Пра гэта ён абвесьціў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, наладжанай з нагоды нядаўняга затрыманьня ў Гомелі.
Скандал у Гомелі, паводле словаў Сяргея Антончыка, быў першым выпадкам супрацьдзеяньня грамадзкай ініцыятыве "Рабочая самадапамога" з боку ўладаў. Аднак, як заявіў лідэр гэтай ініцыятывы, затрыманьне падчас раздачы гуманітарнай дапамогі не заміне прадстаўнікам арганізацыі яшчэ раз сустрэцца з гомельскімі рабочымі:
(Антончык: ) "Там будзе вельмі магутная сустрэча, 400 чалавек. У нас ёсьць зьвесткі, што людзі масава хочуць прыйсьці на гэтую сустрэчу, таму што ўлада баіцца нейкіх палітычных рэчаў і нават таго, каб адзін аднаму дапамагалі".
Прынцыпы дзейнасьці "Рабочай самадапамогі", паводле словаў Антончыка, узялі з досьведу польскага прафсаюзу "Салідарнасьць". Ягоныя прадстаўнікі, як зазначыў спадар Антончык, усталявалі ў Польшчы палітычны лад, маючы падтрымку з боку рабочых. І такі лад усталяваў рабочы лідэр Валенса.
Паводле зьвестак лідэра "Рабочай самадапамогі", ужо зараз да яго зьвяртаюцца беларускія рабочыя, каб ён вылучыў сваю кандыдатуру на сёлетнія прэзыдэнцкія выбары:
(Антончык: ) "У Гомелі да мяне падышлі рабочыя і сказалі, што калі я вылучу сваю кандыдатуру, то ўсе рабочыя прагаласуюць за мяне. Гэта ж казалі мне і ў Бабруйску. Ды ў іншых гарадох".
(Карэспандэнт: ) "Пры якіх умовах вы дасьцё згоду ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі?"
(Антончык: ) "Я дам згоду толькі тады, калі апазыцыя ня зможа спыніць свайго выбару на сапраўды сур’ёзным кандыдаце, які будзе запатрабаваны большасьцю беларускага грамадзтва.
Лукашэнку можна супрацьстаяць структурамі, якімі ахопленыя ўсе прадпрыемствы. І калі такога кандыдата не знайдуць, калі да мяне зьвернуцца дзясяткі тысяч рабочых, я вылучу сваю кандыдатуру, каб даказаць усім, што беларускія рабочыя могуць адхіліць ад улады людзей, якім месца не ва ўладзе, а ў турмах".