(Ракіцкі: ) "У кожным вялікім ці малым горадзе ёсьць архітэктурная дамінанта, якую называюць сэрцам гораду. У Эўропе звычайна гэта — плошча старога гораду, ад якой адыходзяць вуліцы, утвараючы разам цэнтар, кірмашова-гандлёвы й культурны.
У Менску, а мы свой горад таксама называем эўрапейскім, інакш. Тут дамінантай зьяўляецца доўгая й шырокая магістраль, да якой дапасаваныя плошчы. А таму ніяк і ня можам выбраць цэнтар.
Праспэкт, які цяпер мае назву імя Францішка Скарыны, па-свойму прыгожы. Падабаецца ён і шмат каму зь менчукоў й зьдзіўяле турыстаў сваёй забудовай. Ён, безумоўна, належыць гісторыі.
Якая ж гістарычная мадэль галоўнае вуліцы беларускае сталіцы?"
(Шыбека: ) "Яна — гістарычны помнік нашае залежнасьці ад Расеі.
Залежнасьці ваеннай у царскі пэрыяд — галоўная вуліца была пракладзеная 200 гадоў таму на ўскрайку гораду адмыслова дзеля маршу расейскіх войскаў з Усходу на Захад.
Залежнасьці духоўна-ідэалягічнае за савецкім часам, калі праспэкт стаў своеасаблівым камуністычным храмам. Будынкі й помнікі — гэта абразы, лёзунгі й плякаты на сьценах будынкаў — гэта малітвы, а маршы й дэманстрацыі — рэлігійныя абрады.
І нарэшце залежнасьці паталягічнае — цяпер, калі праспэкту няма куды расьці. На ўсходзе — Маскоўскія могілкі, на захадзе яго пераразае чыгунка".
(Ракіцкі: ) "Спадар Шыбека, назвы, якія даюць вуліцам, — не выпадковыя. Зь цягам часу яны набываюць характар гістарычны.
Як у назвах галоўнае вуліцы Менску адлюстроўвалася ягоная складаная гісторыя?"
(Шыбека: ) "За назву гэтае галоўнае вуліцы на працягу ўсёй 200-гадовае гісторыі йшла няспынная барацьба паміж рознымі акупантамі, палітычнымі сіламі за ўшанаваньне сваіх герояў і сваіх ідэалаў.
Вуліцу праклалі на ўскрайку гораду ў прадмесьці Новы горад, а расейскі чыноўнік-губэрнатар назваў яе Захар’еўскай у свой гонар. У час францускае акупацыі 1812 году назву гэтым мясьцінам вярнулі — Новы горад.
Пасьля вайны — зноў Захар’еўская. За нямецкай акупацыяй 1918 году — Гаўпштрасса. У час польскае акупацыі з 1919 па 1920 гады — Міцкевіча. З усталяваньнем савецкае ўлады — Савецкая.
У час другой нямецкае акупацыі з 1941 па 1944 гады — зноў Гаўпштрасса. Пасьля вайны ізноў Савецкая. А пазьней, у 1952 годзе, — праспэкт Сталіна. Яшчэ пазьней, з 1961 году — Ленінскі праспэкт. І ўрэшце з 1991 году — праспэкт Францішка Скарыны".
(Ракіцкі: ) "Зь якой мэтай задумвалася й будавалася гэтая вуліца Менску?"
(Шыбека: ) "Гэтай вясной якраз будзе 200 гадоў, як менскі губэрнатар Захары Карнееў разам з сваімі ваеннымі інжынэрамі выйшаў на ўскрай гораду, што называўся Новы горад і трасыраваў там гэтую вуліцу з адной мэтай — каб па ёй маглі безь перашкоды маршаваць расейскія войскі ды каб гэты марш не перашкаджаў менчукам".
(Ракіцкі: ) "Якім чынам яна апынулася сярод гарадзкой забудовы? І чаму яна зьняла дамінацыю старой плошчы Высокага рынку, якая тады была цэнтрам гораду?"
(Шыбека: ) "Шырокая й прасторная вуліца прываблівала гандляроў-прадпрымальнікаў. Тут адкрываліся крамы, майстэрні. Але ўсё роўна дамінацыя старога гораду, Высокага рынку, яшчэ захоўвалася да 1870-х гадоў.
І толькі калі ў Менску перакрыжаваліся дзьве чыгункі й гэтая вуліца пачала зьвязваць два вакзалы, дамінацыя старога гораду зьнікла. Новая прасторная вуліца адхіліла ўбок традыцыйны гістарычны цэнтар і вызначыла для гораду й для нашага краю новы накірунак.
Уся наша культура апынулася нібы на ўзбочыне ад гэтае галоўнае вуліцы…"
(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)