Акцыя актывістаў новага руху "Зубар" рыхтавалася ва ўмовах кансьпірацыі. Але калі сямёра ейных удзельнікаў сабраліся ля будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ды паспрабавалі разгарнуць траснпарант з патрабаваньнем неадкладна знайсьці зьніклых Юр'я Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага, трох зь іх адразу затрымала міліцыя.
Арганізатары акцыі назвалі імя толькі аднаго з затрыманых — Андрэй Пятроў. Рэшта ж актывістаў "Зубра" здолела разгарнуць насупраць вокнаў прэзыдэнцкай адміністрацыі плякаты з партрэтамі зьніклых ды правесьці несанкцыянаваны пікет.
Ва ўлётках, якія раздавалі ўдзельнікі пікету, зазначаецца: "Мы патрабуем актыўнага й выніковага расьсьледаваньня гучных справаў, якія паставілі Беларусь у адзін шэраг з рэжымамі кшталту піначэтаўскага".
Актывісты “Зубра” зьвяртаюцца да ранейшых кіраўнікоў КГБ і Пракуратуры Ўладзімера Мацкевіча й Алега Бажэлкі з патрабаваньнем абнародаваць інфармацыю па тых справах, якой яны валодаюць.
"Калі заўтра зьнікне яшчэ хтосьці, — зьвяртаюцца актывісты руху "Зубар" да спадароў Мацкевіча й Бажэлкі, — вінаваты ў гэтым будзе ня толькі рэжым Лукашэнкі, але й вы таксама".
Усе ўдзельнікі несанкцыянаванай акцыі "Зубра" — моладзь студэнцкага ўзросту.
Гаворыць адна з актывістак "Зубара", што трымала плякат:
(Удзельніца: ) "Нас шмат — тых, хто супраць гэткай палітыкі ў Беларусі. Мы супраць такіх сродкаў змаганьня — празь ліквідацыю палітычных канкурэнтаў.
Трэба браць рашучыя крокі дзеля росшуку гэтых людзей. Хаця я ўпэўненая, што ўлады ведаюць, дзе гэтыя людзі, якім чынам яны зьніклі й дзе цяпер.
Нядаўна Лукашэнка казаў, што думае больш увагі надзяляць гэтаму й што ён ведае, што здарылася з гэтымі людзьмі. Дык чаму ж ён ня скажа? Трэба каб распачаўся актыўны пошук гэтых людзей", — паведаміла актывістка незарэгістраванага руху "Зубар", якая назвала сябе Дар'яй Радкевіч.
Яна адмовілася казаць, колькі сяброў у гэтым руху, якая ягоная структура й пляны. Зазначыла толькі, што рух "Зубар" ня мае сваіх адмысловых лідэраў.
Новая акцыя пратэсту "Зубра" прызначаная на заўтра. Паводле словаў Дар'і Радкевіч, падставаў для правядзеньня такіх акцыяў у Беларусі вельмі шмат.