Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗАЙЗДРОШЧУ ІРЛЯНДЦАМ І БАСКАМ, ЯКІЯ МАЮЦЬ IRA І ETA…” ДЫ ІНШАЕ


Валянцін Жданко, Менск

У мястэчку Наваельня, што ў Дзятлаўскім раёне на Гарадзеншчыне, ёсьць кола людзей сталага веку, якія часта ўвечары зьбіраюцца разам, каб паслухаць беларускую Свабоду. Даведаліся мы пра гэта зь ліста Аляксандра Давыдзенкі з гэтага мястэчка. Пачутым местачкоўцы часам незадаволеныя. Вось як піша пра гэта спадар Давыдзенка:

“Мне 55 гадоў. Часта ўвечары я і мае равесьнікі, а таксама людзі больш сталыя, зьбіраемся ў сваёй вёсцы і слухаем вас. Але чуем зусім ня тое, пра што хацелі б даведацца.

Чаму ў вас не знаходзіцца спагадлівага слова для людзей нашага пакаленьня? Мы ж трапілі ў пастку, як ніхто іншы: і з укладамі ў Ашчадным банку, і з працай, і цяпер з пэнсіяй. Чаму вы ня станеце на нашу абарону? Чаму ня кажаце, як нам быць, як можна нашаму пакаленьню дапамагчы?

Замест гэтага ў вас адно й тое ж, адна палітыка і адна хлусьня. Вы тут жыць не жылі, а судзіце ўсіх. І гэта адштурхоўвае ад вашай хвалі. Вы ўжо пераўзышлі Гебэльса. Той хацеў паруліць усім сьветам, і вы, панове, таго ж хочаце”, — спыню на гэтым цытаваньне ліста Аляксандра Давыдзенкі з Наваельні Дзятлаўскага раёну.

Магчыма, вам падасца дзіўным, спадар Давыдзенка, але й тады, калі мы распавядаем пра сёньняшнія палітычныя падзеі, і калі агучваем успаміны пра эпоху камуністычнай дыктатуры, і калі зьвяртаем увагу на сытуацыю з правамі чалавека, — мы па сутнасьці адказваем на вашыя пытаньні наконт таго, хто вінаваты ў тым, што адбылося з вашым пакаленьнем, і як вам можна дапамагчы.

Аляксандар Давыдзенка далей піша:

“Мы ў гэтым асяродзьдзі жывем і ўсё бачым, чуем. Жывучы ў калгасе, ведаем яшчэ па маладосьці пана Шарэцкага. Ён, калі працаваў старшынём калгаса, заўзятым камуністам быў. Усё палохаў: “Выганю з партыі, калі ўнёскаў не заплаціце”.

Мы верылі Шарэцкаму, галасавалі за яго. Але ён, на жаль, да нас так і не прыехаў, хоць і абяцаў. Ён спазнаў у партшколе смак даляра, а партыі для яго былі (і адна, і другая) толькі кармушкамі.

А Чыгір, сын якога займаўся цёмнымі справамі, а вы яго выстаўляеце як ахвяру рэжыму?

Чым маліцца на такіх асобаў, як на абраз, лепш дапамаглі б нашаму калгасу імя Заслонава. Вось тады не было б сорамна вам перад людзьмі. І было б вам больш веры. А бруд можна знайсьці ў любой хаце.

Апазыцыя ўсё чакае: вось прыедзе АБСЭ і ўсё вырашыць. Ды навошта, каб у маю хату нехта лез разьбірацца? Вось бы дзе прафсаюзам наладзіць мітынг “Рукі прэч ад Беларусі”. Тады б іх народ падтрымаў. Захад нам ніколі не дапаможа — гэта ведаюць усе. Так проста нас там ніхто не чакае.

А прэзыдэнта мы самі выберам такога, які быў бы дастойны народу. А вы не распускайце плётак і не зьбірайце па сьметніках заразу — яе і так хапае. Лепш распавядзіце, як нам пазбавіцца ад такога жыцьця. А тое, як жывём, мы й самі ведаем, нават болей за вас. Запрашаю ўвесну да нас у калгас, на дапамогу. За абедам вы ўбачыце і пачуеце ад нас усю праўду”, — гэта быў ліст Аляксандра Давыдзенкі з Наваельні.

На маю думку, спадар Давыдзенка, на свае пытаньні вы здольны адказаць толькі сам. Магчыма, толькі сфармуляваць гэтыя пытаньні трэба па-іншаму.

Вось вы настойліва клічаце нас прыехаць падымаць ваш калгас імя Заслонава. А ў вас не ўзьнікала пытаньня, чаму ўся калгасная сыстэма ўвесь час мае патрэбу ў тым, каб яе нехта падымаў, у той час як за нейкую сотню кілямэтраў на захад ад вашай Наваельні польскія фэрмэры нікога ня просяць ні сеяць, ні ўбіраць?

Альбо яшчэ: вы супраць, каб у вашу хату нехта лез з парадамі, як вам жыць і каго выбіраць — самі, маўляў, выбераце дастойнага. А ў вас ніколі не было сумневу: можа, вы жывяце гэтак таму, што гэтак выбіраеце?

Ліст ад Міхаіла Зарэцкага зь Берасьця. Ён піша:

“Вашы перадачы слухаю штодня, хоць рабіць гэта складана з прычыны кепскага прыёму.

Нідзе ў сьвеце народныя абраньнікі ня ставяцца да сваёй нацыі й ейнай мовы гэтак, як у нас. Каб вынішчыць нацыю, паўсюль зьліквідоўваюць беларускія школы, выкладаньне ва ўсіх навучальных установах — толькі па-расейску. Закону аб мовах не выконваюць, пачынаючы зьверху.

А што такое саюзная дзяржава? Гэта новая назва Расейскай імпэрыі, якую хочуць стварыць паводле прынцыпу ўзбуйненьня калгасаў пры камуністычнай уладзе”, — напісаў Міхаіл Зарэцкі зь Берасьця.

Тэма ня новая, спадар Міхаіл, пра гэта мы распавядаем часта й многа. Прычына тут, на маю думку, глыбей, яна ня толькі ў палітыцы ўладаў (хоць і ў ёй, безумоўна, таксама), але і ў нацыянальнай сьвядомасьці самога народу, ягонай гатовасьці да будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы.

Піша Алесь Рысь з Салігорску Менскай вобласьці:

“Я — ваш заўзяты слухач. Пішу з адчаю, які абвалок мяне. Балюча за радзіму, якую мы не зьбераглі для нашчадкаў. Мне сорамна за наш народ, калі толькі можна яго гэтак назваць, бо лепшых — самых разумных, працавітых, шчырых патрыётаў — вынішчылі за апошнія 200 гадоў.

Сёньня тое месіва, што заве сябе народам — авечы статак з сэрвільнай натурай і матэрыялістычным сьветапоглядам. Гэтак званыя “беларусы-адраджэнцы” (ня ўсе, зразумела) размаўляюць на роднай мове толькі ў сядзібе БНФ з ламаным расейскім дыялектам, але, толькі выйшаўшы за парог — імгненна гучыць расейская мова.

Яны з гонарам называюць сябе патрыётамі-беларусамі, што гатовы хоць заўтра на барыкады, але, як толькі да іх падыходзіць некалькі РНЕшнікаў з голенымі галовамі — як адразу тэлефануюць у “Край” па дапамогу.

Я ўжо не кажу, як яны паводзяць сябе ў мянтоўскім пастарунку. Іхная справа — ляпіць налепкі ды пісаць на сьценах, вось і ўвесь іхны нацыянальна-вызвольны рух.

Паслухаўшы Радыё Свабода, можна, ня ведаўшы, падумаць, што ў Беларусі апазыцыя — гэта рух, за якім ідуць мільёны. Але… Вось Малады Фронт — гэта нібыта самая вялікая моладзевая арганізацыя. А на акцыю пратэсту ў Менску ня могуць вывесьці і ста чалавек. Я ўжо не кажу пра рэгіёны.

У Беларусі сапраўдных беларусаў ня больш як 5 % з усяго насельніцтва. Што можа зрабіць такая жменька? Можа, прыйсьці да ўлады? Сьмех ды сорам.

Я зайздрошчу ірляндцам, што ў іх ёсьць ІRА, баскам за ETA, уйгурцам за ShUAR. Я ненавіджу імпэрыі..."

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG