Ня будзем спрачацца пра словы: рэвалюцыяй ці контрэвалюцыяй называць вынікі апошніх парлямэнцкіх выбараў у Малдове. На іх уладу, прычым усю ўладу, атрымала камуністычная партыя, якая кіравала Малдоўскай ССР на працягу дзесяцігодзьдзяў і 10 гадоў таму была адхіленая ад улады. Зь іншага боку, і іх папярэднікі таксама паходзілі з той жа сыстэмы: і першы прэзыдэнт Малдовы Сьнегур, і другі – Лучынскі ў савецкія часы былі сакратарамі ЦК малдоўскай кампартыі.
Вызначальная прыкмета рэвалюцыі – не прыход новых ці вяртаньне старых людзей, а кардынальная зьмена палітычнай сыстэмы. Пераможцы на выбарах у Малдове маюць намер рабіць менавіта гэта. Калі вынікі галасаваньня сталі вядомыя, кіраўнік кампартыі Ўладзімер Варонін заявіў:
(Варонін: ) ”Удзел выбаршчыкаў і іх голас дазволяць кардынальна зьмяніць сытуацыю, зьмяніць у тым, што ўсе рэформы мусяць мець пачатак і канец. Каб усе хібы, якія былі за 10 гадоў дэмакратычных пераўтварэньняў, былі прыпыненыя, і быў узяты правільны накірунак у разьвіцьці рэспублікі”.
Сказана рашуча і недвухсэнсоўна. Што ж такое “правільны накірунак разьвіцьця” ва ўяўленьні малдоўскіх камуністаў? Гэта – кантроль за цэнамі на харчаваньне, кантроль за імпартам, манаполія на алкаголь і тытунёвыя вырабы, кампэнсацыя банкаўскіх укладаў, страчаных у 1991-1992 гадох. Тэзы знаёмыя, падобныя на абяцаньні ўсіх кампартыяў на абшарах былога СССР і на тэзы, зь якімі ў 1994 годзе ў Беларусі ішоў на прэзыдэнцкія выбары Аляксандар Лукашэнка. З тымі беларускімі выбарамі можна наогул убачыць шмат падабенства: адэпты вяртаньня ў мінулае і ў Беларусі тады, і ў Малдове зараз атрымалі пераканаўчую перамогу на свабодных выбарах. Дарэчы, свабодны і дэмакратычны характар апошніх выбараў у Малдове падкрэсьлілі ўсе міжнародныя наглядальнікі.
Але варта зьвярнуць увагу і на адрозь неньні. Харызматычныя папулісты кшталту Лукашэнкі, калі ідуць да ўлады, ня маюць нейкага ўстойлівага электарату, камуністы ж, наадварот, маюць вельмі вызначанае кола прыхільнікаў. Кола досыць абмежаванае, якое, здавалася б, немагчыма пашырыць. Выбары і ў Расеі, і на Ўкраіне паказалі, што камуністы атрымліваюць сваю чвэрць выбаршчыкаў і гэта іх “электаральная столь”. Чаму ж малдоўскія камуністы здолелі амаль удвая перавысіць гэтую “столь”, атрымаўшы галасы паловы выбаршчыкаў. Гаворыць малдоўскі палітоляг, дырэктар цэнтру разьвіцьця дэмакратыі Ігар Боцан.
(Боцан: ) “На гэтае пытаньне шукаюць адказ і ў Малдове. Дагэтуль за камуністаў у Малдове галасавалі 25-30% – прыкладна столькі ж, колькі ў Расеі і ва Ўкраіне. Эканамічнае становішча настолькі пагоршылася, а ўзровень жыцьця настолькі ўпаў, што ўсе разумелі, што сілам, якія апошнія 10 гадоў кіравалі краінаю, ня будзе чаго сказаць выбаршчыкам. Камуністы згулялі на настальгічных пачуцьцях. Траціна выбаршчыкаў Малдовы – пенсіянэры, якім даводзіцца выжываць на штомесячнаю пэнсію ў 10 даляраў. Звычайна гэта самая актыўная частка выбаршчыкаў, гэта пацьвердзілася і гэтым разам. А вось значная колькасьць моладзі не пайшла на выбары. Частка некамуністычнага электарату таксама праігнаравала выбары, былі нават праціўнікі камуністаў, якія галасавалі за іх паводле матыву: “Паглядзім, на што яны здольныя”. Пра гэтую дзіўную матывацыю сьведчаць сацыялягічныя дасьледаваньні.
Дэмаралізацыі некамуністычнага электарату садзейнічала і барацьба на зьнішчэньне паміж правымі партыямі. Яны выкарыстоўвалі адно супраць аднаго такі кампрамат, ад якога нармальных людзей проста ванітавала. Камуністы выкарыстоўвалі традыцыйныя мэтады агітацыіі – іх людзі хадзілі ад дзьвярэй да дзьвярэй, агітуючы за танныя хлеб і каўбасу і за саюз з багатай Расеяй. Правыя ж рабілі стаўку на дарагія паліттэхналёгіі ў краіне, дзе рэгулярна адключаецца электрычнасьць. Складаючы гэтыя фактары, ня дзіўна, што камуністы выйгралі з такім ашаламляльным вынікам”.
Гаварыў малдоўскі палітоляг Ігар Боцан.
Эканамічнае становішча ў Малдове сапраўды няпростае – сярэдні заробак, прыкладам, складае толькі каля 30 даляраў, але ня толькі яно стала прычынаю “камуністычнага рэваншу”. Іншай ня менш істотнай прычынай была разьяднанасьць правых партыяў, іх нападкі адна на адну, якія раскручвалі вядомую ўжо нам “сьпіраль маўчаньня”, умацоўвалі агульную ўпэўненасьць у перамозе камуністаў, якая і насамрэч ператварылася ў перамогу. Дзеяньне “сьпіралі маўчаньня” праявілася ня толькі ў тым, што значная частка некамуністычнага электарату не пайшла на выбары, паводле словаў сп-ра Боцана, дзеяньне “сьпіралі” прымала і вычварныя формы – антыкамуністы галасавалі за камуністаў.
Пра тое, што цяжкае эканамічнае становішча не было адзіным чыньнікам паразы правых , кажа і былы сьпікер малдоўскага парлямэнту Думітру Д’якаў. Кіраваная ім Дэмакратычная партыя, атрымаўшы каля 5% галасоў, не пераадолела 6%-ы бар’ер і наагул не патрапіла ў парлямэнт”.
(Д’якаў: ) “На жаль, сытуацыя ў Малдове адрозьніваецца ад расейскай і ўкраінскай. У нас ня быў створаны адзіны фронт супраць радыкальных сілаў. Прэзыдэнт краіны Лучынскі ўвесь час “заігрываў” з камуністамі, ён нясе галоўную адказнасьць за тое, што адбылося ў Малдове. Ён на працягу двух гадоў сыстэматычна змагаўся з цэнтрысцкімі партыямі, у тым ліку і з тымі, што яго калісьці падтрымлівалі. Правацэнтрысцкі альянс, які быў створаны ў 1998 годзе, быў разбураны менавіта сп-ром Лучынскім. Прэзыдэнт, выкарыстоўваючы ўсе сродкі, у тым ліку тэлебачаньне і спэцслужбы, два гады змагаўся з парлямэнтам і партыямі цэнтрысцкай арыентацыі. Таму камуністы, што рабілі папулісцкія абяцаньні, атрымалі такую масавую падтрымку ў краіне”.
Гэта быў былы сьпікер парлямэнту Малдовы Думітру Д’якаў.
Раскол сярод правых партыяў спрыяў перамозе камуністаў ня толькі праз дэмаралізацыю некамуністычнага электарату. Правыя партыіі, якія ня здолелі пераадолець 6%-ы бар’ер, разам набралі 28% галасоў, якія фактычна “згарэлі”. У выніку пераразьмеркаваньня мандатаў паміж пераможцамі камуністы, за якіх прагаласавала толькі палова выбаршчыкаў, атрымалі 71 дэпутацкае мейсца са 101.
Акрамя ўзмацненьня дзяржаўнага кантролю над эканомікай малдоўскія камуністы абяцаюць зрабіць расейскую мову другой дзяржаўнай, а таксама далучыць краіну да саюзу Беларусі і Расеі.
Пасьля выбараў Уладзімер Варонін пацьвердзіў, што партыя будзе дамагацца зьдзяйсьненьня гэтых мэтаў. Пры гэтым камуністы прыводзяць даволі прагматычныя матывы: яны спадзяюцца, што ўступленьне ў Саюз здыме мытныя бар’еры і малдоўская, у першую чаргу, сельскагаспадарчая, прадукцыя зможа патрапляць на расейскі рынак. Да таго ж камуністы ўпэўненыя, што далучэньне да беларуска-расейскага саюзу паспрыяе вяртаньню ў Малдову мяцежнага Прыднястроў’я. Наколькі верагодна, што камуністы выканаюць гэтыя абяцаньні, наколькі абгрунтаваныя іх спадзяваньні? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Ігар Боцан.
(Боцан: ) “Камуністы ўжо прызнаюць, што ім цяжка будзе выканаць перадвыбарчыя абяцаньні, паколькі ім у спадчыну дастаецца самая бедная краіна Эўропы. Малдова ў роўнай ступені залежыць як ад Расеі, гэтак і ад міжнародных фінансавых арганізацыяў. Яна вінаватая і Маскве, і МВФ, і таму камуністы разумеюць, што рэзкіх крокаў рабіць нельга. Яны ўскладаюць вялікія надзеі на ўступленьне ў саюз Беларусі і Расеіі. Але, па-першае, Малдову туды ніхто не запрашаў. Сам Варонін прызнаў, што Малдова пакуль толькі стукаецца ў гэтыя дзьверы. Да таго ж паміж Малдоваю і Расеяй знаходзіцца Ўкраіна, якая зараз перажывае палітычны крызыс, і шмат якім палітычным сілам на Ўкраіне можа не спадабацца пэрспэктыва распаўсюджваньня на іх малдоўскіх працэсаў.
Варонін абяцаў вырашыць прыднястроўскую праблему, лідэры Тыраспаля таксама казалі, што, калі Малдова ўвойдзе ў беларуска-расейскі саюз, праблема Прыднястроў’я будзе вырашана вельмі хутка. Але зараз яны цалкам зьмянілі сваю пазыцыю. Шмат хто разумее, што там існуе моцны клян са сваімі эканамічнымі інтарэсамі, якому выгадны цяперашні стан Прыднястроў’я. Камуністы аказаліся ў пэўнай ступені закладнікамі сваіх абяцаньняў і нечаканага посьпеху. Зараз яны шукаюць кантактаў зь іншымі партыямі, яны прапануюць стварыць урад тэхнакратаў. Я ня думаю, што яны пойдуць на рэзкія крокі. Нават Расеі давялося лічыцца з Парыскім клюбам. І я лічу, што калі моцныя сілы ў Расеі паспрабуюць дапамагчы камуністам, невядома, як адрэагуюць на гэта міжнародныя структуры”.
Гаварыў малдоўскі палітоляг Ігар Боцан.
Калідор магчымасьцяў, у якім давядзецца дзейнічаць камуністам, сапраўды даволі вузкі. Паводле падлікаў, плынь кантрабанды праз мяцежнае Прыднястроў’е амаль роўная гадавому бюджэту Малдовы. І падаецца, што, нягледзячы на прасавецкую рыторыку, тамтэйшае кіраўніцтва не жадае страціць гэтае “залатое дно” нават дзеля новай камуністычнай улады ў Малдове.
Гэтак жа абмежаваныя камуністы і ў рэалізацыі сваёй эканамічнай праграмы. Малдова вінная Захаду каля двух мільярдаў даляраў. Міжнародны Валютны Фонд ужо паведаміў новым уладам краіны, што калі яны адмовяцца ад рынкавых рэформаў, супрацоўніцтва Фонду з Кішынёвам будзе спыненае. Для Малдовы адмовіцца ад супрацоўніцтва з Захадам, адмовіцца плаціць даўгі – гэта патрапіць у поўную залежнасьць ад Расеі. Магчыма, гэта і адпавядае плянам Масквы – нездарма калі падчас перадвыбарчай кампаніі Ўладзімер Варонін езьдзіў у Маскву, яго прымалі і Ўладзімер Пуцін, і Міхаіл Касьянаў. Але падаецца, што гэта не зусім адпавядае плянам саміх малдоўскіх камуністаў.
Маючы 70% галасоў у парлямэнце, яны могуць абраць свайго прэзыдэнта краіны, сфармаваць аднапартыйны ўрад і нават мяняць канстытуцыю. Але ўжо зараз яны заявілі, што мяняць канстытуцыю не зьбіраюцца. Адразу ж пасьля выбараў Уладзімер Варонін паведаміў, што камуністы сфармуюць не партыйны ўрад, а ўрад тэхнакратаў, ён прапанаваў стаць прэм’ер-міністрам Думітру Брагішу, які ўзначальваў урад да выбараў, і блёк якога быў галоўным канкурэнтам камуністаў падчас перадвыбарчай кампаніі. Падобныя кампрамісы не ўласьцівыя тым, хто прагне аднаасобнай улады.
Альянс з Брагішам не патрэбны Вароніну з меркаваньняў растаноўкі сілаў у парлямэнце, але патрэбны, каб захаваць добрыя адносіны з Захадам. І можа ня столькі зь ім, колькі з паловай насельніцтва, з маладымі, адукаванымі малдовамоўнымі малдаванамі, якія не галасавалі за камуністаў.
Наш суразмоўца, экс-сьпікер парлямэнту Думітру Д’якаў, у размове з Уладзімерам Вароніным сказаў, што калі той будзе выконваць радыкальныя абяцаньні сваёй партыі, у Малдове можа атрымацца альбанскі вырыянт.
Малдоўскі досьвед – у пэўнай ступені чысты экспэрымэнт. Да ўлады вярнуліся людзі, якія амаль не зьмяніліся за 10 гадоў. Ці здолеюць яны вярнуць мінулае? Шмат хто ў Малдове суцяшае сябе тым, што камуністы, атрымаўшы ўсю паўнату ўлады, у хуткім часе здыскрэдытуюць сябе, і менавіта з прычыны іх аглушальнай перамогі на выбарах расчараваньне ў іх будзе асабліва моцным. Так ужо было ў найноўшай гісторыі Малдовы, калі, прыкладам, пасьля 4-гадовага кіраваньня ў 1998 годзе страціла народную падтрымку Аграрна-дэмакратычная партыя. Але камуністы, як казаў таварышч Сталін, “людзі асобага складу”.
У кастрычніку 1917 году брытанская амбасада ў Расеі перадавала ў Лёндан, што ў Петраградзе адбыліся чарговыя ўзрушэньні і паўстаў новы ўрад на чале з вядомым радыкалам Уладзімерам Ульянавым. “Мяркую, – пісаў амбасадар, – што гэты ўрад праваліцца праз пару месяцаў”.