Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО СТАІЦЬ ЗА ПАДВЫШЭНЬНЕМ МІНІМАЛЬНАГА ЗАРОБКУ?


Вядзе размову Віталь Цыганкоў.

Сёньня "Экспэртыза "Свабоды" прысьвечаная падвышэньню мінімальнага заробку. Гэтую тэму абмяркоўваюць карэспандэнты Радыё Свабода Віталь Цыганкоў і Ігар Карней, а таксама аглядальнік Валер Карбалевіч.

(Цыганкоў: ) "З 1 сакавіка ў Беларусі паводле пастановы ўраду на 58% падвышаецца ўзровень мінімальнага заробку. Замест 3 600 рублёў цяпер гэтая сума складае 5 700 рублёў.

Варта нагадаць, што апошні раз мінімалка мянялася летась 1 кастрычніка, калі яна вырасла з 2 600 да 3 600 рублёў. Як бачым, гэтым разам падвышэньне больш істотнае.

Сёньня мы абмяркуем эканамічныя ды палітычныя аспэкты новага ўзроўню мінімальнага заробку. Але спачатку нам варта распавесьці, якія катэгорыі насельніцтва закране падвышэньне мінімалкі, хто атрымае гэтыя грошы. Калі ласка, Ігар Карней".

(Карней: ) "Урадавая пастанова наўпрост канкрэтызуе: падвышэньне мінімальнага заробку адбываецца дзеля ўдасканаленьня аплаты працы тых, хто фінансуецца зь бюджэту й карыстаецца дзяржаўнымі датацыямі.

Па падліках, гэта крыху больш 1мільён чалавек ад працаздольнага насельніцтва.

Але адначасна гэта ня тычыцца прыблізна яшчэ мільёну нашых грамадзянаў, не занятых у дзяржаўнай сфэры. Цяперашняе падвышэньне мінімальнага заробку даволі значнае, бо ўрэшце азначае больш як 50%-нае падвышэньне ўласна заробкаў — у залежнасьці ад таго, якія матэрыяльныя стымулы захаваліся на тым ці іншым прадпрыемстве.

Штомесячная даплата да акладаў супрацоўнікаў бюджэтнай сфэры складзе, прыкладам, для найвышэйшага 27 разраду — 90 000 рублёў замест ранейшых 60 000. 1-ы разрад да сваіх 15 000 рублёў атрымае яшчэ 13 000".

(Цыганкоў: ) "Фармальна гэтае падвышэньне тычыцца толькі мільёну бюджэтнікаў, але закране напраўду ўсіх жыхароў Беларусі. Гэта найперш працаўнікі прадпрыемстваў, якіх у нас значна больш за бюджэтнікаў.

Дырэктарам прадпрыемстваў прыйдзеццца таксама падвышаць заробкі, хаця ніякага фармальнага рашэньня на гэты конт няма. Але каб пазьбегнуць узьнікненьня сацыяльнай напружанасьці, каб не было пратэстаў, дырэктарат будзе вымушаны падвысіць заробак і рабочым. Аднак — коштам чаго?

Эфэктыўнасьць вытворчасьці працы немагчыма рэзка ўзьняць нейкім загадам з 1 сакавіка. Гэта значыць, падвышэньне рабочым дадуць коштам павелічэньня цаны на сваю прадукцыю, усё гэта пойдзе ў сабекошт беларускай прадукцыі. А значыць, яна стане яшчэ даражэйшая, яшчэ менш канкурэнтаздольная нават на беларускім рынку, ня кажучы ўжо пра экспарт.

Ужо цяпер мы бачым, як беларускія харчы выцясьняюцца з рынку заходнімі і — найперш — расейскімі прадуктамі. Пасьля чарговага падвышэньня заробку на прадпрыемствах гэты працэс, безумоўна, працягнецца, і гэта стане нябачным наступствам росту мінімалкі".

(Карбалевіч: ) "Сёньня ў Беларусі існуе ранейшая сацыялістычная мадэль, у рамках якой бюджэтнікі атрымліваюць значна менш за работнікаў матэрыяльнай сфэры.

А бюджэтнікі — гэта інтэлігенцыя, інжынэры, настаўнікі, адукацыя, навука, мэдыцына — то бок значная частка людзей, якая рухае навукова-тэхнічную рэвалюцыю. Гэта сытуацыя зусім не нармальная.

Гэта такая ж сытуацыя, калі ў нас была дзяржава рабочых і сялян, а інтэлігенцыя была так званай "праслойкай". І гэтая мадэль сёньня захоўваецца.

Бюджэтнікі атрымліваюць меней за работнікаў матэрыяльнай сфэры — гэта важны чыньнік, які тармазіць эканамічны прагрэс. Дзяржава, якая стварае такую сытуацыю, кіруецца ня нейкімі важнымі нацыянальнымі інтарэсамі, а кіруецца сёньняшнімі задачамі захаваньня ўлады".

(Цыганкоў: ) "Адразу ня кідаецца ў вочы, што рост мінімалкі — акрамя падвышэньня даходаў, гэта яшчэ й падвышэньне выдаткаў. Розныя рэгістрацыйныя выдаткі, штрафы й гэтак далей".

(Карней: ) "Найперш рэальна адчуюць радыкальную зьмену тыя, хто будзе прыцягнуты да адміністрацыйнага пакараньня.

Прыкладам, так званыя "зайцы" ў грамадзкім транспарце. Замест ранейшых 1 800 рублёў за безьбілетны праезд зь сёньняшняга дня — 2 850 рублёў. Цэлы букет непрыемных сюрпрызаў чакае кіроўцаў: самае малое парушэньне правілаў руху у даляравым эквіваленце будзе каштаваць 10$.

Таксама прывязаныя да мінімальнага заробку камунальныя платы. І гэта ўжо найменш прыемна, бо паводле леташняй статыстыкі (а гэта афіцыйныя лічбы) ажно 5 мільёнаў грамадзянаў цягам году мелі хранічныя праблемы з аплатай жытла з прычыны малых заробкаў і нясвоечасовых выплатаў.

Да таго ж, міністар сувязі Ганчарэнка яшчэ некалькі дзён таму даў зразумець, што хутка зьявяцца новыя тарыфы за карыстаньне тэлефонам і асабліва паслугамі Інтэрнэт-правайдэраў.

Зь сёньняшняга дня гэтыя тарыфы зьмянілі. Напярэдадні прыняцьця пастановы адрэагаваў манапаліст мабільнай сувязі, падвысіўшы абанэнцкую плату якраз на памер новага мінімальнага заробку. Трэба чакаць, што гэтым сытуацыя абмяжоўвацца ня будзе".

(Цыганкоў: ) "Такім чынам, мы бачым, што падвышэньне мінімалкі нясе людзям ня толькі рост даходаў, але й рост выдаткаў.

Калі ж гаварыць пра эканоміку ўсёй дзяржавы, то варта адзначыць, што грашовая маса беларускіх рублёў павінна павялічыцца на 50%. Мяркую, улады разумеюць, што робяць. Яны імкнуцца выканаць тое, пра што аб'явіў Лукашэнка: давесьці сярэдні заробак да 100 даляраў на месяц да канца гэтага году.

І тут нельга не задацца пытаньнем — няўжо ўлады спадзяюцца ўтрымаць курс беларускага рубля? Магчыма, яны разьлічваюць на расейскі стабілізацыйны крэдыт, але, паводле некаторых зьвестак, ён якраз ня можа пайсьці на стабілізацыю рубля, а пойдзе на вяртаньне пазыкаў беларускіх прадпрыемстваў.

Напэўна, ва ўлады ёсьць нейкія ўнутраныя рэзэрвы, пра якія мы ня ведаем, грамадзтва ня ведае. Гэта ўсялякія пазабюджэтныя фонды, прэзыдэнцкі фонд і гэтак далей — тое, што ў нас называюць "другім бюджэтам", "чорным", "шэрым" бюджэтам. Мы ня ведаем гэтых сумаў, на што яны йдуць.

Зразумела, зараз улады рыхтуюцца да прэзыдэнцкай кампаніі, але давядзеньне сярэдняга заробку да 100 даляраў — гэта ўжо і ёсьць прэзыдэнцкая кампанія. Так што ня выключана, што гэтыя прыхаваныя сумы пойдуць якраз на выкананьне гэтай задачы.

Нядаўна, дарэчы, Лукашэнка прызнаўся, што грошы на некаторыя "будоўлі стагодьдзя" (напрыклад, Палац рэспублікі, лядовыя палацы) браліся ня толькі зь бюджэту, але і зь іншых крыніцаў фінансаваньня.

Так што зусім не абавязкова, што курс рубля абваліцца адразу пасьля падвышэньня заробку. Прынамсі, сакавік яшчэ ён, відаць, будзе "стаяць". А што далей — залежыць ад таго, наколькі вялікія гэтыя нябачныя фінансавыя рэзэрвы рэжыму".

(Карбалевіч: ) "Відавочна, што ў год прэзыдэнцкіх выбараў усімі дзеяньнямі ўлады кіруе задача падвышэньня рэйтынгу кіраўніка дзяржавы.

Ёсьць такі спэцыфічны тэрмін — "раздача сланоў", калі напярэдадні выбараў улада падвышае заробкі, дае іншыя льготы насельніцтву, каб атрымаць ягоную падтрымку падчас выбараў. Бюджэт пераразьмяркоўваецца гэтак, каб падвысіць заробак.

Прычым заробак плянуецца падвысіць недзе ў ліпені-верасьні. Магчыма, гэта будзе зроблена коштам грашовай эмісіі. А што будзе пасьля выбараў — нашмат меней цікавіць уладу".

(Цыганкоў: ) "…Паводле прынцыпу "пасьля нас — хоць патоп", у гэтым выпадку, патоп фінансавы".

(Карбалевіч: ) "Так. Варта дадаць, што тая частка насельніцтва, якая працуе ў бюджэтнай сфэры — інжынэры, інтэлігенцыя, службоўцы — гэта адукаваная, дасьведчаная, інфармаваная і ўплывовая частка насельніцтва. І зразумела, што ўлада хоча хоча перацягнуць іх на свой бок".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG