спыталіся ў Хрыста, за чые грахі церпіць нейкі чалавек, Ён адказаў, што чалавек той ня церпіць за нейчыя грахі – ён хворы для таго, каб праявілася ў ім Хвала Божая. І вось калі чалавек зразумее, што хвароба – гэта праяўленьне ў ім Хвалы Божай, то гэты чалавек можа разьлічваць на вечнае збаўленьне, і можа таксама разьлічваць на зварот да Бога многіх людзей.

Тут я хацеў бы прыпомніць такі факт. Аднойчы мне давялося спаткацца з чалавекам, які ляжаў у ложку 44 гады. Ён быў параліжаваны цалкам, быў сьляпы і амаль нічога ня чуў. Мог толькі гаварыць. І гэты чалавек, лежачы, пацяшаў мяне, здаровага, і славіў Бога за тое, што Ён да яго такі міласэрны, што ён яшчэ мае магчымасьць аддаць хвалу Богу сваімі вуснамі. І вось стоячы перад тым чалавекам, я яшчэ раз дзівіўся, як можна прыняць з Волі Божай хваробу, і як можна, дзякуючы хваробе, збаўляць столькі людзей! Тут мы бачым, што хвароба прыводзіць людзей да ўзмацненьня ў веры, да збаўленьня ня толькі сябе, але й іншых людзей.

Хваробу нельга прымаць як пакараньне. Была такая старазапаветная тэорыя. Ёсьць людзі, што кажуць, што гэта пакараньне за грахі. Мы ня можам сказаць, што гэта кара за грахі. Мы кажам інакш – неўпарадкаванае ў духовым сэнсе жыцьцё чалавека можа спрычыніцца да хваробы. Але хвароба ня можа быць карай за грахі...”

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG