На прэзэнтацыю чарговай справаздачы аб правох чалавека ў Беларусі прыйшлі праваабаронцы, пацярпелыя ад уціску ўладаў, прадстаўнікі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў.
Супрацоўнікі МЗС і Цэнтарвыбаркаму, якіх таксама запрашалі, сустрэчу праігнаравалі. Справаздачу прадставіў амбасадар ЗША Майкл Козак.
Сп. Козак працаваў у Дзярждэпартамэнце 25 гадоў. Калі рыхтавалася першая такая справаздача на патрабаваньне Кангрэсу Злучаных Штатаў, спачатку аглядалі сытуацыю толькі ў тых краінах, якім выдаткоўвалі дапамогу ЗША.
Кангрэс патрабаваў, каб гэтая дапамога не выкарыстоўвалася там для пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека. Спачатку многія ўрады выказвалі незадаволенасьць крытычнымі заўвагамі, але ўрэшце ім даводзілася рэагаваць і браць захады, каб засьцерагчыся ад падобных абвінавачаньняў. Гаворыць Майкл Козак:
(Козак: ) "Такім чынам, я лічу, што эфэкт гэтых справаздачаў цягам 25 гадоў быў пазытыўным. Тыя краіны, якія адэкватна ўспрымаюць гэтую сыстэму, маюць магчымасьць праверыць, як яны працуюць у гэтай сфэры, ды палепшыць практыку выкананьня правоў чалавека".
Майкл Козак не камэнтаваў самой справаздачы па Беларусі, зазначыўшы, што яна зробленая на падставе крытэраў Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, якую прызнаюць і ЗША, і Рэспубліка Беларусь. У справаздачы няма высноваў, а ёсьць толькі факты, якія гавораць самі за сябе.
Кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі зазначае, што палажэньні справаздачы Дзярждэпартамэнту сугучныя з аглядам ягонай арганізацыі:
(Бяляцкі: ) "Справаздача па Беларусі на 50 старонак, вельмі падрабязна пералічаныя шматлікія сапраўдныя парушэньні правоў чалавека — гэта мусіць быць для ўраду званочкам гэткім, знакам, што трэба зьвярнуць больш увагі на факты й тэндэнцыі з гэтай справаздачы", — зазначыў Алесь Бяляцкі.