Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПОЛАЦКІМ “ШКЛОВАЛАКНЕ” – КАНФЛІКТ ПАМІЖ АДМІНІСТРАЦЫЯЙ І СВАБОДНЫМ ПРАФСАЮЗАМ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Кампанія пераводу работнікаў на працу па кантракце пачалася ў верасьні летась адразу пасьля візыту на прадпрыемства прэм’ера Ярмошына. Такая форма працы работнікаў зьяўляецца агульнапрынятай у сьвеце і яе можна было б вітаць, калі б падчас яе ўвядзеньня не былі ўжытыя старыя савецкія падыходы. Паводле сьведчаньня старшыні заводзкай суполкі Вольнага прафсаюзу Віктара Стукава пераход на новую форму працы ажыцьцяўляўся аўральным чынам – многія работнікі падпісвалі кантракт пасьля даты яго пачатку, а ў самім тэксьце кантракту відавочна меліся пункты, выцягнутыя зь мінулых панявольных часоў.

У тэксьце, напрыклад, маецца пункт, паводле якога работнікі абавязаныя браць удзел у сельгаспрацах і суботніках. З-за гэтага пункту і ўсчаўся канфлікт паміж адміністрацыяй і Вольным прафсаюзам. Сябры прафсаюзу ўбачылі тут парушэньне сваіх правоў, бо тыя ж амэрыканскія работнікі не бяруць на сябе абавязкі касіць траву ці працаваць на камуністычных суботніках.

Трэба сказаць, што асноўная колькасьць работнікаў аб’яднаньня ня выявіла прынцыповасьці і перайшла на кантрактную форму – пагатоў пасьля таго ім былі падвышаныя заробкі ў сярэднім на 30-50 адсоткаў. У выніку кіраўнікі Вольнага прафсаюзу Віктар Стукаў, Мікола Шарах і Аляксандар Бучынскі, якія кантракту не падпісалі, сёньня атрымліваюць значна меней за сваіх таварышаў па працы.

На свой зварот у адміністрацыю яны атрымалі ляканічны адказ: “Можаце скардзіцца куды хочаце”. Сябры прафсаюзу зьбіраліся было паскардзіцца сваім амэрыканскім калегам – прафсаюзу канцэрну, які падтрымлівае са “Шкловалакном” гандлёвыя сувязі, але вырашылі не рабіць гэтага, каб не ўскладняць эканамічную сытуацыю на прадпрыемстве. Зрэшты, як паведаміў нам спадар Стукаў, сытуацыя гэтая і без таго мусіць пагоршыцца, бо амэрыканскі бок вырашыў зьнізіць аб’ёмы імпарту прадукцыі аб’яднаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG